«У Мінску неабходна скараціць тэрміны адключэння гарачага водазабеспячэння ў летні перыяд» — такое даручэнне, паводле інфармацыі афіцыйных крыніц, даў старшыня Мінгарвыканкама Міхаіл Паўлаў 24 красавіка на пасяджэнні па пытаннях падрыхтоўкі гаспадаркі горада да восеньска‑зімовага перыяду 2008—2009 гадоў.

«Недапушчальна, калі ў цэнтры Мінска ў XXI стагоддзі па два тыдні няма гарачай вады. Падумайце, наколькі мы яшчэ можам скараціць перыяд адключэння гарачай вады», — звярнуўся М.Паўлаў да генеральнага дырэктара РУП «Мінскэнерга» Васіля Бабея.

М.Паўлаў нагадаў, што «яшчэ шэсць гадоў таму рамонт цепласетак у раёнах горада доўжыўся каля месяца, што выклікала незадавальненне гараджан». Цяпер гэты перыяд складае да двух тыдняў. М.Паўлаў даручыў кіраўніку «Мінскэнерга» вызначыць магчымыя варыянты па далейшым скарачэнні тэрмінаў рамонтнай кампаніі, адзначыўшы, што дасягнуць гэтага можна за кошт павышэння прадукцыйнасці працы.

У Мінску ў гэтым годзе рамонт цепласетак для падрыхтоўкі іх да зімы пачнецца ў жылым сектары 12 мая і прадоўжыцца да 1 верасня. У мінулым годзе сярэдні тэрмін адключэння гарачага водазабеспячэння ў спажыўцоў, што далучаны да цеплавых крыніц УП «Мінсккамунцепласеткі», склаў 11,5 сутак. У спажыўцоў жыллёва‑камунальнага сектара, што далучаны да крыніц РУП «Мінскэнерга», — 14 сутак.

На афіцыйным сайце Мінгарвыканкама апублікаваны графік адключэння гарачага водазабеспячэння ў маі.

«Арганізацыі цеплазебеспячэння прымаюць меры па скарачэнні тэрмінаў адключэння гарачага водазабеспячэння. У выпадку паспяховых выпрабаванняў трубаправодаў цеплавых сетак і адсутнасці дэфектаў, што патрабуюць выканання незапланаваных рамонтна‑аднаўленчых работ, тэрміны адключэння не будуць перавышаць 14 сутак», — гаворыцца ў аб’яве.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0