Міністэрства ўнутраных спраў не мае намеру па ўласнай ініцыятыве прыцягваць да адказнасці звычайных карыстальнікаў пірацкіх праграм, інфармацыйнай прадукцыі, якая нелегальна запампавана, размешчана і выкарыстоўваецца ў сетцы. Такая выснова вынікае з выступлення на прэс-канферэнцыі ў Мінску намесніка начальніка першага аддзела першага ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Аляксандра Пагоскага.

4 красавіка набылі моц некаторыя папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП), у тым ліку тыя, якія датычацца парушэння аўтарскіх правоў і правоў на інтэлектуальную ўласнасць.

«Калі нейкі студэнт запампаваў сабе на камп'ютар мелодыю і затым распаўсюдзіў яе сярод сваіх аднагрупнікаў, то ў нас няма нават прававой падставы пачынаць адміністрацыйны працэс, — падкрэсліў Пагоскі. — Таму што, каб устанавіць гэты факт, нам трэба нейкая заява [ ад праваўладальніка] ці хаця б аператыўная інфармацыя [аб правапарушэнні]. Аператыўную інфармацыю ў дачыненні да студэнта па гэтых фактах наўрад ці можна атрымаць легальным шляхам — не такое сур'ёзнае правапарушэнне ён учыняе. Што да падачы заявы праваўладальнікам або аўтарам, то ў маёй практыцы яшчэ не было фактаў, каб праваўладальнік або аўтар падаваў заяву ў адносiнах да фiзiчнай асобы, якая сваім сябрам ці знаёмым па лесвічнай пляцоўцы перадала нейкі твор па тэлефоне».

У той жа час прадстаўнік МУС адзначыў, што асоба, якая так паступае, усё ж учыняе правапарушэнне і тэарэтычна можа быць прыцягнута да адказнасці. «Фактычна ж я далёкі ад думкі, што такія выпадкі ў нас будуць у практыцы ў найбліжэйшыя пяць ці дзесяць гадоў», — адзначыў ён.

Перапублікацыя спасылак на кантрафактнай прадукцыі ў сацыяльных сетках таксама з'яўляецца правапарушэннем, аднак на практыцы МУС не стане «апускацца да такога ўзроўню, каб складаць пратаколы ў дачыненні да падобных фактаў». «У нас дастаткова сур'ёзных фактаў, на якіх трэба засяродзіць свае намаганні», — дадаў Пагоскі.

Такім чынам, папраўкі ў КоАП накіраваныя на спыненне масавага распаўсюджвання кантрафактнай прадукцыі. У рэальнасці гэта тычыцца асоб, якія займаюцца продажам пірацкіх дыскаў, а ў віртуальным свеце — торэнт-сайтаў, на якіх агрэгатуецца велізарны масіў пірацкай інфармацыі. Пры гэтым чыноўнік МУС звярнуў увагу на тое, што беларускія праваахоўнікі могуць змагацца толькі з тымі распаўсюджвальнікамі пірацкай прадукцыі, чые серверы знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?