28.03.2016 / 17:02

«Белавія» павялічвае колькасць рэйсаў ва Украіну

«Белавія» павялічвае колькасць рэйсаў з Мінска ў Кіеў і Адэсу, паведамілі ў прэс-службе авіякампаніі.

«Пятая штодзённая частата па маршруце Мінск — Кіеў — Мінск і тры новыя частаты ў тыдзень са сталіцы Беларусі ў Адэсу дазволяць больш камфортна падарожнічаць з дадзеных гарадоў Украіны ў 47 пунктаў Еўропы і краін СНД праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, а таксама задаволіць турыстычны попыт у перыяд адпачынкаў», — растлумачылі спецыялісты.

Раней самалёты «Белавія» з Мінска ў Кіеў лёталі двойчы ў дзень на аэрапорт Барыспаль і двойчы ў Міжнародны аэрапорт Кіеў (Жуляны). З 25 красавіка па 29 кастрычніка 2016 года будзе выконвацца трэцяя частата ў Міжнародны аэрапорт Кіеў (Жуляны). Такім чынам, ва ўкраінскую сталіцу «Белавія» будзе лётаць 5 разоў штодня.

Дадатковы рэйс будзе штодзённым з вылетам з Мінска ў 14.15, з Кіева (Жуляны) — у 17.15 па мясцовым часе. Час у шляху складзе 1 гадзіну. «Увядзенне дадатковых частот звязана ў першую чаргу з сезоннасцю. Так, з 27 сакавіка дзейнічае летні расклад, што азначае пачатак высокага сезону і павышэнне попыту з боку адпачывальнікаў», — працытавалі ў прэс-службе генеральнага дырэктара ААТ «Авіякампанія «Белавія» Анатоля Гусарава.

Дадатковы рэйс з Мінска ў Адэсу беларускі авіяперавозчык мае намер выконваць з 17 чэрвеня. Выконвацца ён, як запланавана, будзе тройчы ў тыдзень на самалётах Boeing 737-300 у двухклассной кампаноўцы. Дадатковыя рэйсы будуць вылятаць з Мінска па панядзелках, серадах і пятніцах у 00.20, а прылятаць у Адэсу ў 01.40. Зваротныя рэйсы будуць адпраўляцца з Адэсы ў 03.30, а прыбываць у Мінск у 04.55.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру