Так сталася, што я кожны раз спазняюся. Адлегласць і час пачатку збораў не маюць значэння. І вось перад выездам у Кіеў я вырашыў, што на гэты раз усё будзе па-іншаму. Я пачну збірацца за 5 гадзін. Я ўсё паспею. Я буду малаток.
Усё складвалася згодна з планам, я нават загадзя зганяў у краму і купіў «Першачка» новым украінскім знаёмым. Жонка даўтрамбоўвала сумку.
Да выезду заставаліся 30 хвілін, калі я адчуў лёгкі цяжар на сэрцы, які ў выніку аформіўся ў: «не можа быць, каб усё было гладка. недзе касяк». І касяк знайшоўся, калі я пачаў шукаць кашалёк.
— Каця, — кажу. Я — м*дак. Я забыў кашалёк у краме.
Кажу і сам думаю: м*дак — слаба сказана. У кашальку 140 баксаў, з якіх 40 наогул — чужых. На білеты на «Мьюз» дадзеных. Беларускіх — нармальна так і, …, картка (!), на якой грошы на Кіеў і наогул за паўтара месяца(!) працы. Акрамя таго, правы кіроўцы і талон кіроўцы. Карацей, о кашалёк, ты — жызнь…
Ну, з'езджу ў магаз, думаю. Для ачысткі сумлення. Прыязджаю. Паўгадзіны да закрыцця. Падыходжу да прадавачкі:
— Добры дзень, вы кашалёк не знаходзілі?
— Знаходзілі, знаходзілі. Толькі нам трэба пагаварыць.
— Давайце гаварыць, кажу.
— Карацей, мы выклікалі ДАІ, аддалі ваш талон кіроўцы. А кашалёк — сказалі, самі вам аддадзім. Па вашых дакументах. Вось хацелі тэлефанаваць. Бо інакш бы вам адзін кашалёк бы і вярнулі. Без грошай. І сказалі б, што так і было. Мы за вамі адразу пабеглі, але вы з'ехалі. Мы ведаем, што там у вас і колькі. Правяраце, ці ўсё ў парадку.
— …
Правяраю. Усё ў парадку.
— Скажыце, а ці можна вам віна купіць у знак вялікай удзячнасці?
— Можна яму… Нужна! — Смяецца. Толькі мы ўдвух ваш кашалёк вартавалі.
— Якое лепш любіце?
— Белае!
…
Зноў спазняемся. Выклікаем таксі. Па дарозе расказваю таксісту пра свой перадвыязны дурдом.
— Я дык сто разоў вяртаў знойдзеныя рэчы. П'яных падымаў. Ну, вось вырашыў праверыць, ці працуе мая карма ў адваротны бок. Спрацавала. Вярнулі кашалёк.
Таксіст пасміхаецца.
— Я таксама заўсёды рэчы вяртаю, што ў мяне пакідаюць. Тут сто даляраў заробіш — на тысячу згубіш. Прадам я гэтую мабілу, і што? Дурасць нейкая. Дык вы спяшаецеся?
— Напэўна, яшчэ паспяваем.
— Ну добра. Куды едзеце?
— У Кіеў.
— І як там? Спакойна?
— Не чытайце савецкіх газет.
— Вось і я кажу. А у мяне знаёмыя з Омска прыехалі. нават не ведаю, што з імі рабіць. Зомбі. Паўсюль у іх бандэраўцы.
Высаджваемся. Расплачваюся. Развітваемся.
Самая танная паездка да вакзала ў маім жыцці.