Байкеры з суполкі «Начныя ваўкі», якія з'яўляюцца заўзятымі прыхільнікамі прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, сёлета зноў паспрабуюць прарвацца з мотапрабегам у Берлін.

Reuters

Reuters

Як паведамляе агенцтва ТАСС, пра гэта ў аўторак журналістам паведаміў прэзідэнт мотаклуба Аляксандр «Хірург» Залдастанаў.

«Пасля паспяховага марш-кідка ў мінулым годзе мы хочам паўтарыць яго і ў гэтым… Магчыма, у будучыні гэта наогул стане традыцыяй — сустрэча Дня Перамогі на колах, на матацыклах», — сказаў ён.

Старт калоны байкераў запланаваны на 29 красавіка. Маршрут прабегу ляжыць праз тэрыторыю Расіі, Беларусі, Польшчы, Славакіі, Аўстрыі, Чэхіі і Германіі. Плануецца, што мотапрабег завершыцца 9 мая ў Берліне.

Залдастанаў запэўніў, што у гэтым мотапрабегу будзе намнога больш удзельнікаў, чым у леташнім. Пры гэтым ён паскардзіўся, што сам не зможа паехаць у Еўропу, бо знаходзіцца пад санкцыямі.

У сваю чаргу галоўны саветнік дэпартамента па гуманітарным супрацоўніцтве і правах чалавека МЗС РФ Сяргей Марозаў паведаміў, што МЗС РФ своечасова праінфармаваў урады еўрапейскіх краін, па дарогах якіх плануецца правесці мотапрабег.

Зрэшты, леташнюю спробу мотапрабегу расійскіх байкераў па ЕС наўрад ці можна назваць паспяховай. Польшча і Літва адмовіліся прапусціць «Начных ваўкоў» Пуціна праз мяжу.

У той жа час прадстаўнікі руху запэўнівалі, што некаторым з іх усё ж удалося прарвацца ў Еўропу.

Аднак больш за ўсё «еўрапейскі прабег» пуцінскіх байкераў запомніўся гісторыяй з касметычкай. Суровыя байкеры паскардзіліся на цяжкія ўмовы, пры якіх іх правяралі на мяжы з Польшчай. «Начных ваўкоў» знерваваў скрупулёзны ператрус іх асабістых рэчаў, зладжаны памежнікамі.

«Аглядалі дасканала, кожную шкарпэтку і касметычку, усе асабістыя рэчы, усё рабілі жорстка, хоць і ў рамках закона», — скардзіліся тады байкеры. Гэтая заява выклікала хвалю разнастайных жартаў і фотажаб у сеціве. Самі байкеры пазней запэўнівалі, што касметычкі належалі іх спадарожніцам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?