Старшынёй Нацыянальнага сходу (парламента) В'етнама ўпершыню ў гісторыі стала жанчына. Пра гэта паведамляе ў чацвер, 31 сакавіка, Associated Press.
Thong Nhat / Vietnam News Agency /AP
За прызначэнне 61-гадовай Нгуен Тхі Кім Нган прагаласавалі 95,5% дэпутатаў. На пасадзе спікера парламента яна зменіць Нгуен Шынь Хунга, які ўзначальваў Нацыянальны сход на працягу апошніх пяці гадоў.
Нгуен Тхі Кім Нган мае вялікі вопыт партыйнай, адміністрацыйнай і грамадскай працы. З 2011 года і да цяперашняга часу яна займала пасаду намесніка старшыні парламента, а таксама з'яўляецца членам Палітбюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі В'етнама. Акрамя гэтага яна працавала ў сістэме міністэрства фінансаў.
У цяперашні час у Ханоі праходзіць сесія Нацыянальнага сходу, на якой абіраецца новы склад кіраўніцтва выканаўчай улады В'етнама. У чацвер, 31 сакавіка, у парламенце адбудзецца галасаванне па выбарах новага прэзідэнта і новага прэм'ер-міністра краіны. Мяркуецца, што гэтыя пасады зоймуць адпаведна цяперашні міністр грамадскай бяспекі Чан Дай Куанг і цяперашні віцэ-прэм'ер Нгуен Суан Фук.