У дачыненні да старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча складзены адміністрацыйны пратакол за ўдзел у мітынгу каля сталічнага кінатэатра «Кастрычнік» 25 сакавіка з нагоды Дня Волі.

З пратаколам палітыка азнаёмілі ў Савецкім РУУС, хоць складзены ён быў у Першамайскім РУУС. «У пратаколе гаворыцца, што я, пры адсутнасці адпаведнага рашэння Мінгарвыканкама, на пляцоўцы каля кінатэатра «Кастрычнік» узяў актыўны ўдзел у мітынгу, што выявілася ў масавай прысутнасці грамадзян і выкрыкванні лозунгаў, чым парушыў беларускае заканадаўства», — паведаміў БелаПАН Янукевіч.

Палітык абвінавачваецца па артыкуле 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), дата суда пакуль не вядомая.

Таксама пратакол за ўдзел у мітынгу каля кінатэатра «Кастрычнік» быў складзены на сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага.

З ім ён азнаёміўся сёння ў Савецкім РУУС Мінска, паведамляе прэс-служба БХД.

Рымашэўскі лічыць абвінавачванні ў свой адрас «неабгрунтаванымі і незаконнымі». «Я з'яўляўся заяўнікам мерапрыемства. Месца акцыі было дазволеным. Падчас сустрэчы з уладамі было зразумела, што арганізатары маглі размаўляць з людзьмі. Сёння ўлады ўжо нават перасталі адрозніваць афіцыйна дазволеныя і недазволеныя мерапрыемствы, складаючы пратаколы ў дачыненні да арганізатараў абодвух. Гэта сведчыць, што рэжым жыве за прававымі нормамі, жадаючы задушыць і знішчыць любыя праявы дэмакратыі ў Беларусі», — сказаў ён.

Адзначым, што пляцоўка каля кінатэатра «Кастрычнік» з'яўлялася дазволеным Мінгарвыканкамам месцам збору ўдзельнікаў акцыі з нагоды Дня Волі. Пры гэтым перад пачаткам шэсця па вуліцы Сурганава апазіцыйныя палітыкі выступалі перад прысутнымі.

Пратаколы за ўдзел у акцыі з нагоды Дня Волі былі складзеныя і ў дачыненні да іншых палітыкаў, у прыватнасці Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Анатоля Лябедзькі, Паўла Севярынца.

Аднак яны бралі таксама ўдзел ва ўскладанні кветак да помніка Янку Купалу ў аднайменным скверы, мітынгу ў ім і шэсці па праспекце Незалежнасці да кінатэатра «Кастрычнік», што не было санкцыянавана мінскімі ўладамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?