У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 8 красавіка адбудзецца разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да былога кандыдата ў прэзідэнты і палітвязня Мікалая Статкевіча за ўдзел у вулічнай акцыі 25 сакавіка з нагоды Дня Волі.

Апавяшчэнне аб даце суду палітык атрымаў з дапамогай смс-паведамлення. «Хакеры зусім зрабіліся нахабнымі, — заявіў Статкевіч, — шлюць мне на тэлефон спам, я абураны іх дзеяннямі. Чакаю, калі ў мяне арыштуюць тэлефонны рахунак, каб я перастаў атрымліваць іх паведамленні. Праўда, адчуваю, гэта не здарыцца, таму што больш слаць мне спам ім не будзе куды».

Паводле слоў Статкевіча, дома ў яго стацыянарная тэлефонная сетка выкарыстоўваецца толькі для падключэння да інтэрнэта, хоць яму прапаноўвалі «ўключыць тэлефон па прызначэнні». Статкевіч падкрэсліў, што на спам рэагаваць не будзе, не павядзецца «на гэту правакацыю». «Сёння ж 1 красавіка, гэта быў жарт», — іранічна адзначыў ён.

Як раней паведамлялася, складзеныя завочна пратаколы за ўдзел у акцыі 25 сакавіка з нагоды Дня Волі атрымалі і іншыя палітыкі і грамадскія актывісты, у прыватнасці сустаршыня аргкамітэта па стварэнні Партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, грамадскія актывісты Леанід Кулакоў, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?