24 красавіка ў малой залі к/з Мінск (пачатак 19:00) і 25 красавіка ў клюбе Рэактар (пачатак 18:00) пройдзе «Дударскі фэст» (Фэстываль валынкі).

Удзельнічаюць гурты: «Стары Ольса», «Testamentum terrae», «Ліцьвінскі Хмель», «Mozaik» (Польшча), «Litvintroll», «Essa», «Яварына», «Neolitic Age» (Украіна), «Кашлаты Вох», «RR», «Ceilidh Ceol», «Рада», «Vydraga» (Літва), «Келіх кола», Алесь Лось, Тодар Кашкурэвіч, Дзяніс Сухі, Ліанэ Варбо (Эстонія), Алесь Сурба, Ютака Бан (Багларыя) і інш. Танцавальная падтрымка: гурт «Гістрыён» і тэатр «Яварына». Даведкі: 7662425 (МТС), 6490888 (Velcom). Каса: 2886160 і 3286638 (гарадзкія тэлефоны).

Квіткі ад 12 000 да 30 000.

***

VII міжнародны фэст дуды «Дударскi фэст» 24—27 красавіка ў чарговы раз засьведчыць прыналежнасьць Беларусі да эўрапейскае цывілізацыі.

Гэны фэст нездарма адбываецца ў красавіку, бо прымеркаваны да Вялікадня паводле праваслаўнага календара, калі, згодна з унікальным беларускім абрадам «валачобнiцтва», адбываўся абыход хатаў з дудой ды сьпевамі.

Стаўшы з 2006 г. штогадовым (адлік вядзецца ўжо з далёкага 1992 г.), «Дударскi фэст» (www.dudar.info) робіцца прыкметнай культурнай падзеяй эўрапейскага ўзроўню. Сьведчаньнем таму — заплянаваны ўдзел дудароў добрага дзясятку краінаў, у тым ліку нават такой далёка‑антыподнай, як Новая Зэляндыя. Дарэчы, баўгарскі японец Ютака Бан, які «парваў» мінулым годам менскія падмосткі, таксама паабяцаў зноўку наведаць РБ. Арганізатары фэсту складаюць асаблівую падзяку Польскаму інстытуту, дзякуючы якому ў фэсьце бярэ ўдзел вядомы польскі дударскі гурт Mozaik.

Такая прадстаўнічасьць — ня дзіва. Гэты фэст зьяўляецца адзінай імпрэзай ва Ўсходняй Эўропе (у спаконвечным разуменьні гэтага слова — то бок «ад Бэрліну да Смаленску»), прысьвечанай дудзе. Нездарма архіўных сьведчаньняў існаваньня дудаў на тэрыторыях на ўсход ад этнаграфічных межаў расьсяленьня «беларускага племені» не зафіксавана. Майстар Тодар Кашкурэвіч таксама адзначыў, што цяперака вядзецца праца над альбомам з архіўнымі запісамі твораў у выкананьні даваенных беларускіх музыкаў і запісамі сучасьнікаў, якія ўзнаўляюць аўтэнтычны нацыянальны стыль дударскай ігры. У пацьверджаньне гэтым словам майстар Дзяніс Сухі на копіі старажытнай беларускай дуды «мацянка» (арыгінал знаходзіцца ў адным з музэяў Вільні) у традыцыйнай манеры выканаў народную мэлёдыю.

На фэставых сцэнах загучаць галісійскія (gaita gallega або gaita do fol), баўгарскія («гайда»), шатляндзкія (bagpipe), швэдзкія (sдkpipa), нямецкія (Dudelsack) дуды, а таксама, само сабою, вельмі блізкія міжсобку беларускія, літоўскія і латыскія (пераважна латгальскія). У фэсьце ўжо традыцыйна будзе рэпрэзэнтаваная музыка шматлікіх напрамкаў, дзе скарыстоўваецца дуда, ад традыцыйнага фальклёру да цяжкога року.

Паводле галоўнага прадусара творчае акцыі Зьмітра Сасноўскага, нават вяліся перамовы пра ўдзел у фэсьце слыннага нямецкага гурту Fidelius. Праўда, сёлета славутасьці першае велічыні не патрапілі выбрацца ў Беларусь, аднак сам гэны факт надае аптымізму на прышласьць… Упершыню прыедуць музыкі ня толькі з Новай Зэляндыі, але з куды больш блізкай Эстоніі. Дарэчы, у гэтай самой вэстэрнізаванай краіне на тэрыторыі былога СССР прадстаўніцы пекнага полу ў нялёгкай дударскай справе ўжо ледзь ня ўпоравень з мужчынамі.

Дзякуючы эстонскай (дударка знакамітага гурту Аuli Ліанэ Барбо) і латыскай (гурт Arba) прысутнасьці, да чатырох павялічыцца колькасьць маладзіц — удзельніц фэсту. Рэч у тым, што дадзенае мастацкае рамяство спрадвеку ўважалася выключна за мужчынскую справу. Нездарма нават у якасьці зыходнага матэрыялу для мяхоў дуды паўсюдна выкарыстоўваецца скура козаў, а не казлоў. Праўда, Т.Кашкурэвіч растлумачыў гэты «гендэрны» аспэкт — скура казлоў часьцяком бывае друзлай…

Таксама, са словаў З.Сасноўскага, у сувязі зь вялікай цікавасьцю айчынных і замежных музыкаў, звычайных аматараў дуды да творчай акцыі фэст будзе падоўжаны з двух да чатырох дзён. У праграму ўключаныя два канцэрты (24 красавіка ў малой зале к/з «Менск» і 25 красавіка ў «Рэактары»), міжнародная канфэрэнцыя «Захаваньне дударскай традыцыі ў Беларусі і Балтыйскім рэгіёне Эўропы» (26 красавіка ў Валожынскім раёне на сялібе Алеся Лася — аднаго з асноўных адраджэнцаў загаслай за часамі БССР дударскае традыцыі), а гэтаксама вечар «Дударскага клюбу» (27 красавіка ў «Катакомбах»).

Па выніках акцыі плянуецца выданьне зборніка дакладаў канфэрэнцыі, аўдыёзапісаў фэсту і відэафільму «Дударскi фэст 1992—2008».

Сярод навінаў айчыннага «дударскага» руху З.Сасноўскі назваў выраб нямецкіх дудаў майстрам Алесем Сурбом, жалеек майстрам Зьмітром Шыманскім і кіяў для шатляндзкіх дудаў майстрам Юрасём Панкевічам, адкрыцьцё Дударскага клюбу, аб’яднаньне беларускіх музыкаў у Дударскае брацтва сьвятога Базыля, а таксама падрыхтоўку да выданьня першага нумару альманаху Dudar.

Гэткім чынам, вяртаньне Беларусі ў Эўропу ідзе поўнаю хадой. Прынамсі, пастуляту Т.Кашкурэвіча «дзе дуда — тамака Эўропа» запярэчыць цяжка.

Вадзім Александровіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0