Большасць беларусаў згодныя на павышэнне пенсійнага ўзросту. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 25 сакавіка на нарадзе, прысвечанай пенсійнай рэформе, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вельмі ўважліва сочыць за пазіцыяй грамадства, назірае за абмеркаваннямі, развагамі людзей.

«Мы вельмі акуратна вымяраем настрой грамадства. Павінен сказаць, што сёння ўжо цвёрдая большасць нашага насельніцтва згодная па павышэнні пенсійнага ўзросту. Я не кажу пра тое, падабаецца камусьці ці не падабаецца. Нават тыя, каму гэта не падабаецца, нарэшце, зразумелі, што рана ці позна мы гэтую праблему павінны вырашаць. І час вырашэння праблемы прыйшоў», — адзначыў Лукашэнка.

Ён падзякаваў цяперашнім пенсіянерам, якія раней былі супраць павышэння пенсійнага ўзросту, а цяпер пагадзіліся. Ён таксама горача падзякаваў моладзі.

«Моладзь наша — ну проста малайцы! Разумеючы, што гэта закране іх перш за ўсё і тых, хто працуе, тым не менш, спакойна ўспрынялі гэтыя прапановы. Я не кажу, што гэта падабаецца. Але бывае, не падабаецца, але нікуды не падзенешся, да гэтага трэба ісці», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Ён упэўнены, што людзі разумеюць, што людзі, якія працуюць, ужо сёння адчуваюць праблемы з утрыманнем пенсіянераў.

Нагадаем, на нарадзе 25 сакавіка было агучана, што самым прымальным варыянтам павышэння пенсійнага ўзросту было названа паступовае павышэнне, з крокам па паўгода пачынаючы з 1 студзеня 2017 года, пенсійнага ўзросту, жанчынам — да 58, мужчынам — да 63 гадоў. Павышэнне пенсійнага ўзросту таксама закране і ваенных, і дзяржслужачых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0