Этнографы лічаць традыцыйныя беларускія напевы найбольш старажытнымі на тэрыторыі Еўропы. «Гэта як егіпецкія піраміды, прычым многія песні — іх равеснікі», — кажа беларуска Воля Дземка, якая больш за дзесяць гадоў жыве ў ЗША.

Да прыкладу, падчас вяселля, якое магло доўжыцца два тыдні, пачынаючы сватаўством і заканчваючы святочным застоллем, выконвалася да 500 песень. На жаль, вельмі мала людзей нават у Беларусі ведаюць, наколькі старая і ўнікальная наша спеўная культура.

Воля Дземка. Фота з facebook.com

Воля Дземка. Фота з facebook.com

Спеўная традыцыя Беларусі легла ў аснову дакументальнага праекта выпускніцы Інстытута мастацтваў амерыканскага горада Сіэтла Волі Дземкі.

Воля нарадзілася і жыла ў Мінску, шмат часу праводзіла з бабуляй і дзядулем у вёсцы на Палессі. У Беларусі яна скончыла хімічны факультэт БДУ, а з 2003 года жыве ў Сіэтле. Там у 2010 годзе скончыла Інстытут мастацтваў па спецыяльнасці «камерцыйная фатаграфія», прымала ўдзел у шэрагу конкурсаў і выстаў. Працавала прадзюсарам, рэжысёрам, асістэнтам рэжысёра і аператарам-пастаноўшчыкам кароткаметражных фільмаў, рэкламных ролікаў і музычных кліпаў.

Вольга кажа, што закахалася ў народныя песні яшчэ на радзіме, калі пачула выступленне маладых дзяўчат з калектыву Guda, пасля чаго некалькі гадоў сама спявала ў яго складзе. У Сіэтле яна кіруе фальклорным калектывам Volya. Дзяўчына распавядае, што ў ЗША калектыў выступае не вельмі часта: як і ў Беларусі, культурныя праекты такога плану практычна не акупляюцца. Некалькі гадоў запар Volya выступала на адным з найбуйнейшых фолк-фэстаў Ціхаакіянскага ўзбярэжжа — Northwest Folk Festival. Паслухаць беларускую народную музыку ў асноўным прыходзяць амерыканцы, а з рускамоўных жыхароў Сіэтла прыходзяць толькі родныя дзяўчат і сябры.

«Нашы песні — гэта як піраміды для егіпцян, некаторыя з іх нават паходзяць з таго ж часу, але большасцю беларусаў успрымаюцца як нешта непапулярнае, ці «калгас». Я веру, што гэта ўсё ад недахопу ведаў, для гэтага і здымала фільм, каб распавесці людзям усяго свету пра нашы песні», — распавядае Воля.

Дзяўчына лічыць, што грэблівае стаўленне беларусаў да нацыянальнай культуры з'яўляецца штучна створаным: «Вельмі цяжка заставацца самім сабой, калі табе кажуць, што нічога каштоўнага, акрамя мяжы з суседнімі дзяржавамі, у цябе няма».

Фільм «Песні старой Еўропы — старажытныя беларускія народныя песні» стане першай працай аб беларускім фальклоры, створанай на тэрыторыі ЗША і менавіта для ангельскамоўных гледачоў. Карціна стваралася і здымалася па стандартах тэлеканалаў National Geographic і Discovery. Цяпер даступны трэйлер фільма.

У 2011 годзе Воля ненадоўга прыязджала ў Беларусь са здымачным абсталяваннем, каб адправіцца ў этнаграфічную экспедыцыю па аддаленых вёсках Гомельшчыны і Брэстчыны.

«Бабулі былі вельмі радыя, што да іх прыехала рэжысёрка з Амерыкі, а калі даведваліся, што мае бабуля і дзядуля з вёскі Вялікі Малешаў, якая знаходзілася літаральна за дваццаць кіламетраў ад іх вёскі, ганарыліся: «Наша дзяўчына!», — вспоминает Воля. — Вельмі хваляваліся, ці патрапяць яны ў фільм хаця б на пару секунд, ці пабачаць іх людзі з іншых краін. Не так даўно я тэлефанавала ў вёску Дзятлавічы і даведалася, што за апошні год ажно два мае спеўныя анёлы сышлі ўжо ў іншы свет».

Фальклорны гурт «Світанак», в. Дзятлавічы, Лунінецкі р-н. Брэсцкай вобласці

Фальклорны гурт «Світанак», в. Дзятлавічы, Лунінецкі р-н. Брэсцкай вобласці

Фільм зняты па канонах дакументальнага кіно, але стваральнікі абяцаюць здзівіць гледачоў анімацыяй і камп'ютарнай графікай. Частка здымак праходзіла на поўначы Ціхаакіянскага ўзбярэжжа ЗША. Там шукалі пэўныя месцы, якія нагадвалі б беларускую прыроду. Таксама ў карціне будуць прадстаўленыя ўнікальныя архіўныя кадры пачатку і канца 20 стагоддзя і экспедыцыйныя хронікі 90-х.

Першы амерыканскі фільм пра беларускі фальклор можна лічыць народным і міжнародным. На яго стварэнне ахвяравалі і дапамагалі людзі з розных куткоў Беларусі і Амерыкі. Каб скончыць яго вытворчасць, Воля ўклала свае зберажэнні, якія збірала, працуючы перакладчыкам у кампаніі Майкрасофт, і ўзяла крэдыт у банку.

«Колькі нам яшчэ гадоў засталося? Мабыць, 10, можа, 15, покуль сыдуць апошнія нашы бабулі, а разам з імі песні, — лічыць Воля. — Гэты фільм і ўвогуле гэты праект з такіх, якія робіш, таму што не рабіць немагчыма, а часу застаецца ўсё менш».

Падчас мантажу фільма былі выкарыстаныя 102 музычныя кампазіцыі і песні. У стварэнні 60-хвіліннай карціны прымалі ўдзел заснавальнік групы «Троіца» Іван Кірчук, лідар гурту «Палац» Алег Хаменка, беларускія навукоўцы Акадэміі навук і мноства беларускіх народных музычных калектываў.

Ева Паўлаўна Прыходзька (1932 г. н.) і Ганна Іванаўна Сакалоўская (1935 г. н.), в. Іванава Слабада, Лельчыцкі р-н

Ева Паўлаўна Прыходзька (1932 г. н.) і Ганна Іванаўна Сакалоўская (1935 г. н.), в. Іванава Слабада, Лельчыцкі р-н

Амерыканская прэм'ера фільма прызначаная на 9 красавіка, пасля чаго аўтары плануюць адправіць яго для ўдзелу ў фестывалях. Распаўсюджвацца фільм будзе па прынцыпе «Назаві сваю цану»: гледачы змогуць спампаваць фільм як бясплатна, так і ўнесці любую суму падчас запампоўкі. Фільм выйдзе на англійскай і беларускай мовах з рускімі субтытрамі.

Воля распавядае, што ад першых гледачоў атрымала вельмі пазітыўныя водгукі. Замежнікам падабаюцца незвычайныя для іх вуха народныя беларускія гармоніі. І кажуць, што вельмі пазнавальна, бо многія да знаёмства з Воляй і гэтым праектам не ведалі, што ёсць такая краіна. Дзяўчына спадзяецца, што фільм будзе паспяховым і гэта дазволіць ёй часцей прыязджаць у Беларусь.

Падтрымаць праект можна на афіцыйным сайце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?