На тэрыторыі Латвіі ў на шэсць месяцаў будзе забароненая рэтрансляцыя і распаўсюджванне праграм расійскага тэлеканала «Расія-РТР». Такое рашэнне ў чацвер, 7 красавіка, прыняла Нацыянальная рада электронных СМІ, паведамляе Delfi.lv.

Гэта рашэнне набудзе моц пасля публікацыі ў газеце Latvijas Vēstnesis.

Рада канстатавала, што на працягу 2015 года перадачы «Расіі-РТР» неаднаразова парушалі Закон аб электронных сродках масавай інфармацыі і дырэктыву ЕС аб аўдыёвізуальных паслугах.

«Мы ўжо аднойчы закрывалі гэты канал (у 2014 годзе), цяпер закрываем другі раз. У мінулы раз яны не выконвалі заканадаўства Латвіі, а цяпер — заканадаўства ЕС. Гэта сур'ёзныя парушэнні: заклікі да вайны і распальванне нянавісьці», — распавяла кіраўнік нацыянальнай рады Латвіі па электронных СМІ Ая Дулеўска.

Першае парушэнне, па словах Дулеўскай, было зафіксавана ў перадачы «Нядзельны вечар з Уладзімірам Салаўёвым». На працягу ўсёй перадачы неаднаразова паўтаралася, што «Украіна — тэрыторыя, акупаваная нацыстамі і фашыстамі, з імі немагчымы дыялог, таму што Украіна — гэта агрэсар».

Другі сюжэт, які выклікаў незадаволенасць рэгулятара, меў дачыненне да Латвіі.

«У знявечаным выглядзе быў паднесены аповед пра тое, што руская меншасць у Латвіі знаходзіцца пад пагрозай, а латышская маці можа біць рускае дзіця толькі таму, што яно — рускае дзіця, — распавяла Дулеўска. — Далей было тлумачэнне: амерыканцы гэта падтрымліваюць, таму што хочуць атрымаць падставу ўвесці ў Латвію танкі».

Трэцім эпізодам, што выклікаў незадаволенасць улад, стаў яшчэ адзін выпуск «Нядзельнага вечара з Уладзімірам Салаўёвым». У ім гаварылася пра тое, што «на Турцыю трэба нападаць хутка, знішчыць яе з космасу, таму што Турцыя рыхтуецца захапіць Каўказ», патлумачыла Дулеўска.

Латвія атрымала дазвол ад Еўракамісіі закрыць тэлеканал ужо пасля другога парушэння, аднак рада прыпыніла вяшчанне толькі пасля трэцяга.

«Любая забарона — сведчанне слабасці, — заявіў кіраўнік дырэкцыі міжнародных адносін холдынгу ВДТРК Пётр Фёдараў. — Нацыянальны рэгулятар, па сутнасці, спрабуе прымусіць ВДТРК цэнзураваць свае праграмы». На думку Фёдарава, гэтая забарона супярэчыць еўрапейскім нормам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0