Са смерцю народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча краіна страціла значную грамадскую фігуру, сказаў літаратар і перакладчык Лявон Баршчэўскі.

Развітанне з Нілам Гілевічам, які памёр 29 сакавіка на 85-м годзе жыцця, праходзіць сёння ў Свята-Петрапаўлаўскім саборы Мінска.

Паводле слоў Баршчэўскага, Гілевіч быў «надзвычай значнай грамадскай фігурай для гісторыі Беларусі». «Яго паважалі, любячы або ненавідзячы, але з піетэтам да яго ставіліся вельмі розныя людзі — левыя, правыя, чырвоныя, зялёныя, «рускі свет» і «беларускі свет». У гэтым ён, магчыма, быў недаацэнены», — сказаў літаратар.

«Пры пэўных акалічнасцях Гілевіч мог бы ўзначаліць краіну і справіўся б з гэтым у пачатку 1990-х гадоў, — лічыць Баршчэўскі. — Краіна была б іншай, безумоўна, больш беларускай, і адраджэнне было б не на словах, а на справе. Вельмі шкада, што склаліся акалічнасці, якія не далі яму рэалізавацца ў гэтай сферы. Як паэт жа ён рэалізаваўся».

У сваю чаргу першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч заявіў, што развітваецца з Нілам Гілевічам «як з аднакурснікам, сябрам, але самае галоўнае, з такім беларусам, якога па гэты дзень няма». «Ён выдатна ведаў беларускі фальклор, бярог беларускую мову, ніколі не дапускаў яе скажэння ні ў бок тарашкевіцы, ні наркамаўкі. Гэта быў сапраўдны беларус, якіх сёння я больш не знаходжу. Дай бог, каб яны з'явіліся. Ён заклаў добры камень у падмурак беларускасці», — сказаў Шушкевіч.

Мовазнаўца Вінцук Вячорка адзначыў, што Ніл Гілевіч быў паэтам, навукоўцам, а таксама яго настаўнікам. «Высокі і статны, ён зрабіў фантастычнае ўражанне на мой першы філфакаўскі курс, калі адкрытым тэкстам сказаў нам: «Ні ў якім разе не дазваляйце, каб абражалі вас, вашу радзіму, продкаў і нашу мову». Гэта была прышчэпка для ўсіх, хто праходзіў праз яго ўніверсітэцкая навучанне», — сказаў Вячорка.

Паводле яго слоў, шматлікасць людзей на сённяшнім развітанні з паэтам і рэальная народная памяць сведчаць пра тое, што ён і такія ж, як ён, людзі — «гэта волаты беларускага духу, якія сцвердзілі надзвычайную эстэтычную каштоўнасць беларускай мовы». «Сваім жыццём, годнымі паводзінамі і ўчынкамі яны сцвердзілі наша права жыць на гэтай зямлі вечна», — сказаў Вячорка. Ён таксама падкрэсліў, што толькі за песні на вершы Гілевіча і яго ролю ў прыняцці Закона аб мовах яго імя «павінны былі ўпісаць залатымі літарамі ў гісторыю Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?