У Мазыры жыхары мікрараёна Зарэчны (Пхоў) спрабуюць адстаяць футбольнае поле і зону адпачынку каля Прыпяці, якія мясцовае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Радзіма» вырашыла пераараць і засеяць.

Як паведаміў дырэктар экалагічнага фонду «За чыстую Прыпяць» Сяргей Казлоў, футбольнае поле на гэтым месцы існуе ўжо каля пяцідзесяці гадоў, да яго прылягае зона адпачынку — улюбёнае месца шпацыраў жыхароў мікрараёна. У планах мясцовых жыхароў было стварэнне Музея вярбы пад адкрытым небам. 16 сакавіка па перыметры футбольнага поля, былі высаджаныя першыя дрэвы.

«Калі я ўбачыў, што поле збіраюцца пераараць трактарам, — выклікаў міліцыю. А цяпер апусціліся рукі проста, — пракаментаваў сітуацыю Сяргей Казлоў. — Мы столькі зрабілі для экалагічнага выхавання школьнікаў, праводзілі тут, каля ракі Прыпяць, пастаянныя уборкі смецця, акцыі, святы, футбольныя матчы, прыцягвалі знакамітасцяў, планавалі стварыць Музей вярбы, высадзілі дрэвы для першай чаргі музея. У акцыі па высадцы вербаў узялі ўдзел вядомыя ў краіне людзі: алімпійскі чэмпіён па веславанні Раман Петрушэнка, трэнер жаночай зборнай па веславанні Генадзь Галіцкі, школьнікі. Зараз усё можа прапасці. Дзеля магчымасці атрымаць сена дзяцей пазбавіць футбола?»

Паводле яго слоў, дзейнасць фонду накіраваная на экалагічную адукацыю школьнікаў, і ў акцыях «За чыстую Прыпяць» дзеці бралі актыўны ўдзел. «Мы не проста прыбіралі смецце ў Прыпяці, мы праводзілі даследаванні, семінары, арганізоўвалі святы, уручалі дзецям падарункі, праводзілі сустрэчы з вядомымі людзьмі, футбольныя матчы», — дадаў дырэктар фонду.

Ён патлумачыў, што на стадыёне не толькі праходзяць спаборніцтвы, але і адпачываюць жыхары Пхова цэлымі сем'ямі, тут, на азёрах, — «рай для рыбакоў». «Гэтая зямля нікому не была патрэбная, пакуль жыхары мікрараёна не вырашылі яе добраўпарадкаваць», — адзначыў Казлоў.

Намеснік старшыні Мазырскага райвыканкама Фелікс Галюк адзначыў, што ён ведае пра сітуацыю, якая склалася, і падкрэсліў, што пакуль не прынятае канчатковае рашэнне аб разворванні футбольнага поля. Паводле яго слоў, мясцовая ўлада зацікаўленая, каб дзецям было дзе гуляць у футбол, але не абавязкова ў гэтым месцы. Канчаткова пытанне можа быць вырашанае да канца тыдня.

Начальнік Мазырскай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юры Збароўскі пракаментаваў сітуацыю лаканічна: «Там прыродаахоўнае заканадаўства ніяк не парушаецца, не парушана ні ў якіх сэнсах». «Гэта не да мяне пытанне, да экалогіі там пытанняў няма», — дадаў ён.

Дырэктар фонду «За чыстую Прыпяць» Сяргей Казлоў сабраў подпісы жыхароў Пхова пад калектыўным зваротам да мясцовых уладаў з просьбай дапамагчы захаваць футбольнае поле і зону адпачынку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?