Часта можна пачуць, што вёска Заходняй Беларусі супрацьстаяла саветызацыі, а вёска ўсходняй — не. Ці так гэта было? Магчыма, міф пра «незалежных» заходнікаў і «пакорлівых» усходнікаў узнік таму, што пра заходнебеларускія падзеі проста больш інфармацыі: мы маглі многае пачуць ад сведак. А на ўсходзе тыя самыя працэсы адбываліся на дваццаць-трыццаць гадоў раней.

Шмат інфармацыі пра становішча ва Усходняй Беларусі 1920—30-х даюць дакладныя запіскі супрацоўнікаў райкамаў, палітаддзелаў, ОГПУ з месцаў.

У другой палове 1920-х калгасы ў БССР апрацоўвалі толькі 1% зямлі сельскагаспадарчага прызначэння. Яны ствараліся пераважна на былых памешчыцкіх ці дзяржаўных землях. І ад тых, хто ўступаў у калгасы, не патрабавалі аддаць сваю зямельку. Яшчэ адной крыніцай стварэння калгасаў стала надзяленне зямлёй яўрэяў. Да 1927 года ў БССР налічвалася 369 калгасаў, з якіх 145 было яўрэйскіх.

Нягледзячы на прапаганду, наданне калгасам найлепшых зямель, ільгот, пазык, крэдытаў, сяляне не імкнуліся ўступаць у калгасы. Магутным аргументам на карысць калектывізацыі павінны былі стаць трактары, якія калгасам абяцаліся ў бліжэйшай будучыні. Але ўжо існуючыя калгасы не маглі служыць добрым прыкладам для астатняга сялянства.

Аляксандр Грубэ. Раб, які вызваляецца. 1927. З калекцыі
Нацыянальнага мастацкага музея.

Другі прыгон

Калектывізацыя ў БССР, як і па ўсім СССР, актывізавалася з сярэдзіны 1929. На гэты час у калгасы былі аб’яднаныя каля 1,4% гаспадарак, а праз паўгода — пад 60%, а ў шэрагу раёнаў Палесся — і да 90%!

Працэс ішоў прымусова. Калі ў 1929 па СССР было зарэгістравана 1307 мяцяжоў, дык у 1930 іх колькасць вырасла ў дзесяць разоў: адбылося 14 тысяч выступленняў, у якіх удзельнічала больш за 3 мільёны сялян! Гэта была найбуйнейшая хваля пратэстаў супраць савецкай улады. У БССР, па няпоўных звестках, толькі за першыя тры з паловай месяца 1930 года адбылося больш за 500 сялянскіх выступленняў.

Улада была вымушана адступіць. 2 сакавіка 1930 у газеце «Праўда» выйшаў артыкул Сталіна «Галавакружэнне ад поспехаў». Віну за «перагіны» падчас калектывізацыі Сталін усклаў на мясцовых выканаўцаў. Той артыкул стаў індульгенцыяй для сялян. Кошт нумара «Праўды» з «Галавакружэннем» на чорным рынку даходзіў да 10 рублёў! Сяляне паказвалі газету і спасылаліся на Сталіна, які сказаў, што «рана яшчэ будаваць калгасы».

Аднак да пачатку 1932 бальшавікі зноў загналі ў калгасы больш за палову сялянскіх гаспадарак. Тады сяляне прыдумалі іншае выйсце: зімой яны «былі» ў калгасе, а як надыходзіла пара сеяць, масава выходзілі адтуль. «Органы» з месцаў паведамлялі ў Мінск, што заявы аб выхадзе з калгасаў падаваліся калектыўныя, прычым на некаторых подпісы стаялі вакол тэксту, каб схаваць, хто падпісаўся першым.

Сяляне ацэньвалі калгасны лад як другое прыгоннае права: «Пры цары працавалі на памешчыкаў, а пры савецкай уладзе — на камуністаў». Аб адносінах да калгаса як да другога прыгону сведчыць заява калгасніка Полацкага раёна ў райкам партыі: «Просьба вызваліць мяне і лічыць свабодным грамадзянінам».

Даверу да дзяржавы ўсходнебеларускія сяляне не мелі. Адмену карткавай сістэмы ў 1934 — пра гэта трубілі як пра радыкальную эканамічную рэформу — сяляне ўспрынялі як чарговы падман: «Адмянілі, калі ў селяніна не стала грошай». Без «вялікага ўздыму» ўспрынялі і зніжэнне нормы пастаўкі збожжа ў 1936: «Мы толькі і чуем — партыя, а што дала партыя? Яна дала нам зямлю навечна, але нам трэба вечна аддаваць хлеб дзяржаве».

Лазейкі, каб выжываць

У крызісныя 30-я сярод сялян імкліва пашыраліся фантастычныя чуткі, містычныя настроі. Вядомыя выпадкі, калі евангелісты дэманстратыўна палілі маёмасць, заяўляючы: «Нам гэтага нічога не трэба, паколькі хутка настане скон свету». Некаторыя казалі, што ўступленне ў калгас азначае продаж душы д’яблу.

Адным з «козыраў» калектывізацыі было абяцанне даць сялянам сельгастэхніку. На фота: адзін з першых трактароў на палях Беларусі, саўгас «Чырвоная зорка», 1924

На 1937 каля 30% сялян яшчэ заставаліся аднаасобнікамі. Дакументы паказваюць, якія лазейкі знаходзілі сяляне, каб выжываць. Аднаасобнік меў права ўтрымліваць каня, а калгаснік меў большы прысядзібны надзел. І селянін аддаваў сям’ю ў калгас, а сам ішоў на торфараспрацоўкі ці нарыхтоўваць лес для шахт Данбаса. Пакуль у 1939 у аднаасобніка не забралі каня (зрабілі непад’ёмны падатак у 500—600 рублёў), можна было зарабіць: вазіць лес, араць калгаснікам, араць аднаасобнікам.

Да канца 1934 працэнт калектывізаваных гаспадарак у БССР складаў 72,6%, а на пачатак 1939-га — за 90%. Працэнт рос і за кошт скарачэння колькасці сялянскіх гаспадарак, значная частка якіх была ўвогуле знішчана праз раскулачванне і высылкі. У дакладной ЦК КП(б)Б «Аб росце калектывізацыі ў БССР» адзначалася, што ў асобных калгасах перанасычанасць зямлёй даходзіць да 30,44 га і нават 53,6 га на двор, а ў двары — толькі старыя і малыя…

Ахвяры калектывізацыі

Я знайшла страшны дакумент, падпісаны Аляксандрам Чарвяковым. Ён тычыцца сітуацыі з беспрытульнікамі ў Беларусі. Чарвякоў піша, што на 1935 год праз прыёмнікі прайшло 7 тысяч дзяцей з Беларусі, Украіны і памежных рэгіёнаў Расіі. 70% з іх — жыхары сельскай мясцовасці, дзеці раскулачаных, сасланых і рэпрэсаваных, а таксама дзеці збяднелых аднаасобнікаў, што кінулі сваю гаспадарку і сям’ю. Сітуацыя з дзіцячай злачыннасцю, згодна з дакументам, сапраўды страшная.

Але паведамляецца гэта не з мэтай выпраўлення сітуацыі, але каб падкрэсліць неабходнасць тэрміновай ліквідацыі гэтай заганнай з’явы. Фактычна, гэта абгрунтаванне неабходнасці вышэйшай меры пакарання для дзяцей з 12-гадовага ўзросту, што ўводзілася законам ад 7 красавіка 1935 г.

Дзяржава не магла справіцца з беспрытульнікамі, якіх сама і спарадзіла.

Вайна супраць сялянства прывяла да голаду ў СССР. У Беларусі найбольшых памераў ён дасягнуў на Палессі. Пасля голаду звестак пра масавыя выступленні супраць калектывізацыі ўжо няма ў спецдакладных. Аднак нельга сказаць, што сялянства змірылася з калгасамі. Органы ОГПУ—НКВД у БССР ад 1 студзеня 1933 да 10 верасня 1934 зарэгістравалі 1163 тэрарыстычныя акты ў вёсцы (сярод іх 117 забойстваў актывістаў і 861 падпал калгасаў і калгасных двароў). Натуральна, не ўсе выпадкі былі тэрактамі: маглі быць факты неакуратнага абыходжання з агнём, а п’яная бойка, калі пацярпелі партыйныя работнікі, расцэньвалася як тэрор.

Пік колькасці ахвяр рэпрэсій прыйшоўся на 1937 год. У гэтым годзе праходзіла аперацыя на падставе загаду НКВД №447, якая тычылася кулакоў і антысавецкіх элементаў. Наверсе была вызначана колькасць кулакоў, якіх неабходна арыштаваць, і кожны раён атрымаў квоту. Па БССР 10000 трэба было арыштаваць па другой катэгорыі, 2000 — па першай (другая абазначала зняволенне, першая — расстрэл). Праз пэўны час з месцаў пайшлі запыты: «У нас ворагаў значна больш, павялічце нам квоты». На правядзенне аперацыі адводзілася 4 месяцы. Аднак яна не скончылася ў тэрмін і цягнулася 14 месяцаў. У выніку па БССР было асуджана 24 209 чалавек, з іх 6869 — да смяротнага пакарання.

Адначасова ў 1937 адбываліся «нацыянальныя» аперацыі: супраць палякаў, немцаў, латышоў, літоўцаў. У іх лік, вядома, траплялі і беларусы. Так, «палякаў» у БССР было арыштавана 21 тысяча чалавек. Большая частка прысудаў па «нацыянальнай» аперацыі — расстрэльныя, бо людзей арыштоўвалі як замежных шпіёнаў. У Лельчыцкім раёне мне расказвалі, як за адну ноч у вёсцы пры мяжы забралі ўсіх мужчын.

Увогуле з чэрвеня 1937 да лістапада 1938 г. НКВД Беларусі арыштаваў не менш за 54 845 чалавек, з іх больш за 27 391 было расстраляна.

Важны момант, недаацэнены даследчыкамі: БССР разглядалася як буферная зона паміж варожым Захадам і сацыялістычнай дзяржавай, самы вялікі адрэзак мяжы СССР з заходнім светам. Тут здзяйсняўся цэлы комплекс мерапрыемстваў па зачыстцы. І рэпрэсіі, і калектывізацыя адбываліся асабліва жорстка.

«Усюды арудуюць бабы»

Выступленні супраць калектывізацыі ў 1930—1932 па маштабах можна параўнаць з грамадзянскай вайной. Яны паказваюць, што сяляне 1930-х не мірыліся з савецкай сістэмай.

Супраціў дасягнуў апагею ў сакавіку 1930 г. Для здушэння ўлады скарысталі нават войска. Так, у Лельчыцкі раён быў накіраваны кавалерыйскі эскадрон, у Жыткавіцкі — чырвонаармейскі атрад, у вёску Ляскавічы Петрыкаўскага — атрад міліцыі і падраздзяленне пагранічных войскаў з двума кулямётамі.

Адначасова з заснаваннем калгасаў закрываліся цэрквы, і гэта было мабілізуючым фактарам для сялян. Іх звычайны стыхійны бунт змяніў з часам характар — у 1932-м ён быў ужо больш адчайны і бязлітасны. Краіна стаяла на мяжы голаду. Узброеныя каламі і віламі ламалі замкі, разбіралі стрэхі калгасных свірнаў, каб узяць насенне і інвентар. Часам старшыні калгасаў і актывісты, якія спрабавалі спыніць аднавяскоўцаў, самі цярпелі. У Лучынскім раёне Магілёўскай акругі сяляне разграмілі сельсавет, абралі старасту і пастанавілі дзесяць самых актыўных камсамольцаў павесіць, а яшчэ дзесяць выгнаць.

Улады канстатавалі: бунтаўшчыкі маюць высокую ступень арганізацыі. Сяляне перад выступленнем канспіратыўна стваралі «пяцёркі», камітэты, разбор маёмасці пачынаўся адначасова па ўсім раёне, у сялян нават былі спісы: хто колькі і чаго здаў, згодна з імі і атрымлівалі сваё назад.

Адзначалася, што мужчыны знаходзяцца ўбаку ад актыўных дзеянняў, а «ўсюды арудуюць бабы». Для мужчын удзел у супраціве быў вялікай рызыкай — іх адразу прыгаворвалі да расстрэлу. А жанчыны разглядаліся як «цёмныя», «забітыя», «схільныя да істэрыі». Іх таксама арыштоўвалі, але не ўсіх — адну-дзве на вёску.

Галашэннямі па нарыхтоўках

Улады адзначалі форму спецыфічнага жаночага супраціву — галашэнні. Падчас збору падатку ці правядзення нарыхтовак бабы пачыналі галасіць, што напалі бандыты, слязьмі і галашэннем усёй сям’ёй, упрошвалі на коленцах аб літасці, пагражалі забіць сябе і дзяцей (кідаліся з сякерай на дзяцей, хапалі вяроўкі і беглі вешацца ў гумно), на такі лямант збіраўся натоўп і г.д. Загадчык сельгасаддзела ЦК А.Картукоў у сваім дакладзе 1932 г. сакратару ЦК КП(б)Б М.Гікалу пісаў, што такая тактыка стала неспадзяванкай для партыйнай ячэйкі, «загнала камуністаў у тупік».

У гарадах таксама адбываліся жаночыя масавыя акцыі. Напрыклад, стыхійны бунт у Барысаве 7—9 красавіка 1932, які суправаджаўся разгромам хлебных крамаў. Тое самае адбылося ў маі ў Віцебску.

Быў і пасіўны супраціў. Сяляне хутка зразумелі, што ў калгасе нічога не заробіш, і абвяшчалі: не будзем працаваць. Або: не будзем капаць бульбу, хай дадуць падзяліць, тады будзем капаць. Таксама органы ОГПУ адзначалі «ўзмацненне тэндэнцыі да індывідуальнага збору ўраджаю», «самачынны захоп і раздзел у аднаасобнае карыстанне зямлі і пасеваў», «адмаўленне ад працы цэлых груп калгаснікаў», праца абы-як, крадзяжы. Да гэтага неабходна дадаць масавае вынішчэнне ўласнай жывёлы перад уступленнем у калгас.

Улада ўвесь час даводзіла, што менавіта калгаснікі з’яўляюцца ўласнікамі і гаспадарамі абагуленай у калгас маёмасці і зямлі, аднак самі сяляне лічылі сябе толькі працоўнай сілай, якая працуе на калгасных палях дзеля чыёйсьці выгады. Сяляне Мазырскага раёна ў 1932 выказваліся, што «гэта не народная ўлада, а банда, якая без усякіх законаў бярэ што ў каго бачыць».

Дарэчы, пастанова ЦВК і СНК СССР «Пра ахову дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванне грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці» ад 7 жніўня 1932 (так званы «закон пра тры каласкі») абвясціла, што ўсё, што належыць калгасу, з’яўляецца дзяржаўнай уласнасцю, а галоўным аб’ектам пераследу сталі менавіта сяляне.

Яшчэ адна форма пасіўнага сялянскага супраціву — выезд у горад, у іншыя рэгіёны СССР, у Польшчу, хоць куды. Кідалі сваю гаспадарку і ўцякалі.

«Добра, што ўбілі Кірава, а лепш было б, каб убілі Сталіна»

Сяляне Усходняй Беларусі нават адмаўляліся ад ільгот, прапанаваных уладамі, напрыклад, дапамогу па шматдзетнасці часам разглядалі як продаж дзяцей дзяржаве. Зласліва рэагавалі на перамены ў дзяржаўным істэблішменце. Так, на жалобным мітынгу з нагоды забойства Кірава вучні 3-га класа Стасеўскай школы Віцебскага раёна пераказвалі, відавочна, пачутае дома: «Добра, што ўбілі Кірава, а лепш было б, каб убілі Сталіна».

У 1936 сяляне адмаўляліся падпісваць ліст Сталіну ў сувязі з 16-й гадавінай вызвалення БССР ад палякаў, бо «ён бярэ ў нас хлеб, масла, малако». З іншага боку, ад уладаў чакалі махінацыі з подпісамі. Распаўсюджваліся чуткі, што так збіраецца падпіска на новы заём, а таксама подпісы за Сталіна: «Бальшавікі не дурні, скора патрэбна цара выбіраць, вось зараз збіраюць подпісы, а потым скажуць, што вы яго — Сталіна — выбралі».

Апаненты савецкай уладзе знаходзіліся і сярод сельскай інтэлігенцыі. «Арыштоўваюць усіх падазроных калгаснікаў, бо савецкая ўлада не мае надзеі на падтрымку сялянства ў выпадку вайны», — казаў настаўнік Беліцаўскай школы Дзяржынскага раёна Качан.

Вайны чакалі ў 20-я і ў 30-я: з палякамі, з англічанамі, з японцамі… Савецкія газеты пісалі, што не сёння-заўтра вайна, і трэба да яе рыхтавацца. Маўляў, здавайце грошы, каб рабіць танкі і падтрымліваць доблесную Чырвоную Армію.

Зрэшты, жыхары Усходняй Беларусі не лічылі, што вайна — гэта так ужо дрэнна, калі яна збавіць ад калгасаў. У 1939 г. у Кармянскім раёне была знойдзена ўлётка, падпісаная «Гітлер і Мусаліні»: «…товарышчы, заклінаем мы: в выпадку нападу на Савецкі Союз со стороны капіталістых краін (Германія, Італія, Японія, Польшча, Англія, Францыя і другія), то нужно ім оказать помач: как сілай, так і харчамі і всемі возможнымі средствамі нужно освободітся от іга советской імперіі…».

***

«Уся савецкая ўласць — на курынай ножцы» — Калектывізацыя і яе наступствы былі апетыя народам ў прыпеўках

Устань, Ленін, падзівіся,
Як калгасы нажыліся:
На варотах серп і молат,
А ў калгасах смерць і голад.

Устань-ка, Ленін, падзівіся,
Як у калгасе разжыліся:
Хата ракам, пуня бокам,
А кабыла з адным вокам.

Кабы не было зімы,
Не было бы холаду,
Кабы не было калхоза,
Не было бы голаду.

Трудадні вы, трудадні,
Ах вы, трудадніцы!
Ходзіць бацька без штаноў,
Маці без спадніцы.

Як ў нашым у калхозе
Сядзіць сучка на парозе.
Яна брэша ноч і дзень
— Зарабляе працадзень.

Экспарт хлеба за мяжу з мэтай атрымання валюты для індустрыялізацыі адбіваўся наступным чынам.

Уся савецкая ўласць —
На курынай ножцы.
Усю пшаніцу за граніцу
— А мы на картошцы.

Некаторыя частушкі, больш аптымістычныя, адзначаюць веру ў нядоўгачасоваcць калгасаў.

Дзве гармошкі, адзін бубен,
Мы ў калгасе жыць не будзем,
Усю бульбу папячэм
І з калгаса ўцячэм.

Разаб’ецца гаршок
— Рассыпецца каша,
Разбяжыцца калгас
— Зямля будзе наша.

Больш за 500 сялянскіх выступленняў

адбылося ў БССР толькі за тры з паловай месяцы 1930-га.

1163 тэрарыстычныя акты ў вёсцы

(сярод іх 117 забойстваў актывістаў і 861 падпал калгасаў і калгасных двароў) зарэгістравалі органы НКВД ад 1 студзеня 1933 да 10 верасня 1934 у БССР.

Для здушэння супраціву

ў сакавіку 1930 у Лельчыцкі раён былі накіраваны кавалерыйскі эскадрон, у Жыткавіцкі — чырвонаармейскі атрад, у вёску Ляскавічы Петрыкаўскага — атрад міліцыі і падраздзяленне пагранічных войскаў з двума кулямётамі.

Павесіць дзесяць камсамольцаў,

а яшчэ дзесяць выгнаць — пастанавілі сяляне Лучынскага раёна Магілёўскай акругі, разграміўшы сельсавет і абраўшы старасту.

Разгромам хлебных крамаў

суправаджаўся масавы жаночы стыхійны бунт у Барысаве 7—9 красавіка 1932.

***

Ірына Раманава — гісторык, кандыдат гістарычных навук, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Займаецца гісторыяй Беларусі ХХ ст., спецыялізуецца на ўзаемаадносінах грамадства і савецкай улады, а таксама гісторыі штодзённасці, вуснай гісторыі. Жыве ў Мінску.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?