У ЗША два былых супрацоўнікі хэдж-фонду стварылі матэматычную мадэль, якая дазваляе з высокай дакладнасцю дыягнаставаць сардэчныя захворванні па малюнку графіка МРТ.

Алгарытм быў створаны ў рамках спаборніцтва, у якім удзельнічала амаль тысяча каманд. Пераможцы — Тэнцыя Лі і Кі Лю — стварылі свой праект на аснове канцэпцыі згорткавай нейронавай сеткі, якая ўваходзіць у набор алгарытмаў машыннага навучання Deep Learning, або «глыбіннае навучанне».

У прыватнасці, згорткавая нейронная сетка імітуе апрацоўку візуальных дадзеных у млекакормячых.

У ходзе ранніх выпрабаванняў алгарытм вызначаў хваробы па МРТ дастаткова эфектыўна: не горш за кардыёлага-чалавека, але значна хутчэй. Паводле ацэнак медыкаў, новая тэхналогія можа быць вельмі каштоўнай для індустрыі візуалізацыі і сканавання ўнутраных органаў чалавека.

«Некаторыя працуюць над падобнымі праектамі ўжо 15 гадоў, я здзіўлены, што трохмесячны конкурс даў такія вынікі», — сказаў у гутарцы з Financial Times кіраўнік аддзела складанай візуалізацыі сардэчнай сістэмы Нацыянальных інстытутаў аховы здароўя ЗША Эндру Арай.

Пераможцы спаборніцтва Тэнцыя Лі і Кі Лю ў мінулым працавалі фінансістамі. Лі каля года таму звольнілася з хэдж-фонду Crabel Capital Management, а Кі Лю раней працаваў у фондзе Two Sigma.

Па словах Тэнцыі Лі, яны карысталіся праграмным забеспячэннем, узятым з адкрытых крыніц. Асноўная яго частка была запампаваная з сайта GitHub.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?