Прэм'ер РФ Дзмітрый Мядзведзеў прапануе перанесці вытворчасць шасі для расійскай ваеннай тэхнікі з Мінскага завода колавых цягачоў на КАМАЗ.

Прычынай ён назваў тое, што Беларусь не захацела прадаваць гэты завод расійскаму боку.

Заява прагучала падчас візіту Мядзведзева на Мотавіліхінскія заводы ў Пермі, перадае interfax.by.

Там расійскаму прэм'еру паказалі шэраг узораў расійскай ваеннай тэхнікі, якую выпускаюць на прадпрыемстве. Каля транспартна-зараднай машыны 9Т255 РСЗА «Тарнада-З» чыноўнік пацікавіўся, на якім шасі яна вырабляецца. Пачуўшы, што шасі пастаўляе мінскі завод, Мядзведзеў заявіў: «З гэтым МЗКЦ вясёлая гісторыя. Яны тры гады прадавалі гэты МЗКЦ, але так мы ні пра што не дамовіліся».

Таму ён прапанаваў перанесці вытворчасць на КАМАЗ: «Калі не хочуць прадаваць — не трэба, мы на КАМАЗе наладзім вытворчасць».

У жніўні 2015 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дзяржава пакуль не мае намеру прадаваць Мінскі завод колавых цягачоў, але калі прапануюць 3 мільярды даляраў, то ён падумае. Паводле яго слоў, апошнія год-два яму навязваюць ідэю прыватызацыі і продажу гэтага прадпрыемства. Сам жа Лукашэнка адмоўна ставіцца да ідэі прыватызацыі: «Маё стаўленне да прыватызацыі вы ведаеце. Не мы гэта з вамі стваралі, гэта створана некалькімі пакаленнямі, па меншай меры, мы трэцяе пакаленне, якое тут працуе, і не нам з вамі вырашаць у корані гэтую праблему. Хоць, калі паўстане пытанне, — давядзецца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0