У Віцебску затрыманыя чацвёра мужчын, якія займаліся частковай падробкай даляраў ЗША. Пра гэта сёння паведамілі журналістам праваахоўнікі на сумесным брыфінгу ўпраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці і УУС аблвыканкама.

Старшы следчы аддзела па расследаванні злачынстваў у сферы эканомікі ўпраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Юлія Салоха праінфармавала, што ўпраўленне расследуе крымінальную справу, рпаспачатую ў дачыненні да 4 жыхароў горада Віцебска, па ч.1 арт.221 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

«Фігурантам крымінальнай справы 1974, 1990, з 1995 і 1986 гадоў нараджэння ўжо выстаўленае абвінавачванне, да іх прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, — канстатавала Юлія Салоха. — У ходзе папярэдняга расследавання выяўлена, што гэтыя грамадзяне са снежня 2015 года па студзень 2016 года ажыццявілі збыт грашовых білетаў наміналам $50 на агульную суму $1850, што складае 37 грашовых білетаў. Гэтыя купюры вырабленыя з сапраўдных шляхам змены іх наміналу».

Праведзеныя ператрусы па месцы жыхарства абвінавачаных, вочныя стаўкі, апазнанні, праверкі паказанняў на месцы, дапытаныя шматлікія сведкі, праведзеныя крыміналістычныя экспертызы.

Старшы оперупаўнаважаны 2-га аддзела ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксей Іагнаткаў адзначыў, што спачатку быў выяўлены адзін збытчык.

«У ходзе следчых і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў ён прызнаўся, ад каго атрымаў фальшыўкі», — падкрэсліў старшы оперупаўнаважаны. Усе падробкі былі выяўленыя ў банках, бо грамадзянам адрозніць фальшыўку не проста. Звяртаючыся да грамадзян, ён нагадаў, што набываць валюту варта толькі ў банкаўскіх установах. «Выконваючы правілы валютна-абменных аперацый, грамадзяне засцерагуць сябе ад фальшывак», — дадаў ён.

Акрамя гэтага, ён звярнуўся да жыхароў вобласці з просьбай правесці рэвізію сваіх валютных зберажэнняў і ў выпадку выяўлення падазроных $50 купюр паведаміць пра гэта па тэлефонах 60-35-77 альбо 8 (029) 659-31-79.

Пра першую выяўленую фальшыўку з гэтай серыі паведамлялася раней. Ноччу 2 студзеня малады чалавек прынёс у пункт абмену валют у будынку чыгуначнага вакзалу станцыі Віцебск $50. Грошы мелі даволі дзіўны выгляд: былі вырабленыя з сапраўднай купюры наміналам $5 спосабам налепвання папяровых фрагментаў лічбы «50» і надпісу FIFTY DOLLARS. Касір, якая прыняла «палепшаны» варыянт, выклікала праваахоўнікаў. Малады чалавек сказаў міліцыянтам, што гэтай купюрай яму вярнулі частку доўгу, і ён не падазраваў, што грошы фальшывыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?