05.04.2016 / 09:28

Як Пётр І і Сталін раздзьмулі міф пра бітву на Чудскім возеры 25

5 красавіка — 774 гады бітве на Чудскім возеры. Што ў гэтай гісторыі праўда, а што не?

Кожны савецкі школьнік цвёрда ведаў, што: «У 1242 годзе наўгародскі князь Аляксандр Яраслававіч Неўскі, вызваляючы Пскоў, заняты лівонскімі рыцарамі, разбіў крыжакоў на лёдзе Чудскага возера. Нямецкае войска, пастроенае клінам, або «свіннёй», было акружанае і знішчана флангавымі ўдарамі наўгародскай конніцы і засаднага палка. Рыцары ў цяжкім узбраенні праваліліся пад лёд, які іх не вытрымаў. Бітва назаўжды спыніла крыжацкую агрэсію на Ноўгарад…» І далей прыкладна ў такім ключы.

А як было насамрэч?

Ёсць дзве больш-менш вартыя даверу крыніцы інфармацыі пра «лядовае пабоішча» — Першы Наўгародскі летапіс і «Рыфмаваная хроніка» Генрыха Латвійскага.

Летапіс сведчыць, што Аляксандр хадзіў у лівонскія землі не адзін, а з братам Андрэем Яраслававічам, які прывёў на помач суздальскую дружыну. Андрэй і называецца галоўным героем тых падзей. Месца бітвы таксама акрэсліваецца досыць ўмоўна: «за Псковам, на возеры». Указанні на Чудскае возера і «Варонін камень» з’явіліся ў пазнейшых крыніцах. З тых крыніцаў гэтаксама таямніча знік брат.

Крыжацкі храніст Генрых, які яшчэ мог гутарыць з жывымі сведкамі, адзначае, што забітыя падчас сутыкнення падалі… на траву. Пра бітву пішуць скупа, сцісла, як пра шараговы памежны канфлікт: сутычку падчас набегу наўгародцаў на лівонскія землі, які адбыўся ў адказ на набег лівонцаў на Пскоў.

Крыжацкае войска не магло складацца выключна з рыцараў.

Рыцараў ва ўсёй Лівоніі на той момант было добра, калі сто. Асноўную яго частку складалі кнехты-пехацінцы, чудскія і ліўскія дружыны. Забіта было, паводле першага летапісу, 400 «немцаў» і «чудзі без ліку», 50 трапіла ў палон. Генрых піша, што загінулі 20 рыцараў.

Навошта было раздзьмухваць з гэтай сутычкі «Лядовае пабоішча»? Qui prodest? Расійскі гісторык Уладзімір Аракчэеў вызначае некалькі этапаў стварэння легенды. Першы — 1381 год. Маскоўскае княства тады спрабавала вызваліцца ад татараў, была патрэба ў станоўчых вобразах змагароў-патрыётаў. У той час мошчы князя Аляксандра, які прыняў манаства перад смерцю, былі «цудоўна адшуканыя».

Кананізаваны князь быў у 1549 г., калі патрэба ў гераічных прыкладах з гісторыі вырасла яшчэ больш — у той час Іван Жахлівы змагаўся з Казанскім ханствам.

Было напісана літаратурнае «Жыціе» князя, цытаты з якога траплялі ў пазнейшыя летапісы ўжо як рэальныя факты.

Але

сапраўдная слава, піша гісторык, прыйшла да Неўскага за часамі Пятра І, калі Расея пачала адваёву берагоў Нявы ў Швецыі.

У Санкт-Пецярбургу збудавалі Аляксандра-Неўскую лаўру, куды з Уладзіміра перанеслі мошчы князя.

Наступны раз Неўскі спатрэбіўся Сталіну.

І быў увекавечаны сродкамі «найважнейшага з мастацтваў».

Менавіта фільмам Сяргея Эйзенштэйна «Аляксандр Неўскі» быў замацаваны міф пра лёд, які праламіўся пад рыцарамі

(хоць у той час што крыжакі, што наўгародскія цяжкаўзброеныя коннікі мелі на сабе аднолькавыя 18–30 кг жалеззя).

З фільму — і словы Неўскага «хто да нас з мячом прыйдзе — ад мяча і загіне».

У тым кіно, знятым у 1938 г., трапляюцца і наўпростыя савецкія перадваенныя лозунгі. Напрыклад, Неўскі кажа, што біць ворага будзе на чужой тэрыторыі.

Недзе ў працэсе «лакіравання» Неўскага была «цудоўна знойдзеная» і падрабязная тактычная схема Лядовага пабоішча. Якая дзіўна нагадвае бітву пры Канах (216 г. да н. э.). Характэрна ўжо тое, што

звесткі пра наяўнасць у Неўскага засаднага палка савецкія гісторыкі знайшлі на… мініятуры XVI ст.

У 1950-я на Чудскае возера былі арганізаваныя аж тры археалагічныя экспедыцыі. Ні брацкай магілы вояў, ні хоць якіх слядоў зброі на дне і ў наваколлі не было адшукана.

Але міф працягвае жыць. Аляксандр Неўскі, абагнаўшы Сталіна, перамог у конкурсе «Імя Расіі».

Рэальны князь Аляксандр Яраслававіч цікавейшы за свой аднабокі агіяграфічны вобраз. Гэта жорсткі сын свайго часу, які ўмеў мірыцца з Ардой і выкарыстоўваць яе супраць сваіх палітычных праціўнікаў, адразаў баярам насы за здраду, прыязна перапісваўся з Папам, абяцаючы пабудаваць у Пскове касцёл (праз шэсць гадоў пасля «эпахальнай перамогі» на Чудскім возеры!).

З Беларуссю ён звязаны трывалымі дынастычнымі сувязямі.

Аляксандр быў жанаты з Аляксандрай, дачкой полацкага князя Брачыслава.

Яго ўнучка Марфа выйшла замуж за пскоўскага князя Цімафея — таго самага Даўмонта, які ўцёк з Літвы пасля забойства Міндоўга. Іх сын — легендарны Давыд Гарадзенскі, прысвяціў усё жыццё барацьбе з крыжакамі. Ён, відаць, і не падазраваў пра «эпахальную перамогу» свайго прадзеда на Чудскім возеры.

СМ

0
мопс / Адказаць
05.04.2016 / 10:53
конечно немецкие хронисты про битву пишут скупо. отгребли ведь от русских хорошо. лучше напишите про "великую" победу под оршей.))
0
А. / Адказаць
05.04.2016 / 11:14
выдуманный народец верит выдуманной истории про выдуманных им героев. ничего нового. кроме того что народец отморозился в ноль и обладает яо.
0
илля / Адказаць
05.04.2016 / 12:01
яны ж фальсификатары гисторыи кали савецки вучань скажа не тое што вождь то адправицца у сибырь сумесна з бацьками
Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру