Усяго патроху1313

Крысцiян з Краiны Баскаў вывучае Палессе

Крысціян Ронсэро родам з горада Більбао, Краіна Баскаў, Іспанія. Яму 26 гадоў. Маладога чалавека з тыповай паўднёвай знешнасцю гэтай вясной можна сустрэць у вёсках Лунінецкага і Пінскага раёнаў. Ён шукае людзей, што размаўляюць на мясцовых дыялектах. Бо вывучае і даследуе менавіта мову народа. Крысціян пагадзіўся даць эксклюзіўнае інтэрв’ю для нашага штотыднёвіка.

- Я з Більбао. А зараз займаюся ва ўніверсітэце Сурэя. Гэта горад Гільфард, Вялікая Брытанія.

- Па якой спецыяльнасці вы вучыліся?

- Спачатку вучыўся на перакладчыка. Мой профіль французска-рускі. У магістратуры вывучаў прыкладное мовазнаўства.

- І з якой нагоды вы апынуліся на Палессі?

- Спачатку атрымаў стыпендыю, каб вучыцца ў Англіі. Мая паездка ў Беларусь звязана з тым, што мне трэба сабраць матэрыялы для навуковай працы на тэму «Марфалогія і фаналогія заходнепалескіх гаворак».

- Як цікава. А чаму менавіта такі выбар?

- Я абраў такую тэму таму, што падобных тэм было няшмат, мне гэта цікава, і не будзе нічога падобнага ў іншых. Тым больш, што напісанне такой працы дало магчымасць зноў пабываць у Беларусі.

- О, дык вы былі і раней у нашай краіне?

- Так, яшчэ ў 2009 годзе быў на летніх курсах у Мінскім лінгвістычным універсітэце, вывучаў там расійскую мову. Пазней яшчэ прыязджаў сюды з сябрамі. Потым вучыўся ў Польшчы, гэта ж зусім побач. Але затым усур’ёз зацікавіўся беларускай мовай. І калі ў 2012 годзе скончыў вучобу па сваёй спецыяльнасці, то паспрабаваў вывучаць беларускую мову ў Брэсце. Гэта было ва ўніверсітэце імя Пушкіна. А ў 2013 годзе яшчэ і стыпендыю атрымаў, каб зноў пабываць у Беларусі і вывучаць мову гэтай краіны.

- І як вам Беларусь?

- Я сумаваў па гэтай краіне, па Берасцейшчыне. Мабыць, і за гэтую тэму ўхапіўся з задавальненнем, каб папрацаваць на Палессі.

- Крысціян, раскажыце, а як звычайна праходзяць вашы сустрэчы з мясцовымі жыхарамі?

- Гэта вельмі цікавыя моманты. Калі, напрыклад, я прыходжу ў дом да нейкай бабулі, то яна спачатку саромеецца, але потым кантакт наладжваецца. Старыя людзі дзеляцца ўспамінамі, а потым нават песні спяваюць. Мне вельмі прыемна з імі размаўляць, я запісваю на дыктафон, здымаю відэа, раблю фота. Гэта вельмі добры матэрыял, з якім я буду шмат працаваць.

- А чаму менавіта бабулькі, людзі сталага веку?

- Таму што яны носьбіты і захавальнікі той мовы, якая мяне цікавіць. Маладзейшыя размаўляюць па-руску альбо на трасянцы. Мне гэта не патрэбна.

- Крысціян, нешта вас неяк асабліва ўразіла ці зацікавіла ў нашых краях?

- Я разумею, што я проста раблю сваю працу. Але ж стараюся зрабіць яе як мага цікавейшай. На Палессі шмат таленавітых людзей. З імі цікава. Ёсць і сапраўдная экзотыка. Нешта такое, што больш не стрэнеш нідзе. І мне хочацца пра гэта пісаць, каб людзі ведалі пра гэта і цікавіліся Палессем, як цікаўлюся я.

- Што больш за ўсё вас уразіла з убачанага і пачутага?

- Напэўна ж, людзі. Трапляюцца не надта кантактныя, але гэта хутчэй за ўсё выключэнне, чым правіла. Спачатку людзі глядзяць на цябе з недаверам. Затое потым гатовы размаўляць з табою на любыя тэмы, нават аб нечым вельмі асабістым. І гэта прыемна, калі чалавек табе давярае і адчыняе сваю душу перад тым, каго бачыць упершыню ў жыцці. Скажу, што палешукі нават больш адкрытыя, чым жыхары краін заходняй Еўропы.

- Дзе вы ўжо пабывалі і дзе яшчэ мяркуеце пабываць?

- Наведаў некалькі вёсак у Лунінецкім, Пінскім і Жабінкаўскім раёнах. У мяне яшчэ шмат часу. Я прабуду тут да ліпеня.Магу быць дзе заўгодна і працаваць там, дзе для мяне ёсць нешта цікавае, калі змагу аргументаваць сваё рашэнне перад маімі кіраўнікамі. Бо менавіта з імі ўсё ж удакладняю маю свабоду выбару.

- Крысціян, вы гаварылі ўжо, у якіх краінах праходзілі навучанне. А дзе яшчэ вам давялося пабываць?

- Вучыўся ў Беларусі, Польшчы, Расіі, Францыі, зараз вось вучуся ў Англіі. Калі казаць пра нейкія падарожжы ці вандроўкі, то давялося шмат дзе быць. Для еўрапейца з гэтым няма ніякіх праблем. Усе гэтыя паездкі навучылі мяне быць камунікабельным і адкрытым. Яны далі мне агромністы досвед у стасунках з людзьмі.

- Крысціян, да вас як да чалавека, што вывучаў рускую і беларускую мову, я маю наступнае пытанне. Нам заўсёды казалі, што руская і беларуская мовы вельмі падобныя, розніца паміж імі зусім невялікая. Так меркавалі мае расійскія сябры. Але ж калі я падарыў ім сваю кніжку, напісаную па-беларуску, то яны сказалі, што амаль нічога не разумеюць. Што вы думаеце на гэты конт?

- Як славянскія мовы, яны вельмі падобныя, але ж паміж імі існуе і агромністая розніца. Наогул, кожная мова - гэта цэлы сусвет. Як пра адметнасці, так і пра падабенства можна размаўляць бясконца.

- Крысціян, а ці карэктна будзе параўнаць беларусаў і баскаў?

- Беларусы, як і любыя іншыя людзі ў свеце, розныя. Напрыклад, зараз я жыву ў Англіі. З ангельцамі можна размаўляць аб нечым, што на паверхні, бо ўглыб, у душу ніхто не пусціць. Беларусы, як і баскі, больш адкрытыя і вельмі шчырыя. Напрыклад, тут, на Палессі, я іду да людзей проста пагаварыць, зрабіць сваю працу, але людзі пытаюцца, ці не галодны я, прапануюць ежу, нечым частуюць.

- Як вы ставіцеся да таго, што не так шмат беларусаў размаўляюць на роднай мове?

- Шкада, калі людзі не цэняць таго, што ў іх ёсць. На маёй радзіме сітуацыя падобная. Але я веру ў лепшае. Беларусам варта лепш ставіцца да роднай мовы, шанаваць яе, вывучаць і, галоўнае, ужываць у паўсядзённым жыцці. І ніякім чынам не саромецца сваёй мовы, наадварот - ганарыцца ёю. Падмена роднай мовы трасянкай, якую ўжываюць беларусы, - не выйсце. Ад гэтага трэба пазбаўляцца і ўжываць сапраўдную мову.

- Крысціян, напэўна ж, вы ведаеце, што ў нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы. Гэта добра ці дрэнна?

- Чым больш розных моў ведае чалавек, тым лепш. Сітуацыя з дзвюхмоў’ем у Беларусі па-свойму спецыфічная, і я не магу даць нейкі канкрэтны адказ на гэтае пытанне.

- Дзякуй, што пагадзіліся адказаць на пытанні. Вы прыемны чалавек і цікавы суразмоўца. Жадаем вам яшчэ шмат цікавых уражанняў, плёну ў зборы матэрыялаў і, вядома ж, паспяховай абароны вашай навуковай працы.

- Дзякуй і вам. Мне было цікава і карысна гаварыць з вамі. Я даведаўся шмат новага, асабліва, што тычыцца пытанняў гісторыі і краязнаўства.

Каментары13

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў4

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў

Усе навіны →
Усе навіны

Сяргей Ціханоўскі прыедзе на фэст «Тутака» на Падляшшы10

Bild публікуе «сакрэтны спіс» зброі, якую Украіна просіць у Германіі6

У 2026 годзе беларусы будуць адпачываць меней, чым у гэтым годзе

Ціханоўская — Трампу: Лукашэнку трэба пакараць, а не заахвочваць40

Пажар у Пухавіцкім раёне, дзе загінулі ўнучка і бабуля, быў выкліканы падпалам1

Беларус знайшоў рэдкую манету. За яе даюць ужо 18 тысяч рублёў, але таргі працягваюцца6

22-гадовы каліновец Ціхан «Франц» Клюкач атрымаў кантузію3

25 гадоў таму быў выкрадзены тэлеаператар Дзмітрый Завадскі1

У Віцебску асвоілі будаўніцтва тэхнічнага флота: зрабілі ўласны цеплаход4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў4

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць