vk.com

vk.com

Трохразовая алімпійская чэмпіёнка, Герой Беларусі Дар’я Домрачава чакае дзіця. Бацькам стане нарвежскі біятланіст, васьміразовы алімпійскі чэмпіён Оле Эйнар Б'ёрндален.

Пра цяжарнасць Домрачавай ён заявіў на адмыслова скліканай прэс-канферэнцыі.

Фота: Olav Olsen, Aftenposten.no

Фота: Olav Olsen, Aftenposten.no

«У мяне блізкія адносіны з Дар'яй, якія працягваюць развівацца. Мы пара і ў кастрычніку чакаем нараджэння дзіцяці», — заявіў Б'ёрндален.

Нарвежскаму біятланісту ўжо 42 гады, але ён настроены працягваць кар’еру. «У мяне ёсць велізарная матывацыя. Такая ж вялікая, як тады, калі мне было 20 гадоў», — сказаў Б’ёрндален.

Домрачавай 29 гадоў, мінулы біятлонны сезон яна прапускала праз монануклеоз. Найхутчэй, праз цяжарнасць не выступіць і ў наступным. Хоць беларуска спадзяецца аднавіць трэніроўкі ўжо праз тры месяцы пасля нараджэння дзіцяці, у студзені 2017 года.

Сямейныя гісторыі

Оле Эйнар вырас у прыгарадзе Осла. Ягоны бацька Ханс Б’ёрндален захапляўся бегам, таму трое сыноў з дзяцінства займаліся спортам і ўрэшце знайшлі сябе ў біятлоне. Старэйшы, Даг, нават заваяваў срэбраны медаль у эстафеце на Алімпіядзе-1998. Малодшы, Ханс Антон, праўда, вялікіх дасягненняў не меў. Бацька Б’ёрндалена памёр некалькі гадоў таму, перажыўшы жонку, на восьмым дзясятку.

Пра жыццёвую гісторыю сям’і Домрачавай беларусы ведаюць нашмат лепш. Нагадаем, Дар’я нарадзілася ў Мінску ў сям’і архітэктараў. На пачатку 1990-х яе бацькі пераехалі ў расійскі горад Нягань.

Спачатку там знайшоў працу бацька, Уладзімір Домрачаў. А пасля, калі ў горадзе вызвалілася пасада галоўнага архітэктара, ён прапанаваў кандыдатуру сваёй жонкі Ларысы (яе дзявочае прозвішча — Мініна). Разам з ёй у расійскія халады перабраліся дзеці — Мікіта і Дар’я.

Домрачавы жылі ў Сібіры да сярэдзіны 2000-х, а пасля маці з дзецьмі вярнулася ў Беларусь. Бацька застаўся ў Нягані і неўзабаве памёр.

Ларыса Мініна пабралася другім шлюбам з вядомым архітэктарам Барысам Школьнікавым. Гэта ён будуе хай-тэкавыя слупкі па ўсім Мінску — напрыклад, высачэзную «Роял Плазу» на праспекце Пераможцаў.

Мікіта, брат біятланісткі, працуе архітэктарам у студыі айчыма.

Першы шлюб Б'ёрндалена

Б'ёрндален і Домрачава асабіста пазнаёміліся падчас Алімпіяды-2010 у Ванкуверы. «Оле Эйнар тады падышоў павіншаваць мяне з бронзай. Гэта адразу пасля таго, як сам заняў другое месца ў індывідуальнай гонцы. Я была літаральна шакаваная. Сам Б'ёрндален, вау!» — узгадвала Дар’я.

Чуткі пра раман біятланістаў упершыню з’явіліся ўлетку 2012 года. У той час Б’ёрндален яшчэ быў у шлюбе. Ягонай першай абранніцай таксама была біятланістка. Наталі Сантэр мела італьянскае і бельгійскае грамадзянства. За кар’еру яна перамагла ў трох гонках на этапах Кубка свету.

З нарвежцам яна сустракалася з 1998 года, але адносіны былі афіцыйна зарэгістраваныя толькі праз восем гадоў. Сантэр і Б’ёрндален выглядалі дасканалай парай, разам бавілі час падчас экстрэмальнага адпачынку. Дзяцей у шлюбе не было, і развод прайшоў без скандалаў. «Мы павінны прызнаць, што наша жаданне правесці доўгае сумеснае жыццё не ажыццявілася. Наперадзе нас чакае асобнае жыццё», — прагучала ў заяве нарвежца і італьянкі ў канцы 2012 года.

Беларуска-нарвежская будучыня

Доўгі час Домрачаву і Б’ёрндалена нават не маглі сфатаграфаваць разам! Толькі пасля Алімпіяды-2014 у Сочы яны перасталі хавацца ад журналістаў — разам трэніраваліся, разам хадзілі глядзець футбол. Нарвежац прыязджаў у госці ў Мінск.

Дзе чэмпіёнская пара будзе жыць, пакуль невядома. Домрачава дабудоўвае футурыстычны маёнтак на беразе Заслаўскага вадасховішча, а таксама мае прасторныя апартаменты ў доме «Ля Траецкага», падораныя Юрыем Чыжом. А вось Б’ёрндален стала жыве ў аўстрыйскім мястэчку Аберціліях.

Адзінае фота Домрачавай з Б'ёрндаленам, якое яна выклала ў адкрыты доступ.

Адзінае фота Домрачавай з Б'ёрндаленам, якое яна выклала ў адкрыты доступ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?