Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле смяротны прысуд жыхару Вілейкі Генадзю Якавіцкаму. Такое рашэнне прынятае 8 красавіка калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда паводле вынікаў разгляду скаргі Якавіцкага.

Фота Tut.by

Фота Tut.by

5 студзеня 2016 года 48-гадовы Якавіцкі быў прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве сужыцелькі і Мінскім абласным судом прыгавораны да выключнай меры пакарання. Згодна з версіяй следства, ён нанёс прыблізна 46 удараў жанчыне, з-за чаго тая памерла на месцы злачынства. Канфлікт здарыўся на глебе рэўнасці. І Якавіцкі, і загінулая знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Паводле слоў абвінавачанага, напярэдадні яны выпілі некалькі бутэлек гарэлкі.

Якавіцкі прызнаў, што нанёс не больш за пяць удараў, аднак сведкі ў судзе першай інстанцыі заяўлялі, што бачылі, як ён ударыў пацярпелую 10-12 разоў. Абвінавачаны таксама настойвае, што ў яго не было матыву на забойства. Ён лічыць, што сужыцелька загінула па віне іншага чалавека, асоба якога судом і следствам не ўстаноўленая.

Адвакат Вольга Крамко звярнула ўвагу на тое, што суд неналежным чынам вывучыў матэрыялы экспертызы, згодна з якой пад пазногцямі забітай быў знойдзены біялагічны матэрыял не толькі Якавіцкага, але і іншай, неўстаноўленай, асобы мужчынскага полу. Акрамя таго, на месцы злачынства не знайшлі адзення сужыцелькі абвінавачанага.

Характэрна, што ў пачатку 1990-х гадоў Якавіцкага ўжо прыгаворвалі да смяротнага пакарання, але тады выключная мера была замененая яму на 15 гадоў пазбаўлення волі — максімальны на той момант тэрмін зняволення.

Зараз за забойства пры абцяжарвальных абставінах акрамя смяротнага пакарання прадугледжанае пазбаўленне волі да 25 гадоў і пажыццёвае зняволенне.

Якавіцкі быў судзімы пяць разоў: двойчы за забойства, а таксама за групавое згвалтаванне, нанясенне лёгкіх і цяжкіх цялесных пашкоджанняў, нявыплату аліментаў.

«Пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі гэтую асобу ўжо не выправіць, — заявіла ў судзе дзяржабвінаваўца. — Як бы сумна гэта ні было, але ў гэтым выпадку смяротная кара з'яўляецца справядлівым пакараннем». Адвакат жа мяркуе, што, улічваючы наяўнасць не высветленых акалічнасцяў па гэтай справе, выключная мера пакарання да яе падабароннага не можа быць прымененая. Вярхоўны суд палічыў аргументы абвінавачання больш пераканаўчымі, пакінуўшы ў сіле прысуд аб выключнай меры пакарання.

У Якавіцкага ёсць права звярнуцца з просьбай аб памілаванні на імя прэзідэнта, а таксама ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Нагадаем, 29 сакавіка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле яшчэ адзін смяротны прысуд — жыхару Лідскага раёна Гродзенскай вобласці Івану Куляшу.

Беларусь застаецца адзінай у Еўропе краінай, дзе да гэтага часу прымяняецца смяротнае пакаранне. З моманту незалежнасці краіны да расстрэлу былі прыгавораныя больш за 400 чалавек, прэзідэнт памілаваў з іх ліку толькі аднаго асуджанага. Пасля вынясення кожнага смяротнага прысуду Рада Еўропы, Еўрасаюз і праваабарончыя арганізацыі заклікаюць беларускія ўлады адмовіцца ад прымянення смяротнага пакарання і абвясціць мараторый на гэты від пакарання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?