Акцыя сабрала больш за дзьве тысячы ўдзельнікаў. Самымі прыкметнымі былі анархісты. Онлайн, фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч і відэа.

Відэа Яраслава Сьцешыка

17:04 Зьехалі аўтобусы і са спэцназам.

16:50 Адзін аўтазак разьвярнуўся і мірна зьехаў. Засталіся ля капліцы два аўтобусы са спэцназам.

16:41 Курбека па-за акцыяй падзякаваў арганізатарам па-беларуску. Адзін з удзельнікаў акцыі падзякаваў у адказ: «Дзякуй, што нам хоць лесьбіянак не падкінулі».

Людзі пачынаюць паціху разыходзіцца. Згортваюцца сьцягі, расьцяжкі.

16:39 Тым часам у калёнцы выцягнулі клапан, каб людзі ня бегалі піць ваду. Тлумачыцца гэта тым, што нібыта вада робіць вялікую лужыну.

16:33 Пачаўся міні-мітынг. Карняенка папрасіў гаварыць нягучна, бо ў царкве ідзе служба.

Прамаўляе ліквідатар. Кажа, што ў грамадзтве няма салідарнасьці . Напрыклад, калі судзілі грамадзкіх актывістаў за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, саміх прадпрымальнікаў на суд зьявіліся мала, каб падтрымаць маладых людзей. Тое самае і цяпер, пацярпелых нібы і шмат ад Чарнобылю, але ўдзел у сёньняшняй акцыі бярэ мала народу.

Зьявіліся некалькі п'яных маладых людзей, якіх адцясьніла дружына.

16:21 нарэшце дайшлі да капліцы. Тут шмат вернікаў — сёньня Вялікая Субота, і людзі, у тым ліку, асьвячаюць ежу. Стаяць сталы, людзі з пасхай. Акадэмік Нікітчанка пагаварыў са сьвятаром, і дамовіліся, што да самой царквы людзі падыходзіць ня будуць, а спыняцца ля памятнага каменя.

Непадалёк ад памятнага каменя стаіць галоўны ідэоляг Менгарвыканкаму Генадзь Курбека.

Падышоў Рынкевіч, павіталіся.

Між іншым, нейкі супрацоўнік пры царкве не пускае людзей да сьцягамі на тэрыторыю храму. Тут знаходзіцца калёнка з вадой і зважаючы на вельмі цёплае надвор'е, людзі падцягваюцца папіць вады — а іх не пускаюць.

16:20 Дарэчы, ужо некалькі гадзін не працуюць сайты Радыё Свабоды і Хартыі'97. Працуюць сайты Салідарнасьці, Радыё Рацыі, Эўрарадыё, БелаПАН, Беларускіх навін — яны таксама вядуць онлайны з акцыі

16:16 Калёна выйшла на вуліцу Арлоўскую, а галава нават дайшла да капліцы. Людзей крыху паменела.

16:06 Большая частка калёны перайшла вуліцу Багдановіча. Калёну цяпер вядзе Павал Севярынец.

16:04 Калёна дайшла да перакрыжаваньня з вуліцай Багдановіча і зьбіраецца пераходзіць вуліцу ў кірунку Бангалор.

16:03 Рынкевіч у мэгафон: «А цяпер -- рускамоўны лозунг: Скажам дружна, нам АЭС не нужно».

16:01 Удзельнікі шэсьця гукаюць: «Свабоду Казуліну», «Свабоду Кіму», «Свабоду Парсюкевічу». Ладзіць усё гэта Ігар Рынкевіч.

15:59 Умоўна калёну можна падзяліць на тры часткі:

першая частка (яе вядуць Баршчэўскі, Вячорка) — нацыянальна-дэмакратычная зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і патрыятычнымі расьцяжкамі:

другая частка — анархісты і прымкнёны да іх прадстаўнік сэксменшасьці,

трэцяя частка — актывісты БХД. Іх вядзе Севярынец. Гэтыя вельмі актыўныя: пад сваімі сьцягамі (бела-сінімі), скандуюць крычалкі і г.д.

Калёна падыходзіць да скрыжаваньня з вул.Багдановіча.

Дарэчы, на шэсьці няма лідэра МФ Зьмітра Дашкевіча. Як патлумачыў Павал Севярынец, Дашкевіч ня супраць пабудовы АЭС, таму ў акцыі ўдзелу не бярэ.

15:50 Калёна дайшла да вуліцы Мулявіна (былая Бяды)

15:49 Аб'яднаная грамадзянская партыя адмовілася ад удзелу ў Чарнобыльскім Шляху. Яшчэ па адыходзе ад Акадэміі навук яны згарнулі сьцягі і сышлі пасьля мітынгу. «Мы ня будзем удзельнічаць у маршруце, навязаным уладай», — сказаў Анатоль Лябедзька.

15:38 Акцыя працягваецца. Людзі гукаюць: «Жыве Беларусь». Галава дайшла да перакрыжаваньня з вуліцай Куйбышава. Пакуль усё мірна. Тым часам зьехаў Мілінкевіч, які аддаўна даваў слова не хадзіць на Бангалор.

15:33 Рынкевіч спрабуе ўсіх завярнуць на ходнікі. Спынілася некалькі тралейбусаў. Урэшце ўсё зьвярнулі на тратуар. Дзьве маладафронтаўкі расчаравана ўздыхнулі: «Заўжды гэтыя дарослыя...»

15:30 За трамвайнымі шляхамі галава калёны -- некалькі дзясяткаў чалавек, пераважна моладзь з расьцяжкай «Чарнобыльскі шлях» -- выйшла на праезную частку.

15:23 Хвост калёны прайшоў перакрыжаваньне з Кузьмы Чорнага. За калёнай едуць пару аўтазакаў. Галава калёны, у сваю чаргу, дайшла да перасячэньня з вуліцай Якуба Коласа. Пакуль усё спакойна.

15:15 Галава калёны дайшла да скрыжаваньня з вуліцай Кузьмы Чорнага. Кожны гукае сваё. Усё вельмі мірна і пазытыўна. Міліцыі амаль няма.

15:09 Машыны, што праяжджаюць вуліцай Сурганава, сыгналяць у знак салідарнасьці. Калёна людзей рухаецца вельмі павольна.

15:03 У акцыі бярэ ўдзел каля 2 000 чалавек. Людзкі натоўп расьягнуўся на некалькі сот метраў. Людзі гукаюць: «Верым, можам, пераможам».

14:59 Насупраць Акадэміі мастацтваў калёна перайшла праспэкт на чырвонае сьвятло, папросту на пасьпелі на зялёнае.

14:57 Маладафронтаўцы, што ідуць наперадзе калёны, скандуюць: «Уладу народу, моладзі свабоду».

14:53 Анархісты скандуюць: «Выше, выше черный флаг, государство — главный враг», а таксама «Резіновые пулі, слезоточівый газ, подарок презідента для рабочіх мас». Іх усе здымаюць і фільмуюць. Анархісты актыўна б'юць у барабаны.

14:48 Пачаўся рух калёны ў бок Сурганава. Наперадзе моладзь нясе абраз Маці Божай Чарнобыльскай і вялікую расьцяжку «Чарнобыльскі шлях».

* * *

Баршчэўскі: «Людзей магло быць больш, але сыграў фактар страху, многія працуюць на дзяржаўных працах».

Баршчэўскі пра анархістаў: «Невядома, што гэта за групоўка і хто яе стварыў. Такія групоўкі заўсёды могуць стварыць добрую для БТ карцінку».

* * *

14:47 Каля 1-й клінічнай больніцы стаяць некалькі пасольскіх машынаў, паслы назіраюць за акцыяй.

14:45 Выступае Мілінкевіч «Мы даказалі, што мірныя людзі, але свае правы будзем адстойваць».

Ён сказаў, што стрымліваецца гуманітарная дапамога, не даюць дзецям магчымасьці паехаць на аздараўленьне. «Мы можам па-рознаму ставіцца да будаўніцтва АЭС, але ва ўмовах дыктатуры АЭС не будуюць».

Мілінкевіч распачынае збор подпісаў супраць будаўніцтва АЭС.

14:43 Зьявіўся сьцяг прадстаўнікоў сэкс-мяншыняў. Яны стаяць з анархістамі.

14:38 Пад'ехаў Паўлічэнка на сінім «Опэлі», уключыўшы аварыйку каля мітынгоўцаў стаяў хвілін пяць. Убачыўшы, што яго здымаюць, Паўлічэнка памахаў рукой і паказаў сярэдні палец. Падышоў ДАішнік, і пасьля машына зьехала. «Напэўна, не аштрафаваў», — падумалі ўдзельнікі акцыі.

Выступіў жыхар мястэчка Сьвіслач (Пухавіцкі раён) Васіль Статкевіч. Ён прасіў людзей дапамагчы супраць пабудовы на Пухавіччыне заводу ядахімікатаў.

14:36 Павал Севярынец нагадаў, што сёньня Вялікая Субота і заклікаў ісьці да храму.

14:33 Старшыня БНФ Лявон Баршчэўскі: «У Беларусі трэба вырашаць энэргетычную праблему, але мы супраць тых тэхналёгій, з дапамогай якіх будуць будаваць АЭС».

Анархісты не зважаюць на мітынг. Яны стаяць шчыльнай групай, б'юць у барабаны, гукаюць свае лёзунгі.

Ноў-хаў акцыі. Клясычны партрэт Мілінкевіча, наклеены на кардон, і начэплены на флагшток і ўзьняты ў гару

14:26 Эмацыйна выступіў Статкевіч, заклікаў усіх 1 траўня а 12-й прыйсьці да Нацыянальнай бібліятэкі, дзе ў той час будзе адбывацца афіцыйнае сьвята.

14:26 Ёсьць два актывісты з расейскай арганізацыі «Смена» з расейскім сьцягам.

На плошчы -- каля 1000 чалавек.

Падышлі ліквідатары з шыльдамі «Рэчыца», «Карма», «Хойнікі».

* * *

Па чутках, Малады фронт вырашыў браць абмежаваны ўдзел у акцыі і нават адмовіўся узьнімаць свае штандары.

14:24 Выступае намесьнік старшыні БСДП, адзін з заяўнікаў акцыі Ігар Рынкевіч. Заклікае ўсіх ісьці ў парк Дружбы народаў. Ён заклікае ісьці па ходніках і моцна трымацца грамадзкага парадку.

14:20 Каля выступоўцаў - - расьцяжка: «У нас дзьве бяды: радыяцыя і мэнталітэт».

14:17 Выступае Віктар Карняенка. Ён сказаў уводнае слова і адзначыў, што мітынг мусіў распачынаць ліквідатар, актывіст дэмакратычнага руху з Жодзіна Аляксандар Ваўчанін, але быў затрыманы.

Выступае Людміла Гразнова. Яна супраць будаўніцтва АЭС. «Беларусь стала зонай маўчаньня, і увесь сьвет чакае, што яна можа толькі сама вырашыць свае праблемы». Людзі гукаюць «Жыве Беларусь!».

14:16 Пачаўся мітынг. Алесь Лагвінец заклікае ўсіх падысьці бліжэй.

14:10 Анархісты працягваюць быць у цэнтры ўвагі акцыі. Іх здымаюць, фільмуюць і г.д.

Зараз каля АН -- каля 500 чалавек. Паболела значна сьцягоў, зьявіліся сьцягі АГП і ЭС.

Зьявіўся Анатоль Лябедзька. На пытаньне, ці пойдзе ён у парк Дружбы народаў, кіраўнік АГП адказвае: «У мяне ў плянах гэтага няма». Актывісткі нацыянальнага руху сьпяваюць «Магутны Божа» і «У гушчарах, затканых імглою» на словы Натальлі Арсеньневай.

Раздаюцца шарыкі «Беларусь -- так, Лукашэнка -- не».

14:06 Арганізатары раяцца, ці выстаўляць гукаўзмацняльную апаратуру. Ёсьць пагроза канфіскацыі. Вырашана абмежавацца вялікім мэгафонам. «Каб людзей было ўдвая болей, можна было б выставіць апаратуру».

14:04 Мілінкевіч, Кулей, Лагвінец усклалі кветкі ахвярам Чарнобылю яшчэ перад пачаткам акцыі. Зараз яны таксама на пляцы перад АН.

13:55 Зьявіліся сьцягі. 4 бел-чырвона-белыя, 4 - Руху са свабоду, 1 -- БХД, 1 - анархісцкі, зьявілася расьцяжка: «Атамная энэргетыка — гэта тупік».

* * *

Вялікая група анархістаў (каля 40 чалавек): стаяць у рэсьпіратарах. Яны скандуюць: «Атам мірны не бывае». «Наша решеніе -- сопротівленіе», а таксама трымаюць расьцяжку «Мы супраць ядзернага рэактара», «За Беларусь для народа не с экранаў тэлевізараў і рэклямных шчытоў, а ў рэальным жыцьці». Яны трымаюць чырвона-чорныя і зялёна-чорныя сьцягі.

Усяго -- каля 200 чалавек перад АН. Ёсьць Мікола Статкевіч, Віктар Карняенка, Уладзь Лабковіч, Ігар Рынкевіч.

* * *

Ад вуліцы Акадэмічнай адзін аўтазак.

13:52 Каля БНТУ, на рагу праспэкту і вуліцы Дарашэвіча калёна міліцэйскіх аўтобусаў, каля 10 штук.

13:49 Каля 100 чалавек знаходзяцца на пляцоўцы перад будынкам Акадэміі навук. Пакуль у людзей няма расьцяжак і плякатаў. Збольшага грэюцца на сонцы. Зь вядомых людзей -- Павал Севярынец, краязнаўца Уладзімер Содаль, маладафронтавец Аляксей Янушэўскі.

Міліцыі ня шмат.

13.41 На плошчы Якуба Коласа, стаяць дзьве вялікія машыны з гукаўзмацняльнай апаратурай. Але міліцыі па дварох ня бачна. Абстаноўка пакуль спакойная.

Зьміцер Панкавец, Андрэй Скурко, Яраслаў Сьцешык, Алесь Кудрыцкі

Photo by Julia Darashkevich

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0