У мінскай кватэры былога палітзняволенага Эдуарда Лобава, які цяпер ва Украіне, адбыўся ператрус. Здарылася гэта сёння ў 8.30 раніцы. Ператрусам кіраваў старэйшы аперупаўнаважаны ГУБАЗ Мінгарвыканкама Раман Кіжапін.

Распавядае маці — Марына Лобава:

«Я выходзіла выгульваць сабак, каля ліфта мяне чакалі тры высокія мужчыны ў цывільным. Яны прад’явілі пастанову на ператрус, падпісаную пракурорам у сувязі з тым, што супраць Эдзіка распачатая крымінальная справа за ўдзел у ваенных дзеяннях ва Украіне.

Мяне прымусілі вярнуцца ў кватэру. Зайшлі самі і прывялі панятых. Некалькі супрацоўнікаў засталіся ахоўваць уваход у кватэру.

Падчас ператрусу забралі два ноўтбукі — мой і майго мужа. Таксама працэсар (сыстэмны блок) ад камп'ютара, некалькі флэшак і кнігу пра «Малады Фронт» і пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтар «Вясна».

У парушэнне закону сілай з маёй кішэні забралі мабільны тэлефон. Пастанова была на ператрус у кватэры, а не на асабісты агляд — таму гэта парушэнне. Я ўжо не кажу пра тое, што гэта рабілі супрацоўнікі-мужчыны, ды яшчэ з прымяненнем фізычнай сілы.

У пратаколе я ўказала, што маю прэтэнзіі наконт мабільнага тэлефона, а таксама парванай курткі — гэта здарылася пры аглядзе мяне. Таксама запісала, што мне не дазволілі пазваніць адвакату».

Пасля ператрусу Марына Лобава звязалася з адвакатам. Яна збіраецца падаваць скаргу на незаконнае выманне тэлефона.

На пытанні пра сына, пра ягоную дзейнасць ва Украіне Марына Лобава адказваць адмаўляецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?