Каментуючы інфармацыю пра тое, што канцэрн «Алмаз-Антэй» — вытворца зенітна-ракетных сістэм С-400 «Трыумф» — гатовы цалкам адмовіцца ад закупкі прадукцыі Мінскага завода колавых цягачоў на карысць аналагічнай тэхнікі Бранскага аўтамабільнага завода, расійскі пасол адзначыў, што віной усяму амбіцыі. Але не сказаў, чые.
«У свеце растуць транснацыянальныя кампаніі, заваёўваюць рынкі, сіл у іх пабольш. Некалькі гадоў абмяркоўвалі сумеснае прадпрыемства — для аб'яднання намаганняў, вытворчасці шасі. Рашэння пакуль не прынята. Значыць, пачынаюць круціцца вытворцы ракет — «мы можам пазбавіцца шасі, калі што». Яны пачынаюць рабіць сваё», - растлумачыў ён рашэнне расійскага канцэрну.
Сурыкаў лічыць, што Беларусі і Расіі трэба максімальна ісці на аб'яднанне прадпрыемстваў. Пры гэтым трэба ўлічваць, дзе ёсць прадпрыемствы, якія працуюць у аналагічных абласцях — аўтакампаненты, абсталяванне і г.д. На яго думку, патрэбныя адзіныя агульныя вытворцы, паколькі цяпер на нашых рынках больш за палову прадукцыі — трэціх краін.
«Няма вытворцаў грузавікоў, якія выпускаюць менш 100 тысяч аўтамабіляў. КамАЗ — 50 тысяч, МАЗ — 30 тысяч: як ім канкураваць? У замежных вытворцаў больш вытворчых магчымасцяў, у тым ліку інавацыйных — чаго чакаць? МАЗ будзе там, дзе чэшская Tatra пасля стварэння ЕС — нідзе. КамАЗ, магчыма, там жа. Ужо палову рынку Кітай займае!» — адзначыў расійскі пасол.
Аляксандр Сурыкаў падкрэсліў, што толькі аб'яднанне прадпрыемстваў дасць магчымасць «выціскаць з рынку іншых».
«Ніхто не перашкаджае, акрамя нашых чалавечых амбіцый. Не буду казаць - чыіх. А гэта было б на карысць народу. Трэба выйсці ўсё ж такі на інтэграцыйны працэс, каб прадукцыя была агульная і абаранялася нашымі рынкамі. І плюнуць на амбіцыі», - сказаў ён.
Расійскі пасол таксама адзначыў: суверэнітэт і незалежнасць павінны абараняцца інвестыцыямі, працоўнымі месцамі, заробкамі, а не «ледзь дыхаючымі заводамі».
«Не варта траціць грошы на стварэнне лішніх вытворчасцяў — а сесці і падумаць аб наступным кроку: ад кааперацыі да глыбейшых працэсаў», — заявіў пасол.
***
Нагадаем, як паведамлялі «Известия», канцэрн «Алмаз-Антэй» — вытворца зенітна-ракетных сістэм С-400 «Трыумф» — гатовы цалкам адмовіцца ад закупкі прадукцыі Мінскага завода колавых цягачоў на карысць аналагічнай тэхнікі Бранскага аўтамабільнага завода, які канцэрн нядаўна купіў. Афіцыйная прычына пераходу на расійскія цягачы — рэзкі рост унутранай і вонкавай замовы на комплексы С-400.
Восенню мінулага года Мінабароны ставіла задачу па пераводзе сістэм узбраенняў расійскай арміі на шасі айчыннай вытворчасці. Папярэдне быў абраны Бранскі аўтамабільны завод, куды планавалася перакінуць з МЗКЦ большую частку заказаў на спецыяльныя колавыя шасі, перш за ўсё для такіх сістэм, як «Іскандэр» і РСЗА.