Каля 3200 гадоў таму два войскі сутыкнуліся на пераправе каля Балтыйскага мора.

Гэта супрацьстаяньне не апісана ў ніводным падручніку гісторыі, аднак гэта не магла быць простая сварка паміж мясцовымі абшчынамі. Паводле ацэнак навукоўцаў, тысячы ваяроў сышліся ў жорсткай бітве, ужываючы зброю з дрэва, крэменю і бронзы — металу, які тады шырока ўжываўся ў вайсковых мэтах.

Новыя сведчанні такой маштабнай бітвы прымусілі многіх навукоўцаў перагледзець свае ўяўленні пра грамадства ў бронзавым веку ў Еўропе як пра досыць дрэнна арганізаванае.

Бітва каля пераправы

Бітва пачалася на беразе ракі Талензе, вузкай палоскі вады, якая цячэ праз балоты паўночнай Германіі ў бок Балтыйскага мора. Войскі сышліся ўрукапашную, калечачы і забіваючы адзін аднаго баявымі дубінамі, дзідамі, мячамі і нажамі.

Парэшткі людзей на месцы старажытнай бітвы ляжаць вельмі шчыльна: на плошчы 12 квадратных метраў выяўлена 1478 костак, у тым ліку 20 чарапоў.

Парэшткі людзей на месцы старажытнай бітвы ляжаць вельмі шчыльна: на плошчы 12 квадратных метраў выяўлена 1478 костак, у тым ліку 20 чарапоў.

Стрэлы з бронзавымі і крэмневымі наканечнікамі былі выпушчаныя з блізкай адлегласці, яны прабілі галовы і косткі маладых мужчын. Коні высокапастаўленых ваяроў засталіся ляжаць на зямлі ўперамешку з смяротна параненымі стрэламі і дзідамі людзьмі. Не ўсе засталіся на сваіх пазіцыях у баі: некаторыя ваяры беглі з поля бітвы, і іх стрэлы нагналі ўжо са спіны.

Калі бітва, нарэшце, была завершана, уся багністая даліна была літаральна засыпаная сотнямі трупаў.

Некаторыя засталіся ляжаць у неглыбокіх вадаёмах, іншыя апусціліся на дно. Торф павольна асеў на іх косткі, і прырода на стагоддзі схавала ўсе сляды грандыёзнай бітвы.

Першым знайшлі крэмневы наканечнік 

У 1996 годзе археолаг-аматар знайшоў на беразе ракі абломак плечавой косткі — гэта стала першай падказкай, што даліна Талензе хавае страшную таямніцу. Крэмневы наканечнік стралы працяў адзін канец косткі.

Гэта адкрыццё прымусіла археолагаў правесці раскопкі на невялікім участку, каб праверыць свае здагадкі. Падазрэнні апраўдаліся: былі знойдзеныя іншыя косткі, а таксама 73-сантыметровая дубінка, якая чымсьці нагадвае сучасныя бейсбольныя біты.

Усе артэфакты з дапамогай радыевугляроднага аналізу былі датаваныя прыкладна 1250 годам да нашай эры, гэта азначае, што бітва стала адным з эпізодаў бронзавага веку.

Цяпер, пасля серыі раскопак у перыяд паміж 2009 і 2015 гадамі, даследчыкі пачалі разумець, што гэта была за бітва і яе значэнне для людзей той эпохі.

Уздоўж трохкіламетровага ўчастка ракі Талензе археолагі з Дэпартамента па культуры і захаванні помнікаў даўніны Мекленбурга — Пярэдняй Памераніі (MVDHP) і Грайфсвальдскага ўніверсітэта (Universität Greifswald) раскапалі драўляныя дубінкі, бронзавыя наканечнікі дзід, крамянёвыя і бронзавыя наканечнікі стрэл. Яны таксама выявілі велізарную колькасць костак: рэшткі прынамсі пяці коней і больш за 100 мужчын.

Адзначаецца, што сотні іншых пакуль могуць заставацца нязнойдзенымі. Тысячы воінаў таксама маглі выжыць у той бітве.

«Калі наша гіпотэза дакладная, і ўсе парэшткі адносяцца да адной і той жа падзеі, то мы маем справу з грандыёзным сутыкненнем, якое заставалася абсалютна невядомым да гэтага часу», — лічыць археолаг Томас Тэрбергер (Thomas Terberger).

«Калі мы вывучым усё поле бітвы, мы можам знайсці і 750 трупаў людзей. Гэта неймаверна для бронзавага веку», — адзначае археолаг Дэтлеф Янцэн (Detlef Jantzen).

На думку Тэрбергера, калі, да прыкладу, кожны пяты ўдзельнік бітвы быў забіты і пакінуты на полі бою, то ў бітве бралі ўдзел амаль 4000 воінаў.

Гэты чэрап, знойдзены ў даліне Талензе, моцна пашкоджаны тупым прадметам, найхутчэй, дубінай.

Гэты чэрап, знойдзены ў даліне Талензе, моцна пашкоджаны тупым прадметам, найхутчэй, дубінай.

Чаму ж навукоўцы нічога не ведаюць пра такую масавую бітву?

Паўночная Еўропа ў бронзавым веку знаходзілася ў цені больш развітых цывілізацый Блізкага Усходу і Грэцыі.

Так, бронза сама па сабе, упершыню выкарыстаная на Блізкім Усходзе прыкладна ў 3200 годзе да н.э., з'явілася ў Паўночнай Еўропе толькі праз 1000 гадоў.

Аднак маштаб бітвы пры Талензе прадугледжвае больш арганізаванасці, чым прынята лічыць. «Мы разглядалі сцэнар набегаў невялікай групы маладых людзей, якія забіваюць ворагаў і крадуць ежу, але ўяўляць такую агромністую бітву з тысячамі людзей даволі дзіўна», — кажа Сфэнд Хансэн (Svend Hansen), кіраўнік дэпартамента Еўразіі ў Археалагічным інстытуце Германіі.

Добра захаваныя косткі і артэфакты дадаюць некаторыя дэталі ў карціну бронзавага веку, паказваючы на наяўнасць арганізаванага класа ваяроў і на тое, што людзі з усёй Еўропы ўступалі ў крывавыя сутычкі.

Гэты бронзавы наканечнік стралы прабіў чэрап і пашкодзіў мозг.

Гэты бронзавы наканечнік стралы прабіў чэрап і пашкодзіў мозг.

Адзначаецца, што да археалагічных раскопак пры Талензе доказаў маштабных пабоішчаў у бронзавым веку было вельмі мала, асабліва ў гэтым рэгіёне.

Гістарычныя крыніцы з Блізкага Усходу і Грэцыі апісваюць эпічныя бітвы, але навукоўцы практычна не знаходзілі артэфактаў, якія пацвярджалі б такія аповеды.

«Нават у Егіпце, нягледзячы на чуткі аб многіх бітвах, мы ніколі не знаходзілі столькі парэшткаў іх удзельнікаў і ахвяр», — кажа археолаг Бары Молай (Barry Molloy).

А гістарычныя запісы пра войны бронзавага веку ў Еўропе былі яшчэ бяднейшымі. Артэфакты, знойдзеныя ў розных пахаваннях, разглядаліся гісторыкамі як прэстыжныя рэчы або сімвалы ўлады, але не як арсенал зброі.

«Большасць даследчыкаў думалі, што старажытныя грамадствы былі пераважна мірнымі і што мужчыны бронзавага веку займаліся пераважна гандлем ды рамяством», — тлумачыць археолаг з дацкага Орхускага ўніверсітэта Хеле Вандкільдэ (Helle Vandkilde).

Што не падзялілі дзве арміі?

Гэта пакуль застаецца загадкай, якую навукоўцы з дапамогай археалагічных знаходак маюць намер разгадаць. Магчыма, гэтае месца было свайго роду праходам для падарожнікаў, якія перасякалі Паўночную Еўропу.

Так маглі выглядаць ваяры бронзавага веку.

Так маглі выглядаць ваяры бронзавага веку.

«Пераправа адыграла важную ролю ў гэтым канфлікце. Імаверна, адна група спрабавала яе прайсці, а іншая адцясняла іх. І канфлікт пачаўся спачатку там, а затым перайшоў у бітву ўздоўж ракі»,

— мяркуе Тэрбергер.

Цяпер Талензе — ціхая рачулка, пра старажытную бітву тут нічога не нагадвае.

Цяпер Талензе — ціхая рачулка, пра старажытную бітву тут нічога не нагадвае.

Навукоўцы маюць намер зрабіць аналіз ДНК загінулых, каб дакладна высветліць, адкуль менавіта яны маглі прыйсці. Папярэднія звесткі паказваюць на тое, што адна з груп загінулых пры Талензе людзей прыйшла здалёк.

Ці трэба перапісваць падручнікі гісторыі?

Цалкам магчыма, што дэталёвае даследаванне бітвы пры Талензе прымусіць навукоўцаў перагледзець сваё меркаванне адносна грамад бронзавага веку, якія жылі ў рэгіёнах ад Балтыкі да Міжземнамор'я. «Гэта адчыняе дзверы новым сведчанням таго, што грамадства бронзавага веку было больш арганізаваным, чым прынята лічыць», — дадае археолаг Крыстыян Крыстыянсэн (Kristian Kristiansen) з Гётэборгскага ўніверсітэта.

Напрыклад, археолагі знайшлі пераканаўчыя доказы таго, што гэта было не першае сутыкненне для многіх мужчын, чые парэшткі былі знойдзеныя на месцы бітвы. На іх костках відаць загоеныя траўмы, якія засталіся ад ранейшых паядынкаў.

Пакуль спецыялістам цяжка растлумачыць прычыну гэтых траўмаў, але ваяры відавочна не падобныя да тыповых маладых земляробаў.

Так, некаторыя абломкі зброі і парэшткі коней, якія былі знойдзеныя ўперамежку з чалавечымі косткамі, сведчаць, што па меншай меры некаторыя ваяры былі добра экіпіраваныя.

«Яны не сяляне-салдаты, якія раз у некалькі гадоў выходзяць у паходы. Гэта прафесійныя байцы», — кажа Тэрбергер.

У любым выпадку, археолагі лічаць, што неабходна правесці яшчэ шмат даследаванняў, каб пацвердзіць свае здагадкі, і, магчыма, новыя звесткі дазволяць лепш зразумець жыццё людзей бронзавага веку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?