31.03.2016 / 15:55

На таргі выстаўлены касцёл ва Уздзе, дзе хрысцілі бацьку Янкі Купалы 14

Фота: belarus360.by.

Электронныя таргі на пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць» пройдуць не ўпершыню. Але гістарычныя будынкі з малатка прадаюць не так часта.

У гэты раз Уздзенскі раённы выканаўчы камітэт паспрабуе прадаць Крыжаўзвіжанскі касцёл ва Уздзе, пабудаваны яшчэ ў 1798 годзе расейскім генералам Казімірам Завішам. Касцёл аточаны каменнай агароджай з брамай, а ў пачатку ХХ стагоддзя да яго прыбудавалі цагляную апсіду.

У 1843 годзе ў гэтым храме хрысцілі Дамініка Луцэвіча - бацьку Янкі Купалы. Як і многія рэлігійныя будынкі, у савецкі час гэты архітэктурны помнік неагатычнага стылю быў перапрафіляваны ў раённы Дом культуры. У гэтым статусе ён і застаецца да гэтага часу.

Агульная плошча памяшканняў без скляпоў — 534 квадратныя метры. У будынку ёсць электрычнасць, ацяпленне, вадаправод і каналізацыя.

Захавалася адрэстаўраваная агароджа з уязной брамай з буту і чырвонай цэглы, а ў апсідзе цяпер размяшчаецца кацельня.

Будынак двухпавярховы. На першым паверсе будынка размешчаны глядзельная зала змяшчальнасцю 240 месцаў, гардэроб і складское памяшканне. На другім паверсе фае і 7 рабочых кабінетаў. Разам з будынкам пакупніку перадаецца ў арэнду на 99 гадоў зямельны ўчастак плошчай 0,3973 га.

Пачатковы кошт лота - 259 438 410 рублёў, ці крыху менш за 13 тысяч даляраў.

Дарэчы, мэтавае прызначэнне будынка змяняць можна — галоўнае, каб падчас рэканструкцыі ці рамонту быў захаваны яго знешні выгляд і «гісторыка-стылістычныя асаблівасці». Гэта значыць, пераможца таргоў зможа адкрыць там, напрыклад, кавярню, міні-гатэль, рэстаран або офісы. Пры змене мэтавага прызначэння будынка, каб выкарыстоўваць яго для размяшчэння адміністрацыйных, грамадскіх, гандлёвых, жылых, забаўляльных аб'ектаў, прадпрыемстваў па абслугоўванні насельніцтва і іншых вытворчасцяў, размяшчэнне якіх дапускаецца ў зоне жылой забудовы, можна будзе змяніць мэтавае прызначэнне і зямельнага ўчастка.

Таргі пройдуць 26 красавіка на пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць».

0
ма-кака / Адказаць
31.03.2016 / 16:16
>Але гістарычныя будынкі з малатка прадаюць не так часта. а ў 'Энцыклапедыі архітэктуры' яго няма.. ён не з'яўляецца помнікам архітэктуры?
0
mikola / Адказаць
31.03.2016 / 16:21
Dobra Prydumali! Pradac *z malatka*!
0
Васіль Лепеш / Адказаць
31.03.2016 / 16:26
У 1843 годзе ў гэтым храме хрысцілі Дамініка Луцэвіча - бацьку Янкі Купалы. Як і многія рэлігійныя будынкі, у савецкі час гэты архітэктурны помнік неагатычнага стылю папраўце стыль на класіцызм
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру