Барацьба з падатковым махлярствам з'яўляецца вырашальнай палітычнай бітвай для Еўрапейскага Саюза.

Пра гэта заявіў еўракамісар па эканамічных пытаннях П'ер Маскавісі ў інтэрв'ю RTL Radio, каментуючы маштабнае расследаванне ценявых схем дзесяткаў лідараў і сотняў палітыкаў сусветнага маштабу, так званае «Panama Papers».

«Гэта добрая навіна, таму што гэта дае палітычную зброю, каб сказаць: хопіць! Гэта палітычная барацьба, якая мае вырашальнае значэнне для Еўракамісіі. Гэта жыццёва важна для нашых суграмадзян, якія сытыя па горла тым, што яны плацяць падаткі, а адзін чалавек або юрыдычная асоба паводзіць сябе так, быццам мае нейкія прывілеі», — сказаў Маскавісі.

Ён таксама сцвярджае, што «банкаўскай таямніцы больш фактычна не існуе», дзякуючы «аўтаматычнаму абмену інфармацыяй, навінцы, якая працуе тры ці чатыры гады, і дазваляе адсочваць уладальнікаў рахункаў».

Як вядома, у адной з самых засакрэчаных кампаній свету — Панамскай юрыдычнай фірмы Mossack Fonseca — адбылася ўцечка 11 мільёнаў канфідэнцыйных дакументаў.

Дзякуючы ёй стала вядома, як багатыя і ўплывовыя асобы выкарыстоўваюць афшорныя зоны, каб схаваць сваю маёмасць.

Раней паведамлялася, што прэм'ер-міністр Ісландыі Сігмюндзюр Гюнлейгсан можа сысці ў адстаўку праз датычнасці да сакрэтнай афшорнай кампаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?