Двухразовы віцэ-чэмпіён Алімпійскіх гульняў (2004, 2008), двухразовы чэмпіён свету (2006, 2007) Андрэй Рыбакоў здаў станоўчы допінг-тэст, паведамляе афіцыйны сайт Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі (IWF).

У спробе цяжкаатлета выяўленыя сляды мельдонію, які быў унесены ВАДА ў спіс забароненых прэпаратаў з 1 студзеня 2016 года і на якім папалася ўжо больш за сотню спартсменаў, уключаючы знакамітую расійскую тэнісістку Марыю Шарапаву.

Андрэй Рыбакоў, якому належаць рэкорды свету ў вагавой катэгорыі да 85 кг у рыўку (187 кг, ЧС-2007) і па суме дваябор'я (394 кг, АГ-2008), часова адхілены ад спаборніцтваў. Папярэднім яго топ-турнірам быў ЧС-2014, дзе ён заняў у дваябор'і 8-е месца і заваяваў золата ў рыўку.

Рашэнне аб дысцыплінарных санкцыях у дачыненні да Рыбакова альбо апраўдальны вердыкт (калі будзе ўстаноўлена, што спартсмен не парушаў антыдопінгавых правілаў) будзе апублікавана пасля завяршэння расследавання. Да гэтага IWF не будзе даваць якіх-небудзь дадатковых каментароў па гэтай справе.

У канцы снежня 2015 года Міжнародная федэрацыя цяжкай атлетыкі абвясціла аб яшчэ двух станоўчых допінг-пробах у зборнай Беларусі. Яны былі ўзятыя на лістападаўскім чэмпіянаце cвету 2015 у Х'юстане, дзе беларуская дружына заваявала максімум квот на Алімпіяду-2016.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?