На суботніку 19 красавіка Аляксандр Лукашэнка працаваў на будаўніцтве велізарнага спартовага будынка «Менск-Арэна». А дапамагаў яму бялявы хлопчык гадоў чатырох. Як піша «Комсомольская правда в Беларуси», было бачна, што дачыненні паміж дзіцем і беларускім кіраўніком вельмі цёплыя, бацькоўскія.

Пазней яны разам з'явіліся на хакейным матчы. Малы паціснуў рукі ўсёй камандзе, сфатаграфаваўся з ёй.

Па адказ на пытанне, хто гэты малы, «Комсомольская правда в Беларуси» затэлефанавала кіраўніку прэс-службы прэзідэнта Паўлу Лёгкаму.

— Як клічуць хлопчыка, які працаваў на будоўлі разам з прэзідэнтам? — спыталіся журналісты.

— Не ведаю. У спісах прэзідэнцкай брыгады на суботніку гэты маленькі працаўнік не значыўся. Але ён добра працаваў, дапамагаў Аляксандру Рыгоравічу.

— Пазней з'явіўся на хакейным матчы…і вельмі актыўна хварэў за каманду Лукашэнкі. Можа быць, гэта малодшы сын кіраўніка дзяржавы, пра якога Аляксандр Лукашэнка згадаў летась на прэс-канферэнцыі?

— Прэс-служба адказвае за асвятленне дзейнасці кіраўніка дзяржавы. А пра сваё асабістае жыццё і пра сям'ю ён распавядае журналістам сам.

Варта дадаць, што фота А. Лукашэнкі з хлопчыкам былі зробленыя агенцтвам БЕЛТА і з'явіліся на першых старонках дзяржаўных газетаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?