Зьміцер Вайцюшкевіч

Ня так даўно Вайцюшкевіч вярнуўся зь Японіі, дзе прэзэнтаваў свой беларуска‑японскі праект «Месяц і Сонца».

«Яны вельмі ўважліва слухаюць, — адзначае Зьміцер. — У гэтым японцы падобныя да кансэрватыўнай беларускай публікі — мы вельмі стрыманыя ў сваіх эмоцыях. І зараз мы вырашылі гэта выпраўляць!»

Свае клюбныя канцэрты Вайцюшкевіч называе «музычным разьняволеньнем».

«Шчыра кажучы, нам надакучыла выступаць у канцэртных залях. Адчуваецца, што нашым слухачам становіцца няўтульна ў сваіх мяккіх крэслах — ім хочацца таньчыць і весяліцца».

У апошні час Зьміцер не хавае сваёй сымпатыі да клюбнага фармату і рок‑музыкі. Апошні альбом Вайцюшкевіча і WZ, напісаны на вершы Генадзя Бураўкіна, самае яркае таму пацьверджаньне. Менавіта ў «Лірыцы» можна назіраць пераход музыкаў ад world music і гарадзкога рамансу да року.

«Нашым прыхільнікам ня варта хвалявацца. Мы адыграем шмат старога і любімага. Аднак будуць і прэм’еры — песьні на вершы польскага паэта Рафала Воячэка, напрыклад. Менавіта над гэтым альбомам мы цяпер і працуем».

Зараз вядуцца перамовы аб удзеле WZ‑Orkiestra ў фэстывалі «Басовішча». Для музыкаў гэта стане сапраўдным прарывам, улічваючы музычны фармат фэсту.

А свой красавіцкі канцэрт Вайцюшкевіч назваў «падрыхтоўкай да летніх open‑air’аў».

«Хочацца больш сонца, сьвежага паветра і мноства людзей вакол, — кажа музыкант. — Няхай усе танчаць, весяляцца і рыхтуюцца да доўгіх летніх дзянькоў і мора добрай музыкі. Прыходзьце! Абяцаем шмат пазытыву, драйву і выдатнага настрою».

Паводле «Тузіна гітоў»

30 красавіка. 19:00. Менск. «Гудвін» .
Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ‑Orkiestra.
Вялікі клюбны канцэрт.
Квіткі: 20 000 — танцпляц, 25 000 — столікі
Тэлефоны: (029) 671‑58‑65, (029) 254‑49‑09
Адрас: пр‑т Скарыны, 19 (пр‑т Незалежнасьці, 19)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0