Беларускія сацыялагічныя службы не лічаць вынікі сацапытанняў Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) верагоднымі. Пра гэта заявілі дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Аляксей Дэрбін і дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Катляроў.

«Каб праводзіць сацыялагічныя даследаванні па той метадалогіі, якая прынята сёння ў навуцы для атрымання дакладных даных, неабходна перш за ўсё мець базу з ліку інтэрв'юераў — тых, хто непасрэдна будзе займацца «палявымі» даследаваннямі, апытваць грамадзян, — адзначыў Аляксей Дэрбін. — Паколькі гэтая рэч сама па сабе затратная і маштабная, яна з цяжкасцю можа каардынавацца з-за мяжы. Для пачатку трэба знайсці гэтых людзей, падтрымліваць з імі кантакт, потым зрабіць выбарку рэспандэнтаў, паставіць пісьменныя пытанні, перадаць бланкі інтэрв'юерам, вызначыць маршруты, па якіх яны будуць хадзіць. Затым трэба кантраляваць, ці сапраўды інтэрв'юеры наведвалі тых асоб, якіх неабходна было апытаць. Усё гэта патрабуе каардынацыі і прысутнасці на месцы».

Дырэктар ІАЦ таксама звярнуў увагу, што, як правіла, пра працу сацыёлагаў ў той ці іншай мясцовасці можна даведацца па зваротах пільных грамадзян у праваахоўныя органы. «Паведамляюць, што хтосьці ходзіць па кватэрах і задае пытанні. І ў нас не праходзіць і месяца, каб не патэлефанавалі з міліцыі і не спыталі, ці праводзім мы якія-небудзь даследаванні», — сказаў ён.

«Што тычыцца замежных сацыялагічных структур, то ў нас няма інфармацыі, каб імі нехта цікавіўся. А паколькі слядоў іх дзейнасці няма, як няма і звестак, што гэтыя структуры праводзяць ад свайго імя даследаванні, то ўзнікае вялікае пытанне: наколькі дакладныя гэтыя вынікі. Мы лічым, што недакладныя», — падкрэсліў Аляксей Дэрбін.

Адказваючы на пытанне, адкуль жа тады бяруцца вынікі сацапытанняў такіх арганізацый, дырэктар ІАЦ сказаў: «Іх можна і на каленцы намаляваць, толькі яны не будуць мець нічога агульнага з рэальнай сітуацыяй».

Нагадаем, напярэдадні былі апублікаваныя вынікі сакавіцкага сацапытання НІСЭПД, паводле якіх у Беларусі істотна знізіўся ўзровень даверу уладзе і Лукашэнку.

У той жа час, паводле дадзеных нацыянальнага сацыялагічнага апытання, праведзенага ў сакавіку ва ўсіх абласных цэнтрах краіны, раённых гарадах і сельскіх населеных пунктах, большасць грамадзян Беларусі (64,8%) выказваюць давер кіраўніку дзяржавы. Падчас даследавання выкарыстоўвалася «шматступенная, стратыфікаваная, выпадковая выбарка, якая рэпрэзэнтуе дарослае насельніцтва Беларусі (ад 18 гадоў) па полу, узросту, адукацыі і месцы пражывання».

Па словах дырэктара Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігара Катлярова, пры Камісіі па апытаннях грамадскай думкі пры НАН, якую ён узначальвае, акрэдытавана 5 арганізацый, якія могуць праводзіць апытанні па грамадска-палітычнай тэматыцы: Інфармацыйна-аналітычны цэнтр, Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, Моладзевая лабараторыя сацыялагічных даследаванняў Беларускага камітэта моладзевых арганізацый (БКМА), Магілёўскі інстытут рэгіянальных сацыяльна-палітычных даследаванняў і Цэнтр сацыяльна-палітычных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

«Мы неаднаразова звярталіся да Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) з просьбай, каб яны акрэдытавалі свой інстытут у дадзенай камісіі. Ніякіх адказаў на працягу апошніх гадоў шасці мы не атрымлівалі. Таму правядзенне імі сацыялагічных даследаванняў па дадзенай тэме — найгрубейшае парушэнне заканадаўства», — падкрэсліў прафесар.

Пры гэтым сацыёлаг упэўнены, што ўсе даследаванні НІСЭПД не адпавядаюць рэчаіснасці. «У апошнім апытанні пазначана, што яны апыталі 1,5 тыс. чалавек. Ніколі за апошнія восем гадоў нашы інтэрв'юеры і рэспандэнты не сустракаліся з супрацоўнікамі НІСЭПД, але ж такое павінна было здарыцца хоць бы пару разоў. Таму можна зрабіць выснову, што даследаванняў яны не праводзяць, вынікі апытанняў нараджаюцца недзе ў цішы кабінетаў і на злобу дня», — лічыць Ігар Катляроў.

Паводле яго слоў, як правіла, у 99,9% вынікі даследаванняў НІСЭПД не супадаюць з вынікамі апытанняў Інстытута сацыялогіі: «Яны тэндэнцыйныя і падабраныя. Нават па самых элементарных пытаннях відаць, што яны працуюць на пэўнага заказчыка. Верыць ім проста немагчыма, таму што падобны інстытут — гэта нейкі фантом».

Пры гэтым дырэктар Інстытута сацыялогіі сумняваецца, што НІСЭПД змог дыстанцыйна правесці апытанне. Тэарэтычна, іх інтэрв'юеры маглі людзей абтэлефанаваць. «Але як апытаць 1,5 тыс. чалавек з Літвы? Мяркуючы па анкеце, кожны рэспандэнт павінен быў выдаткаваць 40-60 хвілін, каб адказаць на ўсе пытанні. Правесці такое апытанне нерэальна. Чалавек проста не будзе адказваць на падобныя пытанні па тэлефоне. Тым больш гэта не ананімнае апытанне», — аргументуе сваю пазіцыю Ігар Катляроў.

«Праводзіць апытанні з дапамогай інтэрнэту — гэта наогул абсурд. Немагчыма такім спосабам атрымаць выразныя дадзеныя», — дадаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?