Амерыканская армія працуе над мадэрнізацыяй несамаходных гаўбіц M777A2, каб яны маглі знішчаць цэлі на адлегласці да 70 км, піша афіцыйны партал Сухапутных войскаў ЗША.

Гармата ў працэсе мадэрнізацыі. Фота army.mil

Гармата ў працэсе мадэрнізацыі. Фота army.mil

Адносна лёгкая гармата калібру 155 мм будзе мець на 1,8 м больш доўгую рулю і на 400 кг большую вагу, чым да мадэрнізацыі. У выніку маса гарматы падымецца да 4600 кг.

Такім чынам, амерыканскія артылерысты могуць амаль цалкам гарантаваць сабе адсутнасць пагрозы з боку калег — артылерыстаў постсавецкіх краін з гарматамі аналагічнага калібра.

Гэтак, 152 мм гаўбіца 2А65 «Мста-Б», якая была распрацаваная на 20 год раней, не толькі важыць 7000 кг, але і мае дальнасць стральбы толькі да 30 км. Гэта самая сучасная несамаходная гаўбіца гэтага калібру, якая знаходзіцца на ўзбраенні ў Беларусі, Украіне і Расіі.

«Мста-Б». Фота rusarmy.com

«Мста-Б». Фота rusarmy.com

Значна меншая вага амерыканскай гарматы таксама робіць яе больш мабільнай і дазваляе хутчэй рыхтавацца да стральбы на новай пазіцыі — за 2 хвіліны 10 секунд.

Кіраванне стральбой M777A2 ужо цяпер адбываецца праз камп'ютары і з выкарыстаннем сістэмы глабальнага спадарожнікавага пазіцыянавання.

У вайне на Данбасе старажытны род войск граў і грае дагэтуль вызначальную роль пры вядзенні баявых аперацый абодвух бакоў. Дзеянні артылерыі ў 2014-2016 гадах уважліва вывучаюцца вайсковымі экспертамі ўсіх больш-менш значных краін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?