На днях масквічка Ірына ў сацсетках апісала непрыемную сітуацыю, у якую патрапіла яна, муж і іх дзіця на трасе Р99 на тэрыторыі Слонімскага раёна. Сям'я вярталася на Toyota Prius з Чэхіі, масквічы перасеклі мяжу, і неўзабаве адно кола іх машыны лопнула. Яны сталі тэлефанаваць па нумарах аператыўных службаў, на просьбы дапамагчы адгукнуліся на лініі «102». Тое, што адбывалася далей, уразіла жанчыну. Прыводзім поўны тэкст паста Ірыны.

«Вылезлі з машыны і ўбачылі, што адно з колаў на вобадзе, — піша жанчына. — Муж пакапаўся ў багажніку і сказаў, што няма ключа, каб памяняць кола на запасное, і наогул за бортам страшэнная халадэча. Тэлефаную ў службу «112». Там мне кажуць, што з коламі — гэта не да іх. Тэлефаную ў «102» (аналаг нашай паліцыі). Тлумачу, што стаю недалёка ад горада Слонім на трасе і што мне патрэбна тэхдапамога або хаця б эвакуатар. Мяне выслухалі і сказалі чакаць. Чакаем. Настрой паганы».

«За рулём была я, — удакладніла Ірына ў гутарцы з карэспандэнтам Onliner.by. — Мая Toyota Prius звычайна не ламаецца, але колы — рэч непрадказальная. Прызнацца, мы чакалі спецыялізаваную дапамогу, рыхтавалі грошы. У нас звычайна прыязджае пікап, набіты інструментамі. Часам спецыялісту ўдаецца ліквідаваць праблему на месцы, часам ён бярэ аўто на буксір. Натуральна, паслуга гэтая платная. Я набрала «102», бо не ведала, як датэлефанавацца да профільнай тэхдапамогі. І ўжо дакладна не чакала, што прыедзе машына ДАІ».

«Праз 10—15 хвілін побач з намі спынілася машына ДПС, з яе вылез малады сімпатычны супрацоўнік. Ён прыехаў нас ратаваць! На пытанне, як гэта ён так хутка прымчаўся, ён адказаў, што вось якраз абедаў (!!!), калі паступіў мой выклік, таму і змог адразу прыбыць. Актыўна ўзяўся за справу. Ключ у яго машыне не падышоў да нашых колаў па памеры. Тады ён пакапаўся ў нашым багажніку і вывудзіў з яго наш уласны ключ, які не трапіўся на вочы мужу. Спрытна адкруціў кола, муж дапамагаў».

«На Toyota езджу менавіта я, таму муж не ведаў, дзе знаходзіцца ключ і ці ёсць ён наогул, — удакладніла нам Ірына. — Я не здагадвалася пра яго існаванне. Звычайна ключ знаходзіцца побач з дакаткай, але ў нашым выпадку ён ляжаў асобна, таму і ўзнікла такая блытаніна».

«Аднак кола «прыварылася» і здымацца не пажадала, — апісвае жанчына развіццё сітуацыі ў пасце. — Наш выратавальнік спытаў, ці няма ў нас кувалды. У нас яе не было. Тады паліцэйскі спыніў малакавоз, якія праязджаў побач (зразумела, што ён спыніўся, бо яго тармазіў супрацоўнік ДПС), і папрасіў кувалду ў кіроўцы. Кіроўца малакавоза рыссю падбег да нас, трымаючы ў руцэ вялізную кувалду. Ні секунды не задумваючыся, дзюбнуў па коле, яно павалілася, і малакавозца той жа жвавай рыссю пабег назад у свой грузавік.

Замяніць «загінулае» кола на нашу дакатку было ўжо простай справай. Мы спыталі супрацоўніка ДПС, ці не ведае ён, дзе паблізу можна купіць новае кола, каб даехаць да Масквы. Ён тут жа патэлефанаваў у найбліжэйшы шынны магазін, высветліў у іх усё пра асартымент і затым суправадзіў нас туды на сваёй машыне, каб мы не заблукалі. Уся гэтая эпапея заняла, напэўна, 30—40 хвілін. Оскар [сын пары з Масквы — заўв. Onliner.by] у машыне нават не паспеў засумаваць.

Я не ведала, як дзякаваць нашаму выратавальніку, але ён ветліва сказаў, што, можа, ён калі-небудзь прыедзе ў Маскву і ў яго таксама здарыцца падобнае. Тут яго і выручаць… Я зарагатала, уявіўшы сабе, як ён тэлефануе ў Расіі на трасе ў паліцыю і распавядае пра свае праблемы з колам. Сумняваюся, што ён знойдзе такую падтрымку і хуткую дапамогу.

Сябры, я ў захапленні ад беларускай паліцыі. Не ведаю, як зараз аддзячыць нашаму выратавальніку. Не здагадалася спытаць яго імя і прозвішча. Для мяне гэта безназоўны супрацоўнік ДПС з горада Слонім у Беларусі. Але я падумала, хай пабольш людзей даведаецца пра такі ўчынак, і, можа быць, яго начальства ці нават ён сам змогуць прачытаць маю ўдзячнасць тут».

Ва УУС Гродзенскай вобласці высветлілі, што «невядомым» супрацоўнікам ДАІ быў старшы інспектар ДПС маёр міліцыі Аляксандр Калінін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?