«Трэба ўпарадкаваць працу на рынку піва ў плане імпарту», — заявіў генеральны дырэктар ААТ «Крыніца» Рыгор Пяткевіч на прэс‑канферэнцыі 25 красавіка.

«Калі адсутнічаюць межы з Расіяй, ёсць магчымасць свабоднага ўваходжання на беларускі рынак сусветных марак піва ад розных пастаўшчыкоў, ідзе канкурэнтная барацьба, недзе і нядобрасумленная», — зазначыў ён. — Хацелася б спыніць такі бум на піўных паліцах і ўпарадкаваць рынак».

«Ва ўвядзенні выключнага права дзяржавы (на імпарт піва. — БелаПАН.) я не бачыў нічога негатыўнага. Спажывец мае права выбару, але дзяржава выйграе ў атрыманні даходаў», — лічыць генеральны дырэктар.

«Трэба паглядзець, хто завозіць піва, ці маюць яны такую ж даходнасць, як беларускія вытворцы. Калі маюць — гонар і хвала такім пастаўшчыкам», — сказаў Р.Пяткевіч. Паводле яго слоў, «сёння хто толькі не ўвозіць піва — і індывідуальныя прадпрымальнікі, і ПУПы».

Гендырэктар «Крыніцы» выказаў меркаванне, што, калі навесці парадак, наўрад ці будзе такі наплыў імпартнай прадукцыі ў рэспубліку.

Р.Пяткевіч лічыць, што ідзе «канкурэнтная, але не заўсёды добрасумленная барацьба і на паліцах магазінаў». Прычым удзельная вага імпартнага піва ў Беларусі складае 25—30%, у магазінах прадаецца да 50% імпартнага піва.

Ён звярнуў увагу на тое, што імпартнае піва ў Беларусі рэалізуецца па больш нізкіх цэнах, чым у краіне вырабу.

«Уваходжанне ў рынак заўсёды звязана з цэнавым паніжэннем, з пункту гледжання канкурэнцыі гэта нармальны вывераны ход, але для беларускіх вытворцаў гэта адчувальна», — сказаў Р.Пяткевіч.

Ён зазначыў, што пры вялікім асартыментным насычэнні рынку ААТ «Крыніца» ўтрымлівае свае пазіцыі. «Мы да новага сезона ўпарадкуем знешняе афармленне сваёй прадукцыі і паставім яе ў адзін рад з тымі, хто стракаціць на прылаўках», — заявіў кіраўнік прадпрыемства.

Марына Носава, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0