«Каментаваць шпіёнскія раманы — справа няўдзячная: аўтар пакрыўдзіцца, аматары жанру будуць расчараваныя», — заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, каментуючы на брыфінгу 31 сакавіка апублікаваны напярэдадні даклад літоўскіх органаў дзяржбяспекі.

У дакладзе сцвярджаецца, што супраць Літвы працуюць тры беларускія спецслужбы — Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ), Галоўнае разведвальнае ўпраўленне (ГРУ) генштаба Міністэрства абароны і разведвальныя падраздзяленні Дзяржпагранкамітэта.

Як заявіў Мірончык, ён можа афіцыйна пацвердзіць, што ў штаце пасольства Беларусі ў Літве ёсць дарадца — афіцыйны прадстаўнік КДБ, які «цалкам афіцыйна, пісьмова, прадстаўлены ў гэтай якасці кіраўніцтву органаў дзяржбяспекі Літоўскай Рэспублікі».

«Таксама ў штаце пасольства ёсць ваенны аташэ і памочнік ваеннага аташэ, якія афіцыйна прадстаўляюць у Літве Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь. Ці ёсць аналагічныя супрацоўнікі ў літоўскім пасольстве ў Мінску — пытанне рытарычнае, яго лепш задаваць літоўскаму боку. Розніца толькі ў тым, што мы ў адрозненне ад нашых літоўскіх партнёраў не захапляемся жанрам шпіёнскага рамана», — падкрэсліў прэс-сакратар МЗС.

Між тым у дакладзе дэпартамента дзяржбяспекі і другога дэпартамента аператыўных службаў Мінабароны Літвы гаворыцца, што асноўнымі задачамі беларускіх спецслужбаў з'яўляюцца падтрыманне стабільнасці беларускай улады і прасоўванне эканамічных і палітычных інтарэсаў Беларусі ў Літве і Еўрасаюзе.

Адзначаецца таксама, што падчас выбараў прэзідэнта Беларусі ў 2015 годзе беларускія спецслужбы збіралі інфармацыю аб беларускіх апазіцыйных арганізацыях, якія працуюць у Літве, спрабавалі ўкараніць у іх сваіх агентаў і вербавалі членаў беларускай абшчыны ў Літве для таго, каб падтрымліваць раскол у апазіцыі і не дапусціць яе аб'яднання.

У дакладзе таксама сцвярджаецца, што палова дыпламатаў беларускага пасольства ў Літве з'яўляюцца супрацоўнікамі КДБ ці ГРУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?