25.04.2008 / 15:17

Лістападаўскі джаз Аповесьць пра час, які незваротна адыходзіць 1

Зазвычай такія п’есы ставяць ад безвыходнасьці — калі трэба ехаць куды‑небудзь на антрэпрызу, а цягнуць кучу касьцюмаў ды дэкарацый ня хочацца. Граюць у такіх спэктаклях сапраўдныя зоркі — бо толькі зорка здольная трымаць увагу гледача гадзіну і сорак хвілінаў без антракту. Піша Аляксандар Фядута.


Фота з сайту Купалаўскага тэатру

21 красавіка на вялікай сцэне Купалаўскага давалі п’есу не вядомага мне амэрыканскага драматурга Маё Сайман «Я не пакіну цябе…». Зазвычай такія п’есы ставяць ад безвыходнасьці — калі трэба ехаць куды‑небудзь на антрэпрызу, а цягнуць кучу касьцюмаў ды дэкарацый ня хочацца. Граюць у такіх спэктаклях сапраўдныя зоркі — бо толькі зорка здольная трымаць увагу гледача гадзіну і сорак хвілінаў без антракту.

Я ўвайшоў у залю Купалаўскага тэатру за чатыры хвіліны да пачатку спэктаклю — і здранцьвеў. Мне падалося, што заля нязвыкла пустая — як пустая і сцэна. Потым прыгледзеўся. Не, усё як мае быць. У залі сядзела некалькі гледачоў — і на сцэне стаялі лавы, крэслы, нейкая агромністая бутафорская валіза — і колькі дрэваў у кадушках. Клёны з чырвоным лісьцем. Восень.

Але людзі падцягнуліся. Канец працоўнага дня — і, убачыўшы ў праграмцы, што антракту ня будзе, глядач пачаў візыт у тэатар з буфэту. Яго нельга за гэта ганіць. У рэшце рэшт, дзеля гэтага буфэты і ёсьць.

Грала ціхая музыка. Пачало згасаць сьвятло ў залі, запалілася на сцэне, і зьявілася Марыя Захарэвіч. Мяркуючы па тым, што яна была і пастаноўшчыкам спэктаклю, глядач убачыў гэтую сумную гісторыю зь яе ініцыятывы.

Гісторыя сапраўды сумная. Жыве стар… немаладая акторка, якая пачынае сьлепнуць. Ёй трэба рабіць апэрацыю. На прыпынку, спрабуючы трапіць у аўтобус, які ўвесь час праяжджае паўзь яе, яна знаёміцца зь іншай немаладой акторкай — якая грала ці то ў вар’етэ, ці то ў апэрэце. У той усё як мае быць з вачмі, але яна траціць памяць — разьвіваецца хвароба Альцгаймэра.

Далей — усё вельмі кепска. Адна перажывае няўдалую апэрацыю, другая — цалкам страчвае памяць. Чаму аўтар называе ўсё гэта «трагікамэдыяй», мне асабіста было незразумела, бо нічога камічнага ў прадстаўленьні не было.

Была добрая ігра. Адчуваўся ўзровень. Эпізод, у якім гераіня Захарэвіч дэклямуе спачатку маналёг Мэдэі, а потым ўрывак з «Трох сёстраў», сьведчыць, як магла б спадарыня Марыя граць — ды што там «магла»! — як яна можа граць высокую клясыку. Але час бязьлітасны да жанчыны, якая выходзіць на сцэну. То ж бо мужчына‑актор у старасьці можа спадзявацца на падарунак лёсу і літасьць рэжысэра, які вырашыў паставіць «пад яго» «Караля Ліра» ці «Дзяцей Ванюшына», у найгоршым разе — «Касьцюмера». А каго граць немаладой акторцы? Гертруду? Дык цяпер Гамлетаву маці ў поўнай адпаведнасьці з гістарычнай праўдай граюць саракагадовыя. Вечную Агату Пустарэвічыху? А вы пэўныя, што там ёсьць, што граць, апрача этнаграфічнага калярыту — дый і той усяго толькі сорак тры гады? А Шылера — тую ж Элізабэт у «Марыі Ст’юарт» — трэба, каб нехта яшчэ захацеў паставіць!

Акторскае мастацтва эфэмэрнае, як кветкі. Застаецца водар успамінаў у артыкулах і аповедах сучасьнікаў — але калі цябе не захавалі на стужцы, то ніхто ня здолее нават уявіць, якой ты была! Як кахалі цябе партнэры і гледачы! Як абагаўлялі!.. Але ніхто ня зможа ацаніць ігры Аляксандры Яблачкінай, Марыі Ярмолавай, Вольгі Кніпер. Ды калі б і захаваліся запісы іх спэктакляў — мяняецца манера акторскай ігры, мяняюцца густы глядацкай залі.

Пастаноўшчык Захарэвіч вельмі дакладна выбрала для акторкі Захарэвіч партнэрку. Бліскучая прыма Тэатру музычнай камэдыі Натальля Гайда дастаткова лёгкая, каб граць былую акторку вар’етэ. Але і яна ўжо пасьпела адчуць жорсткасьць часу, які забірае маладосьць, а разам з маладосьцю і першыя ролі. Я, гарадзенскі хлапчук, чуў яе ў апэрэтах Кальмана, калі тэатар прыяжджаў да нас на гастролі. Мая маці казала: «Гайда прыехала!» — і, як і належыць чальцу прафкаму, даставала квіткі на ўсю нашую сям’ю з двух чалавек. А цяпер ня тое… Марыца і Сыльва мусяць быць маладзейшыя — і даводзіцца сыходзіць у цень.

Але вось і яе гераіня адчыняе таямнічую бутафорскую валізу, больш падобную да куфра, і вымае адтуль чорны капялюш і ружовае баа, якое нейкім тэатральным цудам завалялася ў хаце відавочна трагічнай акторкі. І памяць вяртаецца да яе, і яна пачынае сьпяваць — такім звонкім, такім маладым голасам Натальлі Гайды пра «Кенгуру». А потым, праз колькі хвіляў, яе ж голас зьліваецца з голасам Марыі Каляс — і спачатку паўтарае яе, а потым ужо самастойна вядзе мэлёдыю…

Гэта п’еса пра тое, што адзінокім старым людзям патрэбная помач. Але мы бачым дзьвюх прыўкрасных жанчын, дзьвюх зорак беларускае сцэны, якім ня помач патрэбная — а ролі! Яны ў поўным росквіце свайго таленту. Але і ў красавіку, і ў траўні яны выйдуць на сцэну толькі аднойчы — у гэтым спэктаклі, які прыдумала і паставіла Марыя Захарэвіч. Танец, які яны танчаць, нібыта даводзіць, што ня толькі голасам граць могуць, але і плястыка ня страчаная, і задышка іх не турбуе. Сцэна прымушае трымацца ў форме, памятаць пра тое, што ў сапраўднай акторкі няма ўзросту. Тым болей калі граць — хочацца!

Гледачы, дарэчы, гэта ацанілі. Ужо потым, у чарзе ў гардэроб, я пачуў фразу:

— Калі два чалавекі на сцэне — як хораша граюць! Тут не схаваесься!

І сапраўды не схаваесься. Дзе хавацца? За тонкімі клёнамі з чырвонай асеньняй лістотай? За дакладна падабранай музыкай? За партнэркай, якая ў тым самым становішчы, што і ты, — гадзіну і сорак на сцэне. Трэба аддаваць сябе цалкам.

Як яны гэта робяць! Як яны граюць дзьвюх немаладых акторак, якім ня хочацца рабіцца старымі! Таму што старасьць — гэта непазьбежная самота, якая ўспрымаецца імі як нешта ненатуральнае. У адной хоць бы кот ёсьць.

Не, трэба трываць. Трэба быць моцнымі. Вось Нэці (Захарэвіч) з завязанымі вачыма рухаецца па завучаным за столькі гадоў пакоі — і лаецца.

— Хто паставіў сюды гэтае крэсла?!

Сапраўды — хто?!

Вось Шпрыцы (Гайда) моліць нявольную сяброўку ня гнаць яе ў пустую нават пры дачцэ кватэру:

— Табе ж трэба, каб заўтра хто‑небудзь давёз цябе да бальніцы! Я не пакіну цябе!

І сапраўды — трэба!

Шпрыцы ня памятае ўжо, што яе дачка застрэлілася і што менавіта трэба пісаць на банкаўскім квітку, але яна ведае галоўнае:

— Мы з табой разам — паўнавартасны чалавек! Мы патрэбныя адна адной!

Сапраўды, шчырасьць, любоў і жаданьне быць карыснай робяць кожную зь іх гераіняў паўнавартасным чалавекам. Міласэрнасьць і літасьць — зусім не адно і тое самае. Каралеваў нельга шкадаваць — гэта прыніжае! Але каралевы могуць самі дапамагаць адна адной. І іншым. Пра гэта граюць свой спэктакль дзьве ці ня самыя бясспрэчныя зоркі сёньняшняй беларускай сцэны.

Яны граюць так моцна, што ў нейкі момант ты перастаеш міргаць — і адчуваеш нейкую рэзь уваччу. Нібыта хочаш заплакаць — і ня можаш. Табе, як і ўсім астатнім гледачам, абяцалі трагікамэдыю — а паказваюць трагедыю. Нягледзячы на дурны хэпі энд, прылеплены аўтарам, — усё адно — трагедыю! У жыцьці ж хэпі эндаў не бывае. І, наракаючы на ўласную сэнтымэнтальнасьць, на тое, што паддаўся акторскай ігры, ты пачынаеш вінаваціць ва ўсім астатніх. І гэты джаз, які лунае ў паўзмроку па‑над сцэнай. І гэтыя чырвоныя разныя клёны Барыса Герлавана. І ўсю гэтую атмасфэру, да якой пасьпяваеш прывыкнуць ад пачатку сэзону.

І адзіны хэпі энд, які ты прымаеш як заканамерны і заслужаны шчасьлівы фінал гэтай трагедыі, сыгранай дзьвюма немаладымі акторкамі пад лістападаўскі джаз, — гэта невядома адкуль узьніклая Валянціна Коўтун, якая падарыла ім, акторкам, што выйшлі на паклон, дзьве вялізныя белыя хрызантэмы. Я ведаю тыя кветкі: яны трывалыя, як праўдзівы талент.

Аляксандар Фядута, глядач

0
Зміцер Арцюх / Адказаць
27.05.2008 / 09:55
ЦУДОЎНЫ артыкул!!! У захапленні!!! Як так навучыцца пісаць?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру