Электронны лайв-бэнд, які выдаў летась адзін з самых прыгожых альбомаў у беларускай музыцы, прадстаўляе на Tuzin.fm свой рэліз «Mova», у які ўвайшлі тры зусім новыя трэкі на беларускай мове.

Гурт Intelligency адметны тым, што таленавіта і арыгінальна спалучае электронае гучаньне з жывымі і інструмэнтамі. Пры чым, акрамя гітараў ды бубнаў, каманда Ўсевалада Доўбні і Юрыя Тарасевіча выкарыстоўвае і клясычныя інструмэнты – скрыпкі ды віяланчэль. Выходзіць цікавае спалучэньне танцавальнага дып -хаўзу і тэхна з блюз-рокавымі ноткамі ды жывой сымфонікай (адсюль і ўласнае самавызначэньне стылю – «тэхна-блюз»). Гурт здабыў сабе славу як сваімі яскравымі жывымі вулічнымі выступамі ў Менску, так і студыйнымі працамі.

Intelligency у сваёй творчасьці выкарыстоўваюць пераважна ангельскую мову. Пры канцы 2015-га музыкі выдалі выдатны альбом «DoLoven». Свае беларускамоўныя трэкі яны вырашыі прэзэнтаваць у асобным рэлізе – максы-сынгле «Мova», у які ўвайшлі тры зусім новыя песьні – «Не 1», «Ведаю хто я» ды «Мова». «Мы не імкнуліся аб’яднаць рэліз агульнай канцэпцыяй, – кажа вакаліст гурта Ўсевалад. – Аднак, у яго ёсьць галоўны лэйтматыў – прыгажосьць у будзённым. Мы кажам пра прыгажосьць сваёй краіны, яе мовы і простых рэчах, якія блізкія кожнаму. Вядома ж, што пра гэта можна сказаць толькі па-беларуску». Яго калега Юры Тарасевіч дадае: «Хацелася зрабіць нешта сучаснае, нешаблённае па стылю, блізкае ды роднае, але пры гэтым без архаікі. Не хацелася спэкуляваць на тэме патрыятызму, а проста пагаварыць пра прагажосьць, якую мы не заўважаем у мітусьні працоўных дзён».

Наогул, жа Ўсевалад і Юры падкрэсьліваюць, што галоўнае ў іх творчасьці – трымацца сваіх перакананьняў і даносіць іх да слухачоў. «Мы і назву абралі такую, каб аддаць даніну павагі кансэрватыўнаму разуменьню пра здаровае разьвіцьцё асобы ды незвычайны лад мысьленьня, які зьмяніўся ў наш час на мысьленьне клікавай сьвядомасьці. Сьлепа ісьці па дарогі папулярнай клюбнай культуры мы не зьбіраемся. Дакладна ўсьведамляем, што маем свой шлях і свае думкі ды гатовы імі дзяліцца», – заяўляюць музыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?