У Рэчыцы 24 сакавіка міліцыя затрымала журналіста-фрылансера з Гомеля Кастуся Жукоўскага.

Як паведаміў Жукоўскі, ён праводзіў вулічнае апытанне ля Дома побыту ў цэнтры Рэчыцы. «Каля Дома побыту размешчана, прычым ужо даўно, выказванне Кастуся Каліноўскага «Не народ для ўрада, а ўрад для народа». Я прасіў мясцовых жыхароў выказаць іх меркаванне: ці згодныя яны з гэтымі словамі. Але прыйшла міліцыя і без тлумачэння прычын прапанавала мне прайсці ў РАУС», — адзначыў Жукоўскі.

Фрылансер звярнуў увагу, што міліцыянты не назваліся, не патлумачылі сутнасць прэтэнзій да яго, і паводзілі сябе, паводле яго слоў, «нахабна, як крымінальныя элементы».

Жукоўскі неаднаразова затрымліваўся міліцыяй і прыцягваўся судамі да адміністрацыйнай адказнасці за прафесійную дзейнасць. Яму ставяцца ў віну правапарушэнні, прадугледжаныя артыкулам 22.9 КоАП, — незаконны выраб прадукцыі СМІ. Фрылансера абвінавачваюць у тым, што ён без акрэдытацыі працуе карэспандэнтам замежнага СМІ — спадарожнікавага тэлеканала «Белсат». Жукоўскі адмаўляе, што знаходзіцца ў працоўных адносінах з тэлеканалам, і прызнае, што сапраўды здымае відэа аб вострых сацыяльных праблемах, але размяшчае яго ў сваім блогу, на Youtube і на іншых інтэрнэт-старонках. Пры гэтым ён адзначае, што гэтае відэа можа выкарыстоўваць любы ахвотны.

У 2015-2016 гадах Кастусь Жукоўскі па рашэннях розных судоў Гомельскай вобласці аштрафаваны больш як на 70 мільёнаў рублёў. Ужо з пачатку 2016 года яго неаднаразова прыцягвалі да адказнасці за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» раённыя суды ў Карме, Мазыры, Калінкавічах, Буда-Кашалёве, Жлобіне і Гомелі.

17 сакавіка суд Мазырскага раёна зноў прызнаў фрылансера вінаватым па артыкуле 22.9 КаАП і пакараў штрафам у 7,35 млн руб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?