AFP

Былы лідар баснійскіх сербаў Радаван Караджыч прысуджаны да 40 гадоў турмы за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя падчас баснійскай вайны 1992-1995 гадоў. Прысуд вынес Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі.

Караджыч, у прыватнасці, прызнаны вінаватым у генацыдзе ў Срэбраніцы — невялікім баснійскім горадзе, дзе ў ліпені 1995 годабылі забітыя ад сямі да васьмі тысяч баснійскіх мусульман.

Па выніках разбору суд усклаў на Караджыча адказнасць за забойства, захоп закладнікаў і прымусовае перасяленне жыхароў Босніі і Герцагавіны. У прыватнасці, яго прызналі вінаватым па эпізодзе з аблогай горада Сараева, за час якой загінулі тысячы чалавек.

Усяго абвінаваўчы прысуд быў вынесены па 10 эпізодах з 11. Караджыча апраўдалі толькі па абвінавачванні ў генацыдзе жыхароў сямі баснійскіх населеных пунктаў у 1992 годзе.

***

Радаван Караджыч ў 1992—1996 гадах займаў пасаду прэзідэнта Рэспублікі Сербскай — дзяржаўнага ўтварэння на тэрыторыі Босніі і Герцагавіны. У 1995 годзе Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі прад'явіў яму абвінавачанне ў ваенных злачынствах. Караджыч быў вымушаны скласці паўнамоцтвы, пасля чаго ён схаваўся ад следства.

Арыштаваць Караджыча ўдалося ў 2008 годзе. Высветлілася, што пасля адстаўкі ён жыў у Бялградзе з іншым імем. Караджыча экстрадавалі ў Гаагу, дзе ў 2009 годзе пачаўся судовы працэс па яго справе.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?