«Мне ад Турмы ў турме нідзе
Няма ні сховы, ні збавення…»

Уладзімір Някляеў, паэма «Турма».

Трымаю невялічкую кніжку — «Лісты да Волі». Са здымка на вокладцы глядзяць прыгожыя жанчына і мужчына з цудоўнай, амаль няўлоўнай усмешкай на вуснах і ў вачах. Нават не ведаючы, хто яны, адразу адчуваеш непарыўную сувязь Кахання — паміж імі; паміж імі і залатой восенню, што стварае пранізлівы фон здымка, а насамрэч — жыцця; паміж імі, залатой восенню і ўзнесенымі ў неба вежамі гатычнага Храма…

Я адгортваю вокладку… «…сябру па жыцці і сведку на судзе (пакуль не на Боскім)… Ул. Някляеў, 24.03.2016, суд»

Мы чакаем прысуду.

Зараз у залу суда, павольна узмахваючы чорнымі крыламі судзейскай мантыі, уляціць чорная птушка, пакінуўшы за дзвярыма зграю драпежнікаў, навучаных толькі дзяўбcці. І я ізноў, як два тыдні таму, адчую сябе паміж прысудам Турме і прысудам Паэту…

Насамрэч, зразумела, усё значна прасцей. І птушка — не птушка, а суддзя Вікторыя Шабуня. І зграя — не зграя, а капітан міліцыі Аляксандр Кухта і два амапаўцы, Алег Баразноў і Андрэй Кампаніец, нібыта сведкі. І Паэт — не паэт, а грамадзянін Някляеў Уладзімір Пракопавіч, 1946 года нараджэння… І Турма — не турма, а Рэспубліка Беларусь, ад імя каторай адбываецца суд — па пратаколе, які на «правапарушальніка» Някляева завочна склаў згаданы капітан: «…28.02.2016 года около 15.30 по адресу г. Минск пл. Октябрьская 1 принял активное участие в несанкционированном пикете без разрешения Мингорисполкома, что выразилось в совместном массовом присутствии граждан по указанному адресу, выкрикивании лозунгов, чем нарушался установленный порядок…»

Мы чакаем прысуду.

А я ўзгадваю, як два тыдні таму суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня ўжо прысуджала гр-ну Някляеву У.П. штраф у 10 мільёнаў рублёў — за ўдзел ў мітынгу прадпрымальнікаў 15 лютага. І папярэдне — мо разоў шэсць…

Колькі ні здаралася ў жыцці прысутнічаць на судовых працэсах па розных справах, ніколі не бачыў, каб суддзя так лагодна ставіўся да падсуднага. І ўвогуле, так падрабязна, з цёплай, нават троху вінаватай, усмешкай тлумачыла сваю цяжкую долю — ледзь варушыцца ў пракруставым ложы закона. Маўляў, зразумейце… увайдзіце ў маё становішча… інакш не магу…

Я глядзеў на яе і ўвачавідкі бачыў чалавека, канчаткова зламанага Вялікай Хлуснёй, увасобленай у дадзеным выпадку ў так званым Законе «Аб масавых мерапрыемствах…» Бо не трэба быць юрыстам, каб зразумець, што гэты крывадушны закон адабраў у народа правы, замацаваныя Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы, і аддаў чыноўніцтву права іх адбіраць.

Не трэба быць юрыстам, каб зразумець, што і Канстытуцыя, і міжнародныя абавязацельствы апрыёры вышэйшыя за любыя супярэчныя ім законы, указы, дэкрэты і г.д.

Не трэба быць юрыстам, каб зразумець, што згаданым законам улада парушыла Канстытуцыю. Нехта спытае: а дзе Канстытуцыйны суд? А нідзе…

Мы слухаем прысуд, я гляджу на суддзю, якая ўтаропіла вочы ў паперу, на Някляева, і не нейкім шостым, а ўсімі пяццю пачуццямі адчуваю, як ён ператвараецца з правапарушальніка ў Паэта, які выносіць прысуд Турме, а ўлада, што зладзіла хлуслівы судовы канвеер, у сапраўднага правапарушальніка.

Ці ёсць у Паэта права выносіць прысуд Турме? Ёсць. Не толькі права, але і абавязак.

Сябруючы з Някляевым больш за паўстагоддзя, я не аднойчы пытаўся ў самога сябе: навошта гэта яму? Навошта лезці пад амапаўскія дручкі, рызыкаваць здароўем і нават жыццём? Навошта пляміцца плёткамі, ганебнымі чуткамі і абразамі, атрымліваць публічныя аплявухі, нават, здавалася б, ад паплечнікаў? Навошта, урэшце, дазваляць уладзе раз ад разу ўлазіць у сваю кішэню, па сутнасці, рабаваць?

Навошта Паэту палітыка?

І толькі тут, у судзе, адшукаў адказ: без грамадзянскай адказнасці за Праўду немагчыма застацца Паэтам.

Каб абараніць Паэзію, якая роўная Праўдзе.

Каб супрацьстаяць Вялікай Хлусні.

Хлусні, якая ламае не толькі суддзяў і нібыта сведак, і, па сутнасці, усё грамадства, ад падлеткаў да нямоглых пенсіянераў, робячы і яго бездапаможна хворым прыстасаванцам.

Хлусні, якая падмазвае рыпучы судовы канвеер, пад які безупынна трапляюць апазіцыйныя палітыкі і незалежныя журналісты.

Іншым разам канвеер пачынае торгацца, як у нядаўнім выпадку з Уладзімірам Мацкевічам, якога падчас мітынгу, за які яго судзілі, увогуле не было ў Мінску.

Заторгаўся ён і з Някляевым.

…І вось ізноў мы чакаем прысуду.

Суддзя ўжо ведае, што каля 15.30 28.02.2016 года шасцёра чалавек, шасцёра сяброў узнімалі келіхі на памін усіх, з кім у 1960—70-х гадах мінулага стагоддзя працавалі ў «Знамёнцы» — самай папулярнай па тым часе газеце «Знамя юности» — і хто адышоў у лепшы свет…

На Кастрычніцкай плошчы віраваў мітынг, але Някляеў быў з намі, бо сяброўства для Паэта не менш святое за Палітыку. Мо нават і больш. Бо якая Палітыка без чалавечай еднасці з мінулым, без разумення розумам і адчування сэрцам, што ёсць у мінулым Зло, а што — Дабро, і чаму сённяшняе Зло так прагне будучыні?

Зграя драпежнікаў, між тым, дзяўбла і дзяўбла — быў… удзельнічаў… выкрыкваў… парушаў…

І вось вырак: «…вярнуць справу ў міліцыю для выпраўлення недахопаў».

Адно што вярнуць у гісторыю для «выпраўлення недахопаў» уладу бальшавікоў…

Але ці можна выправіць «ад недахопаў» Хлусню?

Можна. Калі ўлада адчуе недахоп Хлусні.

«Калі хочаце, — тлумачыць суддзя Някляеву, — вы можаце звярнуцца ў Следчы камітэт, каб ён распачаў крымінальную справу па лжэсведчанні…» — «А чаму вы не спынілі яе? Яна ж відавочная, хлусня так званых сведак. Вы ж слухалі маіх сведак, бачылі, як чырванеў амапавец Баразноў, калі маніў…»

І зноў суддзя Шабуня нешта прамаўляе пра закон, які не дазваляе ёй спыніць справу.

Я пацікавіўся ў юрыстаў, паглядзеў той закон — Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адімністрацыйных правапарушэннях, артыкул 11.10: «…суд… выносіць адну з наступных пастаноў: …3) аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні…» Юрысты патлумачылі: каб суддзя спыніла справу, крымінальны пераслед ілжэсведак быў бы непазбежны…

Так і жывуць яны, ратуючы адзін аднаго, скаваныя адным ланцугом.

Ланцугом Вялікай Хлусні.

…Адгортваю вокладку невялічкай кніжкі «Лісты да Волі», ізноў чытаю: «…сведку на судзе…» І адчуваю, як нябачна прысутнічае на тым судзе яшчэ адзін сведка — няўмольны Час.

Час, чыё сведчанне на Судзе Гісторыі немінуча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?