Міністэрства аховы здароўя вызначыла пералік захворванняў і супрацьпаказанняў, якія перашкаджаюць кіраванню механічнымі сродкамі транспарту, самаходнымі машынамі. Таксама прапісаныя ўмовы, пры датрыманні якіх асобы дапускаюцца па медыцынскіх паказніках да кіравання.
Тэкст дакумента апублікаваны 2 красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набудзе моц праз 15 дзён.
У пералік трапілі захворванні і супрацьпаказанні, з якімі нельга садзіцца за руль за транспартных сродкаў розных катэгорый — ад матацыклаў і легкавых аўто да трактароў.
Сярод некалькіх дзясяткаў хваробаў з гэтага пераліку — захворванні вачэй і прыдатачнага апарату, вуха, соскападобнага адростку, горла, гартані, трахеі, шэраг хірургічных захворванняў, захворванняў унутраных органаў, нервовай сістэмы. Да такіх супрацьпаказанняў аднесеная і цяжарнасць 12 тыдняў і больш, рост кіроўцы, меншы за 145 сантыметраў. Пры наяўнасці анкалагічных захворванняў патрэбны дазвол доктара-анколага.
Для кожнага захворвання ёсць шэраг умоваў, пры якіх асобы дапускаюцца да кіравання транспартным сродкам.