«Сёння ў 12.20 мы звязваліся з кіраўніцтвам Ігналінскай АЭС (Літва), і яно запэўніла, што ніякіх пазаштатных сітуацый, радыяцыйных выкідаў не было», — паведаміў БелаПАН прэс‑сакратар МНС Віталь Навіцкі.
Паводле яго слоў, «у МНС патэлефанавалі некалькі бацькоў школьнікаў, якіх сёння раніцай адпусцілі з заняткаў з прычыны нібыта радыяцыйнага выкіду на Ігналінскай АЭС». «Кожны красавік узнікаюць нейкія чуткі аб павышэнні радыяцыйнага фону ў Беларусі, але калі б штосьці і адбылося, утаіць гэта сёння немагчыма», — зазначыў прэс‑сакратар.
Ён паведаміў, што МНС знаходзіцца ў пастаянным кантакце з Рэспубліканскім цэнтрам радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя. «Паводле іх інфармацыі, ніякіх змен у радыяцыйным фоне не назіраецца», — паведаміў В.Навіцкі.
Даведка БелаПАН. Ігналінская АЭС павінна быць закрыта да 2009 года. На ёй устаноўлены водаграфітавыя ядзерныя рэактары РМБК‑1500 канальнага тыпу на цеплавых нейтронах. Цеплавая магутнасць аднаго блока — 4.800 МВт, энергетычная — 1.500 МВт. Першы энергаблок функцыяваў у 1984—2004 гадах і быў выведзены з эксплуатацыі пасля далучэння Літвы да ЕС. Другі энергаблок быў запушчаны ў 1987 годзе, цяпер яго магутнасць — 1,36 ГВт. Да 2009 года рэактар павінен быць заглушаны.