30.03.2016 / 23:03

«Дзяўчаты хацелі скардзіцца на дрэнныя ўмовы ў інтэрнаце Кастусю Каліноўскаму, бо думалі, што ён кіраўнік Праграмы» 21

Калі паўставала польская стыпэндыяльная праграма імя Каліноўскага для адлічаных за палітычную дзейнасьць беларускіх студэнтаў, некаторыя выказвалі асьцярогу, што большасьць стыпэндыятаў ня вернецца ў Беларусь. «Радыё Свабода» паразмаўляла з тымі, хто вярнуўся.

Дакладных лічбаў праз 10 год няма, але кіраўніца камітэту «Салідарнасьць» Іна Кулей сьцьвярджае, што 70% стыпэндыятаў вяртаецца ў Беларусь. Гэта сотні чалавек. Калі мы рыхтавалі гэты тэкст, нам удалося пагутарыць з двума дзясяткамі «каліноўцаў», якія жывуць і працуюць у Беларусі.

Глеб Сандрас

Мне прапаноўвалі паехаць на Праграму яшчэ ў 2006 годзе, калі яна была створаная. Тады я заканчваў гімназію, і існавала рэальная пагроза не паступіць у ВНУ праз палітычную дзейнасьць. Але на той момант мне было ўсяго 18, і я ня быў гатовы ехаць навучацца за мяжу. Таму Праграма была для мяне запасным варыянтам, калі б праз «чорныя сьпісы» я ня трапіў ва ўнівэр. Але ж я паступіў на бюджэтнае аддзяленьне гістфаку БДУ і далей прымаў актыўны ўдзел у палітычнай дзейнасьці. Канчаткова паступаць на Праграму я вырашыў пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году ў Менску. І вось улетку наступнага году я зьехаў у Польшчу.

«На маім наборы была дзяўчына, якая ня ўдзельнічала ў аніводнай акцыі і слаба разумела беларускую мову»

Тое, што на Праграму трапляюць «левыя» людзі — абсалютная праўда. Натуральна, такіх людзей значна менш, чым палітычных. Напрыклад, на маім наборы была дзяўчына, якая ня ўдзельнічала ў аніводнай акцыі апазыцыі і ўвогуле слаба разумела беларускую мову. Яна нават казала, што трапіла на Праграму «па блату». Ведаю, што некаторыя спрабавалі самі надурыць кіраўніцтва Праграмы: адзін хлопец схлусіў, што скончыў школу, а пасьля яго выгналі з ВНУ за палітыку, не аддаўшы атэстату. Насамрэч ён скончыў 9 клясаў школы й паступіў у каледж, адкуль яго выгналі за непасьпяховасьць. Калі ж з Варшавы патэлефанавалі ва ўнівэрсытэт, каб папрасіць скан атэстата, то на абодвух канцах дроту ўсе былі вельмі зьдзіўленыя. Памятаецца, як нейкія дзяўчаты хацелі скардзіцца на дрэнныя ўмовы ў інтэрнаце… Кастусю Каліноўскаму, бо думалі, што ён кіраўнік Праграмы.

«Людзі не засталіся кінутымі дзякуючы такой унікальнай праграме»

Добра ці кепска, што ёсьць такая праграма — гэта дзіўнае пытаньне. Кепска тое, што ў Беларусі шмат людзей выгналі з навучальных установаў за палітычныя погляды, якія адрозьніваюцца ад дзяржаўнай ідэалёгіі. Прычым ня толькі з ВНУ і ССНУ, а нават са школ. І тое, што гэтыя людзі не засталіся кінутымі дзякуючы такой унікальнай праграме, безумоўна, добра. Іншае пытаньне — хто як выкарыстаў магчымасьць навучаньня ў Польшчы. Шмат хто «вылецеў» з Праграмы яшчэ пасьля першай сэсіі — асабліва з 244 каліноўцаў першага набору. Хтосьці сьпіўся, хтосьці «стырчаўся», але гэта ня рэдкасьць сярод усіх студэнтаў незалежна ад праграмы, нацыі і краіны. Хтосьці эміграваў у іншыя краіны Эўропы й нават Штаты, хтосьці адкрыў у Польшчы свой бізнэс, а хтосьці вандруе аўтастопам па сьвеце… Колькі людзей, столькі і гісторый.

Пачуцьцё еднасьці і прыналежнасьці да «каліноўцаў» калі і ёсьць, то яно вельмі слабое. Гэта шмат у чым абумоўлена тым, што наборы паміж сабой ніяк не інтэграваліся, акрамя штогадовых традыцыйных зьездаў стыпэндыятаў. Плюс тое, што ўсе вучыліся ў розных гарадох. Асабіста я шмат з кім сябраваў і да Праграмы, шмат з кім пазнаёміўся ўжо ў Польшчы й сябрую па сёньняшні дзень.

«Апошні набор — з 6 чалавек, два зь якіх ужо калісьці былі ўдзельнікамі Праграмы»

Ня думаю, што яна яшчэ патрэбная. Колькасьць рэпрэсіяў у дачыненьні да студэнтаў значна зьменшылася. І гэта пацьвярджае апошні набор з 6 чалавек, 2 зь якіх ужо калісьці былі ўдзельнікамі Праграмы. Гэта, між іншым, было адной з прычын яе прыпыненьня. Але, на мой погляд, яе можна было б рэфармаваць, а не закрываць. Напрыклад, даць стыпэндыі ўдзельнікам, якія адвучыліся ў межах Праграмы 5 год і хочуць паступіць у дактарантуру.

«Маёй першапачатковай місіяй было скончыць вучобу і вярнуцца на Радзіму»

Пасьля заканчэньня вучобы я працаваў: спачатку карэспандэнтам на навінным сайце, пасьля ад памочніка бармэна дайшоў да бар-мэнэджэра. Я ўжо даўно цікавіўся майстэрствам стварэньня кактэйляў, але ўсё неяк адкладаў гэта ў доўгую скрыню…

У Беларусь я зьбіраўся вярнуцца пасьля абароны дыплёму — у 2013 годзе. То бок маёй першапачатковай місіяй было скончыць вучобу й вярнуцца на Радзіму, бо ўсё ж тут сям'я й сябры. Але каханьне зацягнула. Увогуле думаў, што за пару год пасьля майго ад'езду ў Беларусі ўсё ўладкуецца, але яна ўсё больш і больш набліжалася да эканамічнага дна. Гэта таксама паўплывала на тое, што я яшчэ год вагаўся. Але нарэшце вярнуўся.

У плянах — працаваць. Толькі вось вартую працу з добрым заробкам знайсьці ў часы крызісу цяжка. Тым больш у Салігорску. Тут, па вялікім рахунку, два выйсьці: альбо на «Беларуськалій», што амаль немагчыма нават з сувязямі, альбо ніяк. Пераканаўшыся ў першым, шукаю працы ў Менску.

Яўген Бойка

Я трапіў на праграму Каліноўскага, пабыўшы студэнтам Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Клясыка жанру: палітычная дзейнасьць за Мілінкевіча — Плошча — грамадзкая дзейнасьць — выключэньне. Далей можна было спрабаваць аднавіцца на платнае ці падаць дакумэнты на праграму Каліноўскага з пэрспэктывай вучыцца ў Польшчы. Выбраў пэрспэктыву. Ані разу не пашкадаваў.

На Праграму траплялі розныя хлопцы й дзеўкі. Былі тыя, каму навучаньне не давалася й не далося. І ня дзіва. Такая праграма рэалізоўвалася ўпершыню, не было вялікага досьведу, як арганізаваць увесь працэс, у тым ліку адбіраць «каліноўцаў» — думаю, з гэтай прычыны трапляліся часам і неадпаведныя кандыдатуры. У маім наборы (трэцім) кожны кандыдат праходзіў гутарку ў польскай амбасадзе. Таму, калі траплялі «слабыя» кандыдатуры — гэта, збольшага, з аб'ектыўных прычын.

«Мы змагаліся за Свабоду, а самі не зусім былі да яе падрыхтаваныя»

На пачатку вучобы ў Польшчы я даволі крытычна ставіўся да праграмы Каліноўскага і дазваляў сабе гучныя заявы на гэты конт. За некаторыя, на цяперашні розум, мне сорамна… Ведаеце, думаю, асноўная праблема праграмы Каліноўскага была ў нас саміх! Мы не заўсёды былі такімі самастойнымі студэнтамі, як гэта прынята ў эўрапейскіх унівэрсытэтах. Я дык напэўна. На гістфаку Магілёўскага ўнівэрсытэту нас загружалі рознымі канспэктамі, іспытамі, залікамі, 4–5 параў на дзень, па суботах таксама сядзі ва ўнівэры. Цябе загрузяць, пракантралююць, правераць перад сэсіяй, і нарэшце самой гэтай сэсіяй запоўняць усё тваё жыцьцё.

У Познані было ня так. 5–8 заняткаў на тыдзень! Па пары залікаў і іспытаў на паўгода. Разьвівайся, хлопча, сам, чытай кнігі, пішы навуковыя працы на любую тэму, пашырай сьветапогляд і гэтак далей. І ўсё самастойна. Вось тут, мусіць, некаторыя з нас і прагарэлі. Калі вольнага часу забагата, а сам яго запаўняць не навучыўся — тады й расслабляесься па ўсіх магчымых кірунках. Мы змагаліся за Свабоду, а самі не зусім былі да яе падрыхтаваныя. Хаця, можа, я цяпер толькі пра сябе вяду гаворку.

Каліноўцы былі з розных арганізацыяў і гарадоў Беларусі. Потым мы вучыліся па розных гарадох Польшчы. Пачуцьцё еднасьці на такой глебе цяжка высьпявае. Можа, тыя, хто штогод выбіраецца на супольныя мерапрыемствы, болей гэта адчувае. Павага такім хлопцам і дзяўчатам. Хіба нейкае няўлоўнае пачуцьцё ўсё ж такі зьяўляецца. Можа, супольнасьць каліноўцаў яшчэ паўстане і грымне на Беларусі.

Праграма, безумоўна, патрэбная. Хай маладыя беларусы едуць вучыцца ў лепшыя польскія ўнівэрсытэты. Хай лепшыя зь іх вяртаюцца і разьвіваюць родны край. На Беларусі для такіх урадлівая глеба. Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся! Ужо штосьці робім больш граматна й адэкватна, чым раней. Ідзем наперад.

«Маю цудоўную жонку і пакуль аднаго сына»

Пасьля сканчэньня вучобы я вярнуўся на Беларусь. Дапісваю навуковую працу па БСРГ. Працую ў невялікай, але прафэсійнай web-студыі. Робім якасныя web-прыкладаньні, я асабіста кантактую з кліентамі. Маю цудоўную жонку і пакуль аднаго сына. Працягваю дзейнасьць — аматарскую этнаграфічную, запісваю найлепшых у сьвеце бабулек зь іх сьпевамі, жартамі й сьветапоглядам. Таксама запісваў вуснагістарычныя ўспаміны «праведнікаў народаў сьвету» і ліквідатараў наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Адзін зь ліквідатараў, палкоўнік КДБ Аляксей Крывашэін, кіраваў Асобым аддзелам у зоне адсяленьня, напісаў добрую крытычную кнігу. Вось зараз яе выдаём. Чарнобыльская радыяцыя бліжэй да нас, чым гэта можа падавацца.

«Нашае пакаленьне скончыць ганаровую справу — будаўніцтва незалежнай краіны»

Мы каліноўцы, і бліжэйшыя пляны вядома якія. У 2006-м мы былі маладыя, думалі, што ўсё лёгка і прыгожа. Таму атрымалася рамантычна ды бесьпераможна. Тады яшчэ ня ўсё зразумелі. У 2010-м — мы былі больш цьвярозыя і збольшага бачылі, што так перамога не дасягаецца. Досьвед атрымалі калясальны. У 2015-м — мы яшчэ не былі падрыхтаваныя, дый вонкавая сытуацыя была досыць небясьпечная. Мы проста перацярпелі «зацішша».

А вось цяпер зьяўляецца і пашыраецца пэрспэктыва. Менавіта нашае пакаленьне скончыць ганаровую справу — будаўніцтва незалежнай краіны з вольным шчасьлівым народам. Вось такі цудоўны плян, калі агульна казаць.

0
Доктор / Адказаць
30.03.2016 / 23:15
Помню я, когда учился в Лодзи на "зерувке" одного калиновца, любителя выпить и ходить в спортивке "Россия". А шли калиновцы как правило на всякие европеистики-менеджменты - единственная перспектива после которого в большинстве случаев - макдак. И мне интересно, как 70% возвращается в РБ, если здесь польские дипломы без подтверждения не признаются - мы ж не болонский процесс. Надеюсь, НН не будет вести себя как БТ и опубликует этот коммент.
0
Анатоль Сідарэвіч / Адказаць
30.03.2016 / 23:31
Прачытаў загаловак, далей чытаць расхацелася, бо даўно ведаю, што паны апазіцыянеры ўладкоўваюць на вучобу сваіх дачушак, якім беларуская мова, гісторыя і культура да аднаго месца. Ім абы дыплом атрымаць і ўдала замуж выйсці (мінімум за паляка,максімум за амерыканца). Сынкі паноў апазіцыянераў, накіраваныя на вучобу ў Польшчу, таксама патрыятызмам не вызначаюцца. Праграму Каліноўскага трэба зачыняць.
0
Franak / Адказаць
30.03.2016 / 23:31
Асаблівасьці адукацыі па амерыканскаму шаблону. Што ў Лукашэндзіі, што ў Польшчы. Не столькі настаўнікі вучаць вучняў, колькі вучні настаўнікаў вучаць інфармацыяй, сабранай імі самастойна. Па-сутнасці гэта педагогі, а не настаўнікі. Прычым спецыфічныя педагогі, якія вучаць толькі грошы зарабляць. А вучні не вучні, а алхімікі і астролагі. Усё бы нічога, але такія навучальныя установы яшчэ аніводнага чалавека прымаць самастойныя рашэнні ў адваротным баку ад грошай не навучылі. Уладу атрымліваць не навучылі і не навучаць, бо грошы зарабляюць прыстасаванствам, а ўладу атрымліваюць супрацівам прыстасаванству. Гэта безумоўна ма асобнае меркаванне, але гэтаму мяне вучылі ў беларускай школе ў часы так званай машэраўскай русіфікацыі. На ўроках беларускай літаратуры і мовы паперш, але і на ўроках Гісторыі Беларусі, пачынаючы ад Полацкага княства і ВКЛ. Было там як і з кім паспрачацца на гэтых уроках на роўных з настаўнікамі. Без уселякіх дадатковых кніжак і інтэрнэтаў. І адзін у адзін, і нават адзін супраць усіх. Нажаль згубілі мы традыцыі той беларускай адукацыі ў складзе савецкай адукацыі. Амерыканская пануе і ў нас, і ў Польшчы.
Паказаць усе каментары/ 21 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру