25.04.2008 / 12:37

Бліцкрыг супраць ільгот праваліўся 3

Цяпер шукаюць стрэлачніка. І хто ж гэта заварыў кашу? :) Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Дэпутат Чурсін заклікаў прыцягнуць да адказнасьці чыноўнікаў, што распрацоўвалі нашумелы законапраект пра льготы (дакладней кажучы, пра іх амаль татальнае скасаваньне).

Дэпутацкае абурэньне скіраванае на ўрад, і найперш на Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Гэта нагадвае пошук стрэлачніка. Вожыку зразумела: без адмашкі зьверху ніякае ведамства і нават дзесяць Сідорскіх не маглі б заварыць гэткую кашу, ініцыяваць навацыі падобнага маштабу з такім калясальным палітычным складнікам.

Летась увесну галоўным ньюсмэйкерам што да праблемы скасаваньня льготаў была спн. Пяткевіч. Менавіта намесьніца кіраўніка Адміністрацыі пераконвала дэпутатаў, што ў гэтым пытаньні настаў час буры ды націску. Маўляў, на добры лад увогуле варта было б "перасіліць сябе і пайсьці радыкальна — адмяніць ільготы ўсім да адзінага".

Што ж да вытокаў і аўтарства ідэі, то вось вам леташняе рэзюмэ афіцыйнага кіраўніка: "На выбарах усе нагамі тупалі ды лямантавалі: прыбраць ільготы! Я іх прыбраў".

Але бліцкрыг праваліўся. Цішком, "бяз гвалту" сытуацыю пачалі адкручваць назад. Далі загад у ВНУ, каб там шукалі магчымасьць кампэнсаваць праезд студэнтам. Знайшлі варыянты даць палёгку сілавікам. Цяпер вось вярнулі, пакуль што на цёплы сэзон, таньнейшы праезд пэнсыянэрам. Абяцаюць з новага году аднавіць асобныя льготы чарнобыльцам.

Звыш усяго, выглядае на тое, што расхваленая сыстэма адраснай падтрымкі аказалася элемэнтарна не пралічанай. Кажуць, у шэрагу рэгіёнаў выбралі ўжо гадавы рэсурс на гэтыя мэты. "Мы чакалі 162 мільярды рублёў эканоміі, у выніку мы атрымалі дадатковыя выдаткі на гэтыя мэты ў тры з паловай разы большыя, чыгунка панесла страты", — паведаміў дэпутат Чурсін.

Карацей, татальная канфузія і рэтырада. Даводзіцца ўлічваць і перадвыбарчы аспэкт, здымаць сындром незадаволенасьці паспалітага люду перад чарговым рытуалам ля выбарчых скрыняў. Прычым усё гэта зноў падаецца як праява мудрасьці ды чуласьці найвышэйшага кіраўніка. Самае ж адметнае, што масавая сьвядомасьць лёгка вядзецца на такія піяраўскія рэчы, і незалежная сацыялёгія пацьвярджае: перад кожнымі выбарамі рэйтынгі ўлады і яе галоўнай пэрсаналіі зноў лезуць угору.

Дарэчы, у апазыцыі з нагоды адмены льготаў шмат хто цішком паціраў рукі. Маўляў, хай лепей Ён робіць тое, што пасьля прыходу да ўлады мусілі б хоцькі-няхоцькі рабіць мы :) Не пашэнціла! Па-першае, эканомія на льготах аказалася пшыкам. Па-другое, надта ж вялікія іміджавыя выдаткі. Хоць выбары ў нас ёсьць працэдурай надзвычай ўмоўнай, але ж злаваць электарат усё адно ня хочацца. Тым болей што ён так удзячна рэагуе на любую цукерку!

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ

0
Scooter / Адказаць
25.04.2008 / 18:51
Аляксандар КЛАСКОЎСКІ напісаў: "Хоць выбары ў нас ёсьць працэдурай надзвычай ўмоўнай, але ж злаваць электарат усё адно ня хочацца. Тым болей што ён так удзячна рэагуе на любую цукерку!" -- я б сказаў, не на цукерку, а на падачку. Зараз адбываецца якраз тое, аб чым я некалі пісаў, калі адмянілі ільготы і нібыта "шмат якія" пэнсыянэры "сталі супраць Лу". А пісаў я, што перад чарговай кампаніяй мясцовы начальнік кіне ім падачку ў якім-небудзь выглядзе, і яны "дружнымі радамі" пойдуць за яго галасаваць. Так і адбываецца. А калі яшчэ і пэнсіі падвысіць перад "выбарамі"(адгадайце, якая верагоднасьць што так і будзе? ;)), дык тады зусім будуць займаць чаргу з 7 раніцы каб "прагаласаваць за лукашэнку" (нягледзячы на тое што "выбары" будуць непрэзыдэнцкія). То бок пэнсіянэры(большасьць зь іх) - гэта цьвёрды, надзейны падмурак сучаснага рэжыму нягледзячы ні на што. І я амаль не сумняюся, што яны пойдуць у зямлянкі, лягуць касьцьмі, але на свайго вусатага куміра будуць ледзьве не маліцца.
0
Дон / Адказаць
26.04.2008 / 10:55
На жаль нашы пенсиянеры амаль усе цвердалобыя жлабы, а я ведаю гэта з уласнага досведу, ды и пенсиянер ужо дауно. Быу жа дазволены митынг у абарону ильготау у Минску. И кольки людзей на яго прыйшло, мизэрная купка, а рэшце добра, дык хай и жуюць сваю рахманасць и памяркоунасць тупарылага идыёта
0
Уладзімер Русаковіч / Адказаць
26.04.2008 / 23:05
Scooter \"пэнсіянэры(большасьць зь іх) - гэта цьвёрды, надзейны падмурак сучаснага рэжыму\" Гатовы сьведчыць пра адваротнае, хоць бы па наведваньні грамадскіх месцаў за апошні месяц. Мікола Чурсін \"атрымалі дадатковыя выдаткі\". Спрашчэньне закона заўсёды на карысьць грамадзянаў. Было б цудоўна, калі б спадар Чурсін дадумаўся тое самае прапанаваць зрабіць з законамі аб падатках: меншыя падаткі - лепшае напаўненьне скарбу дзяржавы.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру