24 сакавіка актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) перадалі прадстаўнікам Мінгарвыканкама, Савета міністраў і ніжняй палаты Нацыянальнага сходу запрашэнні ўзяць удзел у святкаванні Дня Волі.

«Мы перадалі ў дзяржорганы нацыянальную сімволіку і газету «Народная воля», у якой гаворыцца пра акцыю 25 сакавіка, — паведаміў сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі. — Далей ўваходу ахова нас не пусціла. Пры гэтым ахоўнікі ў Мінгарвыканкаме спрабавалі сцвярджаць, што бел-чырвона-белы сцяг — гэта не наша сімволіка. Давялося тлумачыць ім, што яна — наша, была дзяржаўнай, што ў Беларусі не адзін сённяшні зялёна-чырвоны афіцыйны сцяг».

Рымашэўскі паведаміў, што на мітынгу з нагоды Дня Волі 25 сакавіка ў Мінску плануецца прыняць рэзалюцыю з патрабаваннем да ўладаў прызнаць гэты дзень нацыянальным святам Беларусі. Бел-чырвона-беламу сцягу павінна быць вернутае «належнае дзяржаўнае месца», падкрэсліў палітык. «На сцяжках, якія мы перадавалі ў дзяржаўныя ведамствы, таксама быў размешчаны герб «Пагоня». Мы прапануем мінскім уладам выкарыстоўваць яго на афіцыйных мерапрыемствах, бо ён унесены ў рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Хай два сцягі — бел-чырвона-белы і зялёна-чырвоны — выкарыстоўваюцца для пачатку на афіцыйным узроўні хаця б разам», — дадаў ён.

Актывісты БХД таксама раздавалі сёння запрашэнні на святкаванне Дня Волі мінчанам на Камароўскім рынку, плошчы Незалежнасці і ў іншых раёнах горада.

Заяўка на правядзенне мітынгу і шэсця з нагоды чарговай гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі была пададзеная ў Мінгарвыканкам 3 сакавіка. Шэсце планавалася ад Акадэміі навук па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы, аднак чыноўнікі змянілі маршрут: яны прапанавалі арганізатарам сабраць людзей каля кінатэатра «Кастрычнік» і прайсці па вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор, дзе дазволена правесці мітынг.

У адказ на гэта арганізатары заявілі, што збяруць людзей у 18.25 на пляцоўцы каля кінатэатра «Кастрычнік», а рашэнне аб маршруце маршу будуць прымаць самі ўдзельнікі. Пры гэтым былы палітвязень Мікалай Статкевіч заявіў, што ў 17.00 наважаны ўскласці кветкі да помніка паэту Янку Купалу ў аднайменным скверы, пасля чаго накіруецца да месца збору ўдзельнікаў святкавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?