30.03.2016 / 18:44

У Літве распавялі, як беларускія спецслужбы лабіравалі зняцце санкцый 7

Дэпартамент дзяржбяспекі і Другі дэпартамент аператыўных службаў Літвы апублікавалі ацэнку пагроз нацыянальнай бяспецы за мінулы год. Асаблівая ўвага ў дакуменце нададзеная і суседняй Беларусі.

«Пагрозы з боку беларускай выведкі і службаў бяспекі», — так называецца раздзел справаздачы, прысвечаны беларускім спецслужбам і іх дзеянням на тэрыторыі Літвы.

Супраць Літвы выведвальныя дзеянні ажыццяўляюць тры беларускія службы, адзначаюць у справаздачы: гэта Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ), Галоўнае выведвальнае ўпраўленне генеральнага штаба Міністэрства абароны (ГРУ) і выведвальныя падраздзяленні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта (ДПК).

Паводле справаздачы, найгалоўная задача беларускай выведкі і спецслужбаў Беларусі звязаная з забеспячэннем стабільнасці беларускай улады ўнутры краіны і дапамогай палітычным і эканамічным інтарэсам краіны ў Літве і ЕС.

Інтэграцыйныя працэсы Расіі і Беларусі, асабліва ў ваеннай сферы, адзначаецца ў справаздачы, таксама маюць вялікі ўплыў на дзейнасць беларускай выведкі і спецслужбаў, што накіравана супраць нацыянальнай бяспекі Літвы і яе інтарэсаў.

Восенню 2015 года, гаворыцца ў справаздачы, праходзілі «выбары» прэзідэнта Беларусі, таму КДБ узмацніў кантроль за дзеючымі ў Літве прадстаўнікамі беларускай апазіцыі.

«Асноўная задача КДБ заключалася ў тым, каб перашкодзіць апазіцыянерам прытрымлівацца адзінай палітыкі ў ходзе выбараў прэзідэнта, — адзначаюць у ДДБ. — Беларускія сакрэтныя службы, збіраючы інфармацыю пра дзеючыя ў Літве беларускія апазіцыйныя арганізацыі, вярбуюць членаў беларускай суполкі Літвы і грамадзян Беларусі, якія пражываюць у нашай краіне».

КДБ таксама спрабуе ўкараніць сваіх агентаў у беларускія апазіцыйныя арганізацыі і заахвочвае іх удзел у мерапрыемствах апазіцыі ў Літве.

«Асноўная мэта КДБ пры вярбоўцы крыніц інфармацыі і агентаў уплыву ў апазыцыйныя арганізацыі заключаецца ў тым, каб яна была расколатая, каб не дазваляць ёй стаць рэальнай палітычнай альтэрнатывай цяперашняй беларускай уладзе», — падкрэсліваецца ў справаздачы ДДБ.

У 2015 годзе КДБ актыўна падтрымлівала намаганні беларускіх уладаў па зняцці санкцый ЕС у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і кампаній.

«Супрацоўнікі КДБ збіралі інфармацыю аб пазіцыі Літвы і ЕС з нагоды спынення санкцый і шукалі лабістаў палітычных і эканамічных інтарэсаў сярод бізнэсменаў Літвы, бізнэс якіх звязаны з Беларуссю», — гаворыцца ў дакуменце.

Паводле справаздачы, КДБ пастаянна спрабуе знайсці падыходзячых для вярбоўкі кандыдатаў у літоўскіх дзелавых колах, сярод палітыкаў, дзяржаўных служачых, на якіх можна аказаць уплыў у сувязі з іх інтарэсамі ў Беларусі.

Беларускія КДБ і ГРУ ў Літве пастаянна карыстаюцца традыцыйным дыпламатычным прыкрыццём, адзначаюць у справаздачы.

«Палова дыпламатаў беларускай амбасады ў Літве з'яўляюцца супрацоўнікамі КДБ і ГРУ, якія працуюць пад дыпламатычным прыкрыццём, альбо звязаныя з гэтымі службамі і выконваюць іх заданні», — сказана ў справаздачы.

Супрацоўнікі беларускай выведкі і службаў бяспекі выконваюць у Літве заданні пад выглядам бізнэсменаў, журналістаў, навукоўцаў, а таксама членаў дзяржаўных і дзелавых дэлегацый Беларусі.

Беларускія спецслужбы зацікаўленыя ў кантролі і расколе беларускіх апазіцыянераў, якія жывуць у Літве, аднак у справаздачы адзначаецца, што беларускія спецслужбы дзейнічаюць у Літве асцярожней за расійскія, пазбягаючы агрэсіўных дзеянняў. Тым не менш, на сваёй тэрыторыі, у Беларусі, яны больш актыўныя і агрэсіўныя ў сваёй дзейнасці, накіраванай супраць інтарэсаў Літвы.

У 2015 годзе засталася ранейшая тэндэнцыя ў плане спробаў вярбоўкі літоўскіх грамадзян. Са спробамі спецслужбаў Беларусі завербаваць часцей за ўсё сутыкаліся прыбываючыя ў Беларусь супрацоўнікі праваахоўных органаў Літвы.

Маштабы вярбоўкі супрацоўнікаў літоўскіх праваахоўных органаў не змяніліся. КДБ пры садзейнічанні памежнай службы Беларусі таксама вербавала жыхароў памежных тэрыторый, якія часта наведваюць Беларусь, не з'яўляюцца чыноўнікамі, аднак, знаёмыя з людзьмі, якія працуюць у сферы праваахоўных органаў Літвы і ў выведцы.

Інтарэс беларускага ГРУ ў Літве па сутнасці супадае з інтарэсамі расійскай ваеннай выведкі, — сказана ў справаздачы. Дзейнічаючы супраць Літвы і іншых краін НАТА, ваенная выведка Расіі і Беларусі знаходзяцца ў цесным супрацоўніцтве. Беларуская ваенная выведка, як і КДБ, больш актыўна і больш агрэсіўна дзейнічае супраць Літвы з тэрыторыі Беларусі, гаворыцца ў справаздачы.

У Літве ў дадзены момант ідзе суд над двума агентамі ГРУ. Дзейнасць беларускай выведкі і службаў бяспекі ацэньваецца як пагроза інтарэсам нацыянальнай бяспекі Літвы, заключае раздзел справаздачы, прысвечаны Беларусі.

0
Анцiк / Адказаць
30.03.2016 / 19:50
каб нашы прдки убачыли такое - пахапалися б за галаву. удумайцеся: беларусьразам з расияй шпионяць за летувай и польшчай
0
Неабыякавы / Адказаць
30.03.2016 / 20:20
Паводле справаздачы, найгалоўная задача беларускай выведкі і спецслужбаў Беларусі звязаная з забеспячэннем стабільнасці беларускай улады ўнутры краіны і дапамогай палітычным і эканамічным інтарэсам краіны ў Літве і ЕС. ---------------- Гэта задачы выведкі любой краіны.
0
як нас дайшлі/давялі да белайрусі / Адказаць
30.03.2016 / 20:31
"нашы" продкі: Самуйла Сітняновіч(полацкі поп), Грігорій Конісскій(магілёўскі поп,украінец) якраз гэтым апантана займаліся...
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру