Цана расійскага газу для Беларусі павінна складаць 80 даляраў за тысячу кубаметраў замест цяперашніх 142 даляраў. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр рэспублікі Андрэй Кабякоў у інтэрв'ю РІАН.

«Што датычыцца прыроднага газу, то яго цана ў пачатку 2014 года складала 165 даляраў за тысячу кубаметраў. Гэта было пры курсе расійскага рубля 32-33 за даляр. На 1 студзеня 2015 года ў нас цана на газ стала 142 даляры», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, даляр з тых часоў стаў каштаваць больш за 60 расійскіх рублёў. «Лагічна, што газ ужо павінен каштаваць парадку 80 даляраў, а ў нас 142», — лічыць Кабякоў. Такім чынам, цана на энерганосьбіт з Расіі, на думку беларускага прэм'ера, можа быць ніжэй на 42%.

Акрамя таго, паводле яго слоў, у Беларусі лічаць несправядлівымі разлікі за прадукцыю ў расійскіх рублях, а за энерганосьбіты — у далярах. Як адзначыў Кабякоў, аб'ём знешняга гандлю летась у нацыянальных валютах паміж краінамі склаў каля 82%.

«Экспарт Беларусі ў Расію практычна на 100% ідзе ў расійскіх рублях. Імпарт ідзе таксама ў расійскіх рублях. Але ўсе энерганосьбіты мы купляем за даляры», — сказаў ён. Разлічвацца, паводле слоў прэм'ер-міністра, можна і ў расійскіх рублях, але галоўная праблема ў тым, што цэнаўтварэнне прывязанае да даляра.

У канцы лютага беларускі віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка заявіў, што Беларусь разлічвае дамовіцца з Расіяй аб зніжэнні кошту расійскага газу.

У студзені бягучага года Сямашка правёў перамовы з віцэ-прэм'ерам Расіі Аркадзем Дварковічам, тады яны не змаглі дасягнуць дамоўленасцей пра зніжку на газ. Афіцыйны Мінск заяўляў, што разлічвае на зніжэнне кошту тысячы кубічных метраў расійскага газу ў 2016 годзе на 10 даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0