Фота: Аляксандр Васюковіч, TUT.BY

Фота: Аляксандр Васюковіч, TUT.BY

З 14 красавіка пачнуць дзейнічаць новыя правілы ў адносінах да замежных пакупак. Спецыялісты Дзяржаўнага мытнага камітэта падрабязна адказалі на пытанні чытачоў FINANCE.TUT.BY пра ліміты на пасылкі з-за мяжы.

З 14 красавіка ліміты на міжнародныя пасылкі для асабістага карыстання паменшацца: максімальная сума заказу складзе не больш за 22 еўра і вага не больш за 10 кілаграмаў. Сёння беларусы могуць бяспошлінна атрымліваць з-за мяжы пасылкі для асабістага карыстання на суму да 200 еўра на месяц (незалежна ад колькасці пакупак) і вагой да 31 кілаграма.

Калі гэты аб'ём перавышаны, то трэба плаціць увазную мытную пошліну з сумы перавышэння і мытны збор.

Што будзе з пасылкамі, якія былі замоўленыя да 14 красавіка?

Пытанне: Ці можна заказваць некалькі пасылак на месяц на аднаго чалавека, каб у сукупнасці атрымалася не больш за 22 еўра ў месяц, ці можна будзе толькі адну пасылку заказваць?

— Бяспошлінны ліміт па кошту (22 еўра), а таксама вазе (10 кг) азначае сумарную велічыню ўсіх міжнародных паштовых адпраўленняў (МПА) за каляндарны месяц. Інакш кажучы, у рамках названых нормаў можна ўвезці некалькі пасылак.

Пытанне: У які момант будзе лічыцца, што пасылка паступіла з-за мяжы — у момант паступлення на мытню або на пошту? Бо гэта, бывае, зусім розныя тэрміны. І атрымаць на пошце можна адначасова тавар, замоўлены ў розны перыяд, і не ўкласціся ў ліміт, хоць кожная асобная пасылка яго не перавышала.

— Мытнымі органамі прымаецца пад увагу дата рэгістрацыі пасылкі на складзе часовага захоўвання. Указаная дата не можа быць змененая. У адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 160 МК МС пасылкі змяшчаюцца на часовае захоўванне на працягу 3 гадзін пасля іх прад'яўлення мытнаму органу пасля прыбыцця ў месца (установу) міжнароднага паштовага абмену.

Пытанне: Ці будуць налічвацца пошліны на пасылкі, якія былі адпраўленыя, напрыклад, у сакавіку, але прыйдуць пасля 14 красавіка?

— Так, будуць, калі мытны кошт тавараў у пасылцы перавышае ўстаноўленыя нормы бяспошліннага ўвозу — 22 еўра.

Пытанне: Замоўлена тры пасылкі, іх кошт 22 еўра, 5 еўра і 1 еўра адпаведна. Усе пасылкі прыходзяць у розны час, але ў адзін месяц. Пасылку коштам 22 еўра забіраем без праблем. Што будзе з астатнімі? Якія пошліны і зборы прыйдзецца аплаціць пры атрыманні астатніх дзвюх? Канкрэтна цікавіць пытанне з мытным зборам ў 5 еўра і аплатай паслуг пошты.

— Выкажам здагадку, што агульная вага трох пасылак да 10 кг. Пасля бяспошліннай выдачы пасылкі коштам 22 еўра за наступныя пасылкі, якія паступілі ў адрас той жа фізічнай асобы, трэба выплаціць мытныя пошліны і мытны збор за ажыццяўленне мытных аперацый за кожную пасылку.

У дачыненні да другога міжнароднага паштовага адпраўлення трэба выплаціць мытныя плацяжы ў памеры каля 6,5 еўра: 5 еўра (мытны кошт тавараў) х 30% + 5 еўра (мытны збор). Сума мытных плацяжоў у дачыненні да трэцяй пасылкі складзе каля 5,3 еўра: 1 еўра х 30% + 5 еўра (мытны збор).

Пытанне: Да ўступлення ўказа ў сілу 5 красавіка я атрымаў міжнароднае паштовае адпраўленне на суму 30 еўра. Па ранейшых правілах выплачваць пошліну не трэба. А пасля 14 чысла ў красавіку мне прыйдзе яшчэ адно МПА коштам 10 еўра. Ці будзе на яго налічана пошліна? Закон не можа мець зваротную сілу і МПА, атрыманыя да 14-га красавіка, не павінны ўлічвацца ў суму 22 еўра.

— Падпунктам 1.1 пункта 1 указа № 360 прадугледжана, што перыядам ўліку фактаў перасылкі фізічнай асобе тавараў для асабістага карыстання з'яўляецца каляндарны месяц. Дадзены падыход не быў зменены указам № 40.

У названай сітуацыі да моманту ўступлення ў сілу ўказа № 40 вы ўжо атрымалі ў красавіку тавары на суму 30 еўра. Такім чынам, пасля ўступлення ў сілу ўказа № 40 вамі ўжо была выкарыстаная за красавік месячная норма ў 22 еўра і 10 кг.

«Сам нічога не купляў, сваякі даслалі падарунак»

Пытанне: Як будуць абкладацца пошлінамі, падаткамі пасылкі (падарункі) з-за мяжы (у нашым выпадку з ЗША) ад блізкіх сваякоў? На якую суму яны змогуць высылаць нам падарункі і як часта?

— Якіх-небудзь асаблівасцяў (асобых норм) па перасылцы названай катэгорыі тавараў (падарункаў) ўказам № 40 не ўстаноўлена.

Пытанне: Мае бацькі жывуць у ЗША, выйгралі Green Card, дасылаюць мне пасылку (вопратку, посуд і да т.п.), кошт рэчаў нідзе не пазначаны. Ці трэба мне плаціць пошліну, бо я ж сам нічога не купляў, валюта з краіны не вывозілася?

— Так, у выпадку перавышэння нормаў, устаноўленых указам №40. У адпаведнасці з часткай другой пункта 1 артыкула 316 МК МС падлік сум мытных пошлін, падаткаў адбываецца на падставе звестак пра кошт тавараў, указаных у дакументах, якія прадугледжаныя актамі Сусветнага паштовага саюза i выкарыстоўваюцца ў мытных мэтах.

У той жа час, у адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 361 МК МС у выпадку адсутнасці ў фізічнай асобы, якая перамяшчае тавары для асабістага карыстання, арыгіналаў дакументаў, якія пацвярджаюць звесткі пра кошт падарунку, і наяўнасці ў мытнага органа абгрунтаваных прычын меркаваць, што прадстаўленыя звесткі і (або) дакументы не з'яўляюцца праўдзівымі, мытны кошт такіх тавараў будзе вызначаны мытным органам самастойна на падставе наяўнай у яго распараджэнні цэнавай інфармацыі на аналагічныя тавары, у тым ліку на падставе дадзеных каталогаў замежных фірм, якія ажыццяўляюць рознічны продаж аналагічных тавараў.

Як будуць ацэньваць рэчы, набытыя на распродажах?

Пытанне: акцыйны тавар быў набыты за 20 еўра. Пасылка прыйшла праз два тыдні ці месяц, кошт гэтага тавару на сайце прадаўца пазначаны ўжо іншы — 35 еўра. Як мытня будзе дзейнічаць па факце ацэнкі кошту? Якія звесткі трэба прад'яўляць?

— Фізічная асоба мае права даказваць дакладнасць звестак, прадстаўленых для вызначэння мытнага кошту. Для гэтага ёй неабходна прадставіць дакументы, якія пацвярджаюць заяўлены кошт (дагавор, спецыфікацыя, рахунак-фактура, таварны чэк, квітанцыя аб аплаце).

Што рабіць, калі прадавец няправільна пазначыць кошт тавару?

Пытанне: Часам здараецца так, што кітайскі прадавец завышае кошт тавару ў дэкларацыі. Напрыклад, я купляю рэч коштам 22 еўра, г.зн. фактычна заплаціў 22 еўра — суму, якая не перавышае ліміт, а ў дэкларацыі пазначаны кошт, да прыкладу, 40 еўра. Як я змагу даказаць, што гэтая пасылка каштуе менавіта 22 еўра? Ці можна даць скрыншоты?

— Калі атрымальнік не згодны з коштам, названым адпраўніком, ён мае права не атрымліваць такое МПА і інфармаваць аператара паштовай сувязі аб неабходнасці яго вяртання ў месца (установу) міжнароднага паштовага абмену, у якім ажыццяўляўся выпуск. Пасля гэтага атрымальнік можа звярнуцца пісьмова ў мытны орган і прыкласці арыгіналы дакументаў, якія пацвярджаюць кошт тавараў у пасылцы.

Пры нязгодзе з мытным коштам, які вызначаецца мытным органам для разліку мытных плацяжоў, атрымальнік тавару мае права падаць у мытны орган дакументы, на падставе якіх можа быць вызначана мытны кошт тавару (дагавор, спецыфікацыя, рахунак-фактура, таварны чэк, квітанцыя аб аплаце і іншыя).

У якасці дадатковых дакументаў мытным органам могуць быць прынятыя інтэрнэт-каталогі з публічна размешчанай інфармацыяй аб кошце тавараў, якія перасылаюцца, раздрукоўкі старонак банкаўскіх пераводаў і іншае.

Ці можна заказваць некалькі пасылак на адзін адрас для розных людзей?

Пытанне: Хацела б удакладніць, якім чынам мытныя органы плануюць размяжоўваць атрымальнікаў? Па прозвішчу, адрасе атрымальніка, карце, з якой прайшла аплата?

— Нормы бяспошліннага ўвозу, устаноўленыя ўказам № 40, распаўсюджваюцца на тавары для асабістага карыстання, якiя перасылаюцца ў МПА на працягу каляндарнага месяца ў адрас аднаго атрымальніка, якi з'яўляецца фiзiчнай асобай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Варта ўлічыць, што паводле падпункта 2.2 пункта 2 артыкула РЭ 106 «Умовы прыёму пасылак» Рэгламенту паштовых пасылак (Акт Сусветнага паштовага саюза) у якасці адрасата можа быць пазначана толькі адна фізічная або юрыдычная асоба.

Такім чынам, адна фізічная асоба на працягу каляндарнага месяца можа атрымаць бяспошлінна МПА на суму, эквівалентную не больш за 22 еўра і агульнай вагой не больш за 10 кг, альбо некалькі МПА у месяц, калі яны не перавысяць названыя ліміты.

Пытанне: Ці не будзе лічыцца перавышэннем ліміту, калі замоўлены тавар з Кітая прыходзіць на адзін і той жа адрас на кожнага з членаў сям'і (сын 6 гадоў, мама і я). На кожнага можна заказваць на 22 еўра ў месяц?

— Названая норма разлічваецца для кожнага атрымальніка пры паступленні тавараў у яго адрас. У тым ліку і на непаўналетніх.

Пытанне: Магчымая сітуацыя, калі адна пасылка затрымаецца, а другая паступіць раней. У выніку кошт пасылак за месяц можа перавысіць 22 еўра. Ці можна неяк пазбегнуць выплаты пошліны на аснове квітанцый аб аплаце, з якіх будзе відаць, што тавар замоўлены быў у розны час і кошт замоўленых пасылак не перавышае 22 еўра на месяц?

— Заканадаўствам вызначана, што мытнымі органамі прымаецца пад увагу дата рэгістрацыі дакументаў, прадстаўленых у адпаведнасці з мытным заканадаўствам Мытнага саюза для змяшчэння такіх тавараў на часовае захоўванне. Iншы парадак вылічэння вызначанага тэрміну заканадаўствам не прадугледжаны.

Дзе аплаціць пошліны і зборы?

Пытанне. Падкажыце, калі ласка, калі пасылка ўсё ж такі перавышае кошт 22 еўра, дзе аплачваюць падатак на яе? На пошце пры атрыманні ці трэба ехаць кудысьці і плаціць?

— Мытныя плацяжы трэба аплаціць у паштовым аддзяленні, у якім будзе выдавацца міжнароднае паштовае адпраўленне. Пра неабходнасць аплаты мытных плацяжоў паведаміць аператар паштовай сувязі.

Пытанне: Замовіў знешні вінчэсцер коштам 90 даляраў (або 82 еўра). Якую пошліну прыйдзецца выплаціць у дадзеным выпадку?

— Калі кошт тавару ў МПА для асабістага карыстання складае 90 даляраў (што ў пераліку склала 82 еўра) і вага не перавышае 10 кг і на працягу каляндарнага месяца ў адрас дадзенай фізічнай асобы не перасылаліся іншыя тавары, то сума прызначаных да выплаты мытных плацяжоў будзе разлічана наступным чынам: (82 еўра — 22 еўра) х 30% + 5 еўра (мытны збор за ажыццяўленне мытных аперацый), — і складзе 23 еўра.

Пытанне: Што будзе, калі я не захачу плаціць перавышаны ліміт і забіраць пасылку?

— Пры адмове атрымальніка аплаціць налічаныя мытныя плацяжы МПА будзе вернутае адпраўніку.

Пытанне: Калі кошт пасылкі пазначаны ў расійскіх рублях, то які будзе ўзяты пад увагу курс еўра? Ці трэба будзе плаціць пошліну, калі за час дастаўкі тавару сума перавысіла бязмытны ліміт за кошт росту расійскага рубля да еўра?

— Курсы даляра ЗША і еўра да валюты дзяржавы — члена ЕАЭС прымяняюцца на дзень рэгістрацыі мытнага прыходнага ордэра.

Пытанне: Ці будуць дзейнічаць новыя ліміты на пасылкі з ЕАЭС?

— МПА, якiя перасылаюцца паміж дзяржавамі — членамі ЕАЭС, лічацца ўнутрысаюзнымі паштовымі адпраўлення і не падлягаюць мытнаму кантролю. У дачыненні да іх не здзяйсняюцца мытныя аперацыі.

Вяртанне па гарантыі. Ці трэба плаціць?

Пытанне: Цікавіць сітуацыя, калі тавар прыбывае ў неналежнай якасці і прадавец высылае тавар паўторна. Ці трэба будзе плаціць у другі раз пошліну? Напрыклад, я купіў фотаапарат за 100 даляраў з гарантыяй прадаўца 2 гады. Ён зламаўся да ўвядзення абмежавання ў 22 еўра і быў адпраўлены прадаўцу для замены або рамонту. Фотаапарат вяртаецца ў Беларусь пасля ўступлення ўказа № 40 у сілу. Ці будзе налічаны падатак?

— Выключэнняў у дачыненні да якой-небудзь катэгорыі тавараў, у тым ліку якія высылаюцца паўторна прадаўцом у сувязі з выкананнем сваіх дагаворных абавязацельстваў па гарантыйным рамонце або абслугоўванні, дадзеным указам не ўстаноўлена.

У дадзеным выпадку мытнымі органамі будзе ўлічвацца мытны кошт і вага тавараў, дастаўленых на адрас фізічнай асобы ў МПА на працягу каляндарнага месяца.

У выпадку адпраўкі тавараў для гарантыйнага рамонту або замены без наступнай выплаты ўвазных плацяжоў неабходна пацвердзіць, што менавіта гэтыя тавары былі раней ўвезеныя, і змясціць іх пад мытную працэдуру перапрацоўкі па-за межамі мытнай тэрыторыі. Пасля гэтага тавар можна аднесці на пошту для перасылкі прадаўцу.

Ці ўваходзяць у ліміт паслугі кур’ера па дастаўцы пасылкі?

Пытанне: Калі рабіць пакупку праз інтэрнэт-магазін на суму менш за 22 еўра (дапусцім 20 еўра) і вагой менш за 10 кг, але дастаўка будзе каштаваць 5 еўра, а, такім чынам, сумарна выходзіць 25 еўра, ці будзе лічыцца, што ліміт ўказу № 40 будзе перавышаны і давядзецца плаціць пошліну?

— У адпаведнасці з часткай другой пункта 1 артыкула 361 МК МС пры ўвозе тавараў для асабістага карыстання фізічнымі асобамі на мытную тэрыторыю ЕАЭС ў мытны кошт тавараў не ўключаюцца расходы па перавозцы і страхаванні тавараў да іх прыбыцця і пасля іх прыбыцця на такую тэрыторыю.

Пытанне: Прыйшла пасылка, на ёй напісана 60 еўра: тавар каштуе 32 еўра, а дастаўка — 28 еўра, вага пасылкі — 8 кг. З якой сумы будзе брацца пошліна?

— Вагавая норма бяспошліннага ўвозу (10 кг) не перавышаная. Кошт дастаўкі не ўлічваецца. Сума мытных плацяжоў, вылічаных зыходзячы з мытнага кошту, складзе 8 еўра ў эквіваленце: (32 — 22 еўра) x 30% + 5 еўра (мытны збор) = 8 еўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?