Калі я пачаў даследаванне свайго радаводу, я быў упэўнены, што маё прозвішча — Дрозд — паходзіць ад назвы вядомага цяпер усёй Беларусі населенага пункта Дразды. У гэтым пасёлку нарадзіліся я, мой бацька, мой дзед, а цяпер там знаходзіцца рэзідэнцыя кіраўніка дзяржавы… Быў я перакананы і ў тым, што гэтая вёска існавала здаўна. Якое ж было маё здзіўленне, калі ні ў адным з дарэвалюцыйных геаграфічных даведнікаў я яе не знайшоў! Спатрэбілася некалькі гадоў пошукаў, каб гісторыя з'яўлення маіх продкаў на ўскраіне Мінска, а пасля з'яўлення і паселішча Дразды паўстала ў сваёй паўнаце.

Гаспадары Драздоў. У цэнтры сядзіць Ганна Францаўна Бартноўская-Ярашэвіч, жонка Рыгора Паўлавіча Дразда. Стаяць злева направа: іх дачка Марыя Дрозд (па мужу Суша), зяць Вінцэнт Чалядзінскі (ездзіў у Архангельск забіраць тых, хто выжыў), сын Мікалай Дрозд (расстраляны ў 1938), справа сядзіць дачка Вольга Дрозд (па мужу Манкевіч). Фота зроблена ў Драздах у 1926, за 3 гады да раскулачвання.

Гаспадары Драздоў. У цэнтры сядзіць Ганна Францаўна Бартноўская-Ярашэвіч, жонка Рыгора Паўлавіча Дразда. Стаяць злева направа: іх дачка Марыя Дрозд (па мужу Суша), зяць Вінцэнт Чалядзінскі (ездзіў у Архангельск забіраць тых, хто выжыў), сын Мікалай Дрозд (расстраляны ў 1938), справа сядзіць дачка Вольга Дрозд (па мужу Манкевіч). Фота зроблена ў Драздах у 1926, за 3 гады да раскулачвання.

Гісторыя поспеху сялянскай сям’і

Самыя старажытныя мае продкі з тых, каго ўдалося адшукаць, жылі ў вёсцы Зарэчча на ўзбярэжжы Свіслачы — цяпер гэта бераг Мінскага мора, недалёка ад дамбы. Упершыню Зарэчча згадваецца ў дакументах — не верыцца! — аж у 1557 годзе. А першы вядомы мне ўспамін пра маіх прамых продкаў — гэта 1752 год, калі ў метрычнай кнізе Тарасаўскай уніяцкай царквы былі запісаныя Максіміліян і Канстанцыя Драздоўскія. Менавіта так (згадваецца і варыянт Драздовіч) яны называліся ў дакументах у часы Вялікага Княства Літоўскага. Прозвішча Дрозд з'явілася ўпершыню толькі ў рэвізскіх сказках у 1795 годзе, падчас расейскай акупацыі.

Дразды былі сялянскай сям'ёй, прыгоннымі, і памянялі шмат гаспадароў.

Паны Валадковічы прадалі сям'ю мінскаму суддзі Казіміру Петуху. Потым за яго пазыкі Дразды перайшлі да ўніяцкага святара Мінскай Уваскрасенскай царквы Пятра Сіткевіча, пасля вярнуліся да дачкі Петуха — Ніфмы Бранцовай…

У 1861 Дразды сталі вольнымі і пачалі працаваць на сябе. А працаваць яны ўмелі, і ўжо праз некалькі гадоў былая гаспадыня пазычала ў Драздоў грошы. Так, 15 мая 1868 яна ўзяла ў іх пад заклад свайго маёнтка Яркова (на паўднёвым захадзе ад Мінска) 400 рублёў.

Паступова Дразды сталі скупляць у былых паноў надзелы зямлі, зарабляць, багацець, укладаць грошы ў новыя землі. Багацце не звалілася на іх з неба, а было зароблена крывёй і потам.

На шчасце, у маіх далёкіх сваякоў, нягледзячы на ўсе пераезды, войны, раскулачванне, захаваліся дзве купчыя крэпасці на землі, якія і сталі пасля пасёлкам Дразды. 15 сакавіка 1892 мой прапрапрадзед Павел Аляксеевіч Дрозд купіў у памешчыка Віктара Рудольфавіча Хелхоўскага (нашчадка мінскага ваяводы Адама Хмары) каланізацыйны, г.зн. вызвалены ад лесу і неабжыты, участак зямлі па правы бок ад Віленскай паштовай дарогі — некалі асноўнай трасы з Мінска ў Вільню. 43 дзесяціны зямлі каштавалі прыстойную па тых часах суму — 1000 рублёў срэбрам.

З аднаго боку ўчастак абмяжоўвала Віленская дарога, з другога — зямля селяніна Марціна Гермалкевіча, з трэцяга — Архірэйскага дома і Біруковіча, з чацвёртага — шляхціца Лапушынскага. Зямля калежскага сакратара Васіля Біруковіча і стала наступным набыткам Паўла Дразда: 9 верасня 1893 ён набыў за 303 рублі срэбрам фальварак «пад назвай Мігуранка, або Дуды», з сядзібай, будынкамі, ворнай зямлёй і сенакосам — усяго 10 дзесяцін.

Мігуранка-Дуды быў абжытым участкам на беразе Свіслачы, першая згадка пра яго адносіцца да канца XVIII ст. Тады, калі верыць дакументу, дадзенаму ў мінскім магістраце (а ставіцца да такіх даводзіцца з пэўным падазрэннем, бо спатрэбілася цэлая следчая камісія, каб разабрацца з фальшыўкамі, улепленымі ў магістрацкія актавыя кнігі), у 1791 жонка лаўніка Радашковіч Кацярына з Анашкевічаў Більдзюкевічава ад паноў Чарняўскіх набыла «зямлю, цяпер ужо зарослую хваёвымі дрэвамі, паблізу горада Мінска». Праўда, ужо ў 1800 яна прадала той участак пад назвай Тры Нівы Каралю Петрашкевічу за 450 польскіх злотых.

У 1805 Петрашкевіч прыкупіў у шляхціца Францішка Шваноўскага і сенакос над Свіслаччу, называны Мігуранка. Тут і быў пабудаваны фальварак, які ў 1851 дастаўся дачцэ Караля, Кацярыне. Тая выйшла замуж за паручніка Калістрата Плаўскага. Участак гэты быў прадметам спрэчак аб межах з суседзямі Хмарам і Більманам, але, у рэшце рэшт, так і застаўся ва ўдавы Плаўскай ужо пад падвойнай назвай Мігуранка-Дуды. У сакавіку 1885 гэту зямлю набыў з аўкцыёну ў Мінскім губернскім праўленні Біруковіч, які і прадаў фальварак Паўлу Дразду.

Гэтыя 53 дзесяціны (каланізацыйны ўчастак і фальварак Мігуранка-Дуды) і сталі асновай будучых Драздоў. Гэта значыць, менавіта мае продкі далі назву гэтай зямлі, а не наадварот. Але назва прыжываецца паступова, і яшчэ падчас перапісу 1926 г. месца, дзе жылі мае Дразды, называецца складанай назвай хутар Дуды-Дразды-Хмарынскі пчальнік. А на савецкай карце 1930-х прысутнічае ўжо толькі назва Дразды.

Мінскі курорт

Зямля гэтая ляжала на самай мяжы Мінска — і ў 1911 яна мела ўсе шанцы трапіць у гарадскія межы. Карта, якая захавалася ў Нацыянальным гістарычным архіве, паказвае, што нейкі час не было рашэння па гэтым пытанні — і ўчастак зямлі селяніна Паўла Дразда прыкладаецца да гэтай карты як аплікацыя, у выглядзе маленькага трохкутніка. Але тады мяжа горада так і прайшла па мяжы зямлі Дразда, пакінуўшы яго ўладанні, як бы мы цяпер сказалі, у раёне — у Сёмкава-Гарадоцкай воласці Мінскага павета. У Мінск пасёлак Дразды быў уключаны толькі ў 1978 годзе, але да гэтага моманту нашчадкам Паўла Дразда давялося перажыць не адно выпрабаванне.

Да рэвалюцыі і нядоўга пасля яе мае продкі паспяхова выкарыстоўвалі выгаднае становішча Драздоў і не ператваралі іх у сельскія ўгоддзі, хоць, вядома, займаліся гаспадаркай: сеялі, трымалі жывёлу, лавілі рыбу, палявалі, касілі свае сенажаці — г.зн. забяспечвалі сябе амаль усім неабходным. Але ў дадатак яны пабудавалі на гэтай зямлі дамкі, якія здавалі багатым мінчукам пад дачы на лета (падобны дачны пасёлак быў у Кальварышках — бліжэй да сучаснага Камсамольскага возера — у пані Масальскай). Справа гэта была выгадная, што дазваляла сям'і багацець, набываць аўтарытэт у наваколлі і нават выдаваць сваіх сыноў за дачок шляхціцаў. Але пасля рэвалюцыі гэтая ўдача павярнулася вялізнай трагедыяй.

Сам Павел Дрозд не дажыў да тых чорных дзён. Ён памёр у 62-гадовым веку яшчэ ў 1898-м і пахаваны на могілках у вёсцы Крупцы, што цяпер на праспекце Пераможцаў, каля Інстытута фізкультуры. Павел пакінуў пасля сябе трох сыноў: Рамана (у якога было не менш за 5 дзяцей), Рыгора (да паўналецця дажылі 6 дзяцей) і Васіля (не пакінуў нашчадкаў) — і дачку Варвару Семіжон (5 дзяцей).

Данос і высылка ў архангельскія лясы

За гэтыя дачы — або, як тады гэта было названа, «непрацоўныя даходы» — сем'і нашчадкаў Паўла Дразда былі абкладзеныя дадатковым індывідуальным падаткам. Газета «Рабочы» (якая потым стала «Савецкай Беларуссю») у нумары № 229 ад 6 кастрычніка 1929 надрукавала артыкул «Помещичье гнездо — в 4-х верстах от Минска».

Падпісаўся даносчык усяго адной літарай Н. — што наўрад ці пакідае надзею калісьці даведацца яго сапраўднае імя. Каб хлусня была пераканаўчай, яна павінна змяшчаць фрагменты праўды. Так, сям’я мела 53 дзесяціны — прыстойны кавалак зямлі, ды яшчэ ў добрым месцы. Але ж у Паўла Дразда было чацвёра дзяцей, якім на той час было па 55—60 гадоў! Яны і падзялілі зямлю паміж сабой. А ў іх у сваю чаргу было не менш за 15 дзяцей, некаторыя з якіх ужо набліжаліся да 25—30-годдзя і мелі сваіх дзяцей… Называць іх супольны надзел «памешчыцкім гняздом» — відавочная хлусня.

Асведаміцель піша пра мізэрны падатак у 140 рублёў, які плаціць за зямлю Васіль Дрозд, маючы з яе «некалькі тысяч у сезон». Але чамусьці замоўчвае, што падаткі плацілі ўсе Дразды. Па дадзеных за 1926 год, сям’я Драздоў была самым буйным падаткаплатнікам ва ўсім Азярышча-Сляпянскім сельсавеце. Раман плаціў 340 рублёў, Васіль — 225, Рыгор — 80, Канстанцін — 25, у той час як іншы самы буйны плацельшчык Брылеўскі плаціў усяго 75 рублёў, а большасць — па 10—20 рублёў.

У 1930 сям'я Драздоў была раскулачаная і высланая ў Паўночны край. Пашанцавала толькі тым, хто на гэты момант ужо жыў асобна ад бацькоў.

Можна толькі здагадвацца, у якіх вельмі складаных умовах апынуліся людзі сталага веку з вялікімі сем'ямі. Тры даты скажуць пра гэта лепш за любыя апісанні: 28 мая 1931 памёр Васіль Дрозд, 17 чэрвеня 1931 — Рыгор Дрозд, 11 ліпеня 1931 — Ксенія Емяльянаўна, жонка Рамана Дразда. Гэта толькі тыя смерці, пра якія засталіся дакументальныя сведчанні: тры страты за паўгода. Ад гібелі астатніх старых выратавала тое, што велізарная смяротнасць выклікала ў саміх катаў нейкія прыступы чалавечнасці, а можа, папросту статыстыка смяротнасці псавала іншыя паказчыкі поспехаў калектывізацыі. Сваякам, якія засталіся ў Беларусі, дазволілі забраць пажылых бацькоў з высылкі дадому. Вярнуцца ўдалося жонцы Рыгора Ганне і Раману Драздам. Іх сваякам давялося асабіста прыехаць у архангельскія лясы па сваіх блізкіх.

Тры «польскія шпіёны»

Але быў і іншы спосаб вярнуцца дадому: уцёкі. Беглі з таго пекла масава, бо людзі жылі не ў лагерах пад аховай, а проста ў населеных пунктах, часта і наогул у лясах, у пабудаваных імі ж самімі бараках. Сын Рыгора Мікалай уцёк з высылкі і хаваўся ў сваякоў, пакуль не спала хваля барацьбы з кулакамі. Але лёс яго быў не менш трагічны: у 1938 Мікалая Дразда расстралялі як «агента польскай разведкі». У архіве КДБ па ягонай справе захавалася мала дакументаў — практычна нічога. Як патлумачыў захавальнік, большая частка справы, дзе былі пратаколы допытаў, загінула пры эвакуацыі падчас вайны.

На допыце, відаць, пад катаваннямі, Мікалай даў паказанні: «завербаваны ў 1930 агентам польскай разведкі Дрозд Васілём Паўлавічам. Па шпіёнскай працы да 1935 года быў звязаны з агентам польскай выведкі Дрозд Раманам, якому сістэматычна перадаваў шпіёнскія матэрыялы аб размяшчэнні шэрагу ваенных гарадкоў паблізу Мінска, аб іх узбраенні і звесткі аб стане і працы мінскіх заводаў Молатава і «Пралетар» і пра настроі працоўных».

І гэта прытым, што ўсе Дразды былі ў 1930 высланыя ў Паўночны край і ніяк не маглі шпіёніць за мінскімі вайсковымі гарадкамі. Відавочна, Мікалай назваў тых, каму ўжо ніяк не мог нашкодзіць: Васіль Дрозд памёр у высылцы ў 1931, а Раман, якому Мікалай нібыта перадаваў звесткі аж да 1935-га, — у 1934-м. Хутчэй за ўсё, Мікалай ляжыць у Курапатах — без магілы і крыжа. Яму было толькі 36 гадоў. У 1989-м яго рэабілітавалі.

«У сілу антысавецкіх перакананняў прыходу немцаў былі вельмі радыя»

Пасля дзесяцігоддзяў прапаганды пра тое, што «ўсе як адзін усталі на барацьбу за савецкую радзіму», складана ўспрымаць звесткі аб тым, што многія беларусы звязвалі з прыходам немцаў надзеі на вызваленне ад бесчалавечнай улады бальшавікоў. Але, калі азнаёміцца толькі з гісторыяй маёй сям'і — дзе звычайныя сяляне, якія ўсяго дамагліся сваёй працай, з прыходам бальшавікоў страцілі зямлю, дамы, свабоду, радзіму і нават жыццё, — то можна, прынамсі, задумацца: ці бы- ла ў гэтых людзей хоць найменшая нагода любіць гэтую ўладу? Тым больш хацець аддаць за яе сваё жыццё? Іншая справа, што і акупанты пад прыгожымі лозунгамі хавалі зусім іншыя мэты, і мільёны савецкіх грамадзян апынуліся паміж двума крывавымі рэжымамі, кожны з якіх ні ў грош не ставіў чалавечае жыццё.

Ужо пасля вайны, у 1948, была арыштаваная Ганна Іосіфаўна Ніканава (ёй было тады 27 гадоў) — праўнучка Паўла Дразда. Яе абвінавацілі па расстрэльным артыкуле 58-1а («здрада радзіме»). Зрэшты, нягледзячы на допыты яе і ўсіх аднавяскоўцаў, нічога сапраўды злачыннага не змаглі даказаць і асудзілі на 5 гадоў высылкі проста як «сацыяльна чужы элемент». Яе справа захавалася ў Расіі, у архівах ФСБ. На допыце яна дала каштоўныя звесткі пра настроі нашай сям'і: «Бацькі маёй маці — Дрозд, да рэвалюцыі мелі буйную заможную кулацкую гаспадарку: 25 дзесяцін зямлі, да 10 галоў буйной рагатай жывёлы, коней. Мой родны дзядзька — Семіжон Андрэй, пры савецкай уладзе меў заможную кулацкую гаспадарку, якую ў 1930 годзе раскулачылі.

Дзядзька Семіжон быў арыштаваны, сядзеў у турме, а затым быў высланы з забаронай пражываць па месцы нараджэння. У сілу гэтых абставін усе мае сваякі былі варожа настроеныя да савецкай улады. Паколькі я выхоўвалася ў гэтым антысавецкім асяроддзі, я таксама была настроеная па-антысавецку. У сілу сваіх антысавецкіх перакананняў прыходу немцаў у нашу мясцовасць мы былі вельмі радыя, бо гэта давала магчымасць нашай сям'і зноў атрымаць тое, чаго мы былі пазбаўленыя савецкай уладай. Мы зноў атрымалі магчымасць жыць разам усёй сям'ёй, а ад нямецкіх уладаў атрымлівалі шэраг прывілеяў. З прыходам немцаў мой дзядзька Семіжон вярнуўся з высылкі і зноў стаў пражываць у сваім доме, які ў яго быў адабраны савецкай уладай».

З пункту гледжання афіцыйнай савецкай прапаганды сям'я Драздоў павінна была забыць усе крыўды і не проста любіць савецкую ўладу, але аддаць за яе жыццё…

Зрэшты, так і выйшла. Адразу пасля вызвалення Мінска ўнука Паўла Дразда — 46-гадовага Андрэя Семіжона — забралі ў войска. Тады грамадзян, якія засталіся на акупаванай тэрыторыі, не асабліва шкадавалі, лічачы іх як мінімум, не вартымі даверу. Многія з іх трапілі ў так званыя палявыя ваенкаматы — і фактычна вымушаныя былі загладзіць крывёю тое, што ў 1941 «непераможная і легендарная» аказалася не ў стане абараніць сваіх грамадзян. Людзей забіралі на фронт непадрыхтаванымі і кідалі ў бой як гарматнае мяса. 3 красавіка 1945, за месяц да перамогі, у прускім горадзе Штольп (цяпер польскі Слупск) Андрэй Семіжон быў паранены і на наступны дзень памёр «ад шоку».

Дачы Саўміна

Пасля высылкі і вайны Дразды, якія засталіся ў жывых, вярнуліся дадому. Яшчэ да раскулачвання некаторыя дзеці жылі асобна ад бацькоў, што выратавала іх ад высылкі — вось у іх дамах і сталі туліцца ўсе астатнія. Ад некалі багатай гаспадаркі засталіся рэшткі. Нават дамы іх былі разабраныя і перавезеныя ў іншыя месцы. Так, казалі, што ў адным з гэтых дамоў пасля жыў старшыня калгаса, а ў іншым — зрабілі клуб.

Яшчэ ў 1930-я на землях Драздоў быў піянерскі лагер, а пасля гэтая зямля адышла пад дачы НКВД. Там ужо пасля вайны размяшчаліся «дачы Саўміна» і жылі партыйныя кіраўнікі, у тым ліку і Пятро Машэраў, з якім у маёй сям'і былі нядрэнныя адносіны. Бацька маёй хроснай маці Ніны — сяброўкі маёй мамы Зоі — быў у яго кіроўцам. Некалькі разоў першы сакратар КПБ, убачыўшы школьніц Ніну і Зою, загадваў свайму кіроўцу падвезці іх дадому на ўрадавай машыне. Цяпер такое, напэўна, уявіць немагчыма. Мой дзед Уладзімір Канстанцінавіч Дрозд, вярнуўшыся з Германіі, дзе служыў пасля вайны, доўгі час працаваў на гэтых дачах.

Пасля вайны, таксама вярнуўшыся з Германіі, куды яна была сагнаная разам з бацькам і братам, у Дразды на працу прыехала і мая бабуля Марыя Канстанцінаўна. Продкі яе Сініцкія, Плышэўскія, Мохарт, былі беднай засцянковай шляхтай, побыт якой мала розніўся ад сялянскага. Большасць з іх пасля рэвалюцыі прайшлі праз тыя ж пакуты, што і Дразды. Бязлітасныя часы раскідалі магілы маіх продкаў ад Архангельска на поўначы да Ташкента на поўдні, ад Свярдлоўска на ўсходзе да нямецкага горада Золінген на захадзе, дзе пахаваны загінулы за некалькі дзён да вызвалення амерыканцамі мой прадзед Канстанцін Сініцкі.

Маленькая маральная перамога

У Драздах мае дзед і бабуля пазнаёміліся і ажаніліся. Тут нарадзіўся мой бацька. А ў 1973 нарадзіўся я. Праўда, я быў прапісаны ў мамы, якая жыла ў Весялоўцы — за некалькі метраў ад новай рэзідэнцыі Лукашэнкі каля Камсамольскага возера, дзе жылі мае іншыя дзед і бабуля Дзмітрый Высоцкі і Яўгенія Маліноўская. Калі знеслі Весялоўку, мы атрымалі кватэру ў Мінску, але бывалі ў Драздах, дзе яшчэ некалькі гадоў жыў мой дзед. Неўзабаве і іх «знеслі» і далі кватэры ў Мінску. У 1976 плацінай на рацэ Свіслач для тэхнічнага водазабеспячэння і воднага добраўпарадкавання Мінска тут было створана вадасховішча Дразды.

Дразды, сучасны выгляд. У пасёлку Вясёлкавы жыве чынавенства, за Свіслаччу, у паўночна-ўсходнім кірунку, — кіраўнік дзяржавы і набліжаныя асобы.

Дразды, сучасны выгляд. У пасёлку Вясёлкавы жыве чынавенства, за Свіслаччу, у паўночна-ўсходнім кірунку, — кіраўнік дзяржавы і набліжаныя асобы.

Доўгі час на былых дачах Саўміна жылі замежныя паслы. І першы раз назва Дразды прагрымела на ўвесь свет у 1998-м, калі адбыўся гучны дыпламатычны скандал з іх высяленнем. Тады свае рэзідэнцыі пакінулі аж 22 дыпламаты. Афіцыйна прычынай высялення Аляксандр Лукашэнка і міністр замежных спраў Іван Антановіч назвалі неабходнасць тэрміновых рамонтных прац. Паслам нават пагражалі «затапленнем будынкаў каналізацыйным брудам».

Лукашэнка абвясціў комплекс Дразды ўласнасцю ўрада Рэспублікі Беларусь і заявіў, што размяшчэнне падраздзялення марскіх пехацінцаў ЗША за 50 метраў ад яго асабістай рэзідэнцыі цалкам выключана. Пасол ЗША ў Беларусі Дэніэл Спекхард даў прэс-канферэнцыю і назваў гэта парушэннем Венскай канвенцыі, згодна з якой жытло дыпламатаў і тэрыторыя пасольстваў з'яўляюцца недатыкальнымі. Тэкст гэтага дакумента прыбіў да дзвярэй пакінутага катэджа літоўскі пасол.

У выніку Лукашэнка застаўся ў Драздах поўным гаспадаром і пасяліў побач з сабой самых верных прыслужнікаў. Цяпер гэтая рэзідэнцыя — адзін з самых ахоўваных аб'ектаў Беларусі, у чым лёгка пераканацца, прайшоўшы ўздоўж плота.

На жаль, у Беларусі няма законаў, якія дазваляюць хоць неяк аднавіць справядлівасць і вярнуць зямлю ці хаця б яе кошт былым гаспадарам ды іх нашчадкам. Некалькі гадоў я правёў у пошуку інфармацыі пра рэпрэсаваных продкаў, пісаў у розныя ведамствы і ў Маскву, і ў Архангельск. Урэшце, мне ўдалося атрымаць маленькую маральную перамогу. У канцы 2012 ІЦ УУС Мінаблвыканкама выдала мне даведку ў тым, што «рашэнне, вынесенае ў адміністрацыйным парадку ў 30-я гады ў дачыненні да сям'і Драздоў, адменена Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 1991 года «Аб парадку рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій 20—80 гадоў у Рэспубліцы Беларусь». Па гэтай справе Дразды рэабілітаваныя 19 снежня 2012 года».

***

Зміцер Дрозд — гісторык-архівіст, аўтар кніг «Землеўласнікі Мінскай губерні 1861—1900», «Землеўласнікі Мінскай губерні 1900—1917», выдаў кнігу вершаў — фотаальбом «Заречье. Веды Воды». Пасля Плошчы-2010 быў асуджаны за ўдзел у «масавых беспарадках» на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Выйшаў на волю ў жніўні 2011.

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0